Николай Статкевич. Фото: @maryna.adamovic
Мікалай Статкевіч расказаў, як у калоніі яго пазбавілі неабходных лекаў і аказвалі ціск, змяшчаючы ў штрафны ізалятар.
У тэлеграм-канале @statkevichm ён расказаў, што яго шэсць разоў запар на шэсць месяцаў змяшчалі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — «камера памерамі 1×3 метры, з “прагулкамі” па паўгадзіны ў дзень у ненашмат большай амаль глухой металічнай скрыні пад металічным дахам са штучным асвятленнем нават днём». Акрамя гэтага, адзін-два разы на месяц яго кідалі ў ШІЗА.
«Такога там яшчэ не рабілі ні з кім. Дасведчаныя арыштанты казалі, што мяне “умертвляют, типа, по естественным причинам”. Да таго ж, поўная адсутнасць звестак з волі пра блізкіх, а Марына тады цяжка і небяспечна хварэла, таксама моцна ціснула. Даходзіла да таго, што адзін з кіраўнікоў установы праз іншага арыштанта перадаваў мне “гуманную” прапанову: самому папрасіцца ў “крытую” турму, дзе ўмовы непараўнальна мякчэйшыя. Я рэзка адмовіўся, бо ў гэтых месцах любая праява слабасці толькі правакавала б узмацненне ціску», — напісаў Статкевіч.
Для падтрымання здароўя Статкевіч шмат хадзіў па камеры і рабіў практыкаванні.
«Так што, я захоўваў неблагую для такіх умоў і трох ковідаў форму. Прынамсі, на “рывок” на мяжы сіл хапіла. Але падчас адмовы ад дэпартацыі выдатна разумеў, што мяне на волю проста так не адпусцяць, і рыхтаваўся да горшага», — адзначыў Статкевіч.
Пасля няўдалай спробы выдварыць Статкевіча з краіны ў верасні 2025 года яго зноў змясцілі ў калонію, але перасталі перадаваць медыцынскія бандэролі з лекамі, у тым ліку прэпарат супраць утварэння тромбаў «Ксарэлта», які яму прызначылі пасля ковіду. Статкевіч лічыць, што да інсульту яго давялі наўмысна.
«Мне сказалі, што будуць выдаваць свае “аналагі”. Так, напрыклад, прафілактычны сродак ад тромбаўтварэння ў крыві “Ксарэлта” замянілі на аспірын. Потым, у турэмных бальніцах дактары дружна кпілі, чамусьці з мяне, з-за гэтай замены і казалі, што такая замена пры пасляковідных праблемах недапушчальная, што гэта яна і выклікала ў мяне інсульт. Такім чынам, у мяне ёсць усе падставы лічыць, што гэты інсульт быў справакаваны штучна і наўмысна», — заявіў палітык.
Статкевіч адзначыў, што турэмныя лекары зрабілі ўсё, каб мінімізаваць наступствы інсульту.
«Ён не закрануў ніводнай з фізічных функцый майго арганізма, акрамя маўлення. Зараз я адчуваю сябе добра, ціск – пастаянныя для мяне 120/80. Зноў пачаў заняткі фізкультурай», — напісаў Статкевіч.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года ён увайшоў у лік 52 палітвязняў, якіх павінны былі вывезці ў Літву, аднак адмовіўся пакідаць Беларусь і выбег з аўтобуса. Пасля гэтага яго некалькі месяцаў утрымлівалі ў турме ў Глыбокім — пра гэта стала вядома толькі пасля яго вызвалення 19 лютага. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана маўленне. Зараз Статкевіч знаходзіцца дома ў Мінску, аднак дакументы яму да гэтага часу не выдадзены, яго прававы статус застаецца нявызначаным.