Axios напісаў пра кантакты паміж ЗША і Іранам

Выданне Axios паведаміла пра кантакты паміж спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы. Яно спасылаецца на амерыканскага чыноўніка і крыніцу, знаёмую з сітуацыяй.

Паводле інфармацыі выдання, Аракчы накіраваў Уіткафу паведамленні, у якіх ішла гаворка пра спыненне вайны.

Пасля публікацыі матэрыялу Axios іранскі міністр абверг інфармацыю ў сетцы Х. Ён напісаў, што яго апошні кантакт з Уіткафам адбыўся “да таго, як яго працадаўца прыняў рашэнне сарваць дыпламатыю яшчэ адным незаконным ваенным нападам на Іран”.

“Любыя сцвярджэнні пра адваротнае, відавочна, накіраваны выключна на тое, каб увесці ў зман нафтавых трэйдараў і грамадскасць», — дадаў міністр.

У сваю чаргу амерыканскі чыноўнік заявіў выданню, што, абвяргаючы кантакты, Аракчы хлусіць.

Між тым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў цэлым ён не супраць перамоў, аднак не разумее, з кім іх весці, бо не зразумела, хто прымае рашэнні ў Іране.

«Яны хочуць заключыць здзелку. Яны размаўляюць з нашымі людзьмі… у нас ёсць людзі, гатовыя весці перамовы, [але] мы паняцця не маем, хто яны», — заявіў Трамп журналістам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!