«Адчуванне, што цябе сціраюць гумкай»: выходзіць кніга Ігара Карнея пра катаванне адзінотай

Беларускае незалежнае выдавецтва SVIEDKI абвясціла пра запуск папярэдняга заказу на кнігу журналіста, былога палітвязня Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаванне адзінотай». Пра гэта паведаміла культурная дзяячка і старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай, якая курыруе выданне.

Выхад кнігі ў свет запланаваны на 20 жніўня. Да гэтага дня набыць выданне можна па спецыяльным промакошце, пасля чаго цана вырасце. Дастаўка ажыццяўляецца па ўсёй Еўропе.

Пра што кніга?

Выданне – гэта не толькі асабістыя ўспаміны аўтара, а глыбокае даследаванне механізмаў расчалавечвання і адначасова хроніка захавання годнасці. Ігар Карней апісвае свой шлях праз следчыя ізалятары, калоніі, ШІЗО і ПКТ у сучаснай Беларусі, аналізуючы бязлітасную сістэму псіхалагічнага прэсінгу:

«Цынічныя турэмнікі ведаюць, што сапраўдны гвалт не ў болю, не ў кайданках, не ў крыках. Найбольш эфектыўны прэсінг – прымусіць вязня існаваць у свеце, дзе няма нікога, акрамя яго самога… У гэтым катаванні няма крыві, няма паламаных костак. Але ёсць нешта горшае: адчуванне, што цябе сціраюць гумкай, пакуль ты не перастанеш існаваць нават ва ўласнай галаве».

Заснаванае на асабістым досведзе, сведчаннях іншых палітвязняў і каментарыях спецыялістаў, кніга робіцца важным дакументальным сведчаннем пра рэпрэсіі ў Беларусі і цану чалавечай годнасці.

Пра аўтара і выдавецтва

Ігар Карней — беларускі журналіст і эсэіст, які шмат гадоў супрацоўнічаў з «Радыё Свабода» і іншымі незалежнымі СМІ. У ліпені 2023 года быў затрыманы, а пазней асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываваным абвінавачанні. У чэрвені 2025 года выйшаў на вольнасць і выехаў з краіны.

Выдавецтва SVIEDKI спецыялізуецца на дакументальнай літаратуры, хроніках сучаснай гісторыі, мемуарах і нон-фікшн пра рэпрэсіі ды барацьбу за правы чалавека. Раней у выдавецтве выйшла рэзанансная кніга Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу ў фактах і дакументах».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!