Бабарыка будзе працаваць над пабудовай нерасійскай, бяз’ядзернай і дэмакратычнай Беларусі

Віктар Бабарыка сёння раніцай апублікаваў пост, у якім расказаў, чым мае намер займацца далей, а таксама абазначыў сваю мэту — нерасійская, бяз’ядзерная і дэмакратычная Беларусь.

Віктар Бабарыка адзначыў, што не будзе пісаць вялікі тэкст, ён таксама не гатовы прадставіць “падрабязную дарожную карту” сваіх крокаў, але хацеў бы апісаць мэту і магчымасці яе дасягнення. Паводле яго слоў, ён толькі абазначыць стартавую кропку, з якой выйдзе да людзей.

Ён таксама падкрэсліў, што пост не з’яўляецца палітычнай заявай.

“Адразу агаваруся: гэта не палітычная заява і не рашэнне «застацца» ў палітыцы”, — напісаў ён.

Бабарыка апісаў сваю ролю як менеджара.

“Я — менеджар, і калі я нешта і ўмеў, то гэта прапаноўваць бачанне будучыні, структураваць і фарміраваць шляхі руху да пастаўленай мэты, ацэньваць і знаходзіць рэсурсы для гэтага (людзей, фарміраваць каманды і інструментарый і г.д.), арганізоўваць працу, ажыццяўляць кантроль за ходам выканання, уносіць патрэбныя карэкціроўкі, прадстаўляць справаздачу аб дзейнасці тым, хто даў мне магчымасць спрыяць дасягненню ўзгодненых мэт”, — напісаў ён.

Бабарыка абазначыў сваю мэту як “Нерасійская”(незалежная) бяз’ядзерная дэмакратычная Беларусь — неабходны элемент бяспекі Еўропы”. Ён таксама растлумачыў, што ўкладае ў гэтыя паняцці.

«Нерасійская» — практычна поўная залежнасць Беларусі ад сыравінных рэсурсаў Расіі і ўвядзенне санкцый з боку развітых краін за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, што прывяло да таго, што наша прадукцыя прадаецца ў асноўным на рынках «усходняга брата», істотна абмяжоўвае наш суверэнітэт і магчымасць жыць так, як мы хочам, а не на карысць кагосьці іншага.

«Бяз’ядзерная» — выключэнне з канстытуцыі артыкулаў аб бяз’ядзернасці і нейтральнасці нашай краіны фактычна прывяло да таго, што на нас павесілі «пояс шахіда» ў выглядзе «Арэшніка», пульт ад якога знаходзіцца ў руках Масквы. А таксама зрабілі краіну ворагам для нашых суседзяў і ўсёй Еўропы. Як вынік нас успрымаюць як пагрозу, а не дружалюбную нацыю. А гэта не вельмі спрыяе росквіту і паляпшэнню ўмоў жыцця кожнага чалавека.

«Дэмакратычная» — краіна, якая мае магчымасць выбіраць свой шлях развіцця шляхам фарміравання бачання гэтага шляху ўсімі грамадзянамі, а не толькі тымі, хто лічыць, што мы яшчэ не дараслі да здольнасці гэта рабіць і яны адны ведаюць, што гэтаму «народцу» трэба. Мы павінны пабудаваць краіну, у якой народ фарміруе патрабаванні да ўлады для дасягнення дабрабыту людзей, а не ўлада камандуе, што і як нам рабіць для захавання самой сябе”, — гаворыцца ў запісе.

Віктар Бабарыка прызнаў, што сёння сітуацыя выглядае дрэнна, але не з’яўляецца безнадзейнай.

“Ці можна «з’есці гэтага слана адразу і цалкам»? У адрозненне ад 20-га года, калі мы былі вельмі блізкія да таго, каб пачаць гэта рабіць і ў нас быў выразна ўсвядомлены час і інструменты, якія патрэбныя для гэтага, то цяпер сітуацыя выглядае значна горш. Але я не лічу яе безнадзейнай.

Менавіта таму я займаўся і буду займацца выбудоўваннем такой краіны, незалежна ад сферы, дзе мае намаганні будуць запатрабаваныя”, — заключыў ён.

Пост быў напісаны ў дзвюх версіях: на рускай і беларускай мовах.

Трэба адзначыць, што напярэдадні ў Берліне адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай і яе дарадцаў з Віктарам Бабарыкам і Марыяй Калеснікавай. Абмяркоўвалася стратэгія далейшых дзеянняў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!