Апошні герой танцпола. Кузьміч як воля і ўяўленне

Reform.news у новым годзе працягвае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў мы спрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы.

Нарэшце, у межах нашага праекта выходзіць тэкст, які многія чакалі — аналітыка пра мастацкія практыкі Аляксея Кузьміча. Журналіст і аналітык Максім Жбанкоў уключае беларускага акцыяніста ў шэрагі «новых прапашчых», даючы ацэнку і актуальнаму культурнаму полю.

Калаж: Ірына Арахоўская.

Максім Жбанкоў — культуролаг, кінааналітык, журналіст, выкладчык. Аўтар публікацый і праграм па пытаннях сучаснай культуры ў шматлікіх незалежных медыях: «Радыё Свабода», «Радыё Рацыя», «Наше мнение». Неаднаразовы фігурант «чорных спісаў» мясцовага і рэспубліканскага значэння. Аўтар відэаблога «Шокінг Культ», праектаў «Сто год беларускаму кіно», «Скучное старьё», «Шокинг-гайд» ды іншых. Аўтар кніг «No style. Белкульт между Вудстоком и Дажынкамі» (2013), «SloMo: Хатняя крытыка культурнага дызайну» (2021).

***

Хочаш сапраўднага? Дарэмна. Ёсць падазрэнне, што мы даўно ў танным кіно з кааператыўных 1980-х. Дзе Тэрмінатар з Рабакопам, дзёрзкая памада, пафасны троп, вялікія ствалы і гугнявы сінхрон. Дзе ўвесь бюджэт з’еў піяр, наратыў у коме, метраж умоўны, дыялогі піша касавокая шымпанзэ. А кастынг з тых, каму больш няма куды падзецца. Шчасце — што тваю плёнку не зажаваў відак. Удача — разжыцца новым стар’ём. І яшчэ: прагрэсу не існуе. Ёсць толькі зваротная перамотка.

Белкульт, якім мы яго ведалі, скончыўся летам 2020-га. Багемнае шоу лакальнага крэатыву выйшла насустрач шумавым гранатам, каб даказаць сваю поўную бездапаможнасць перад абліччам татальнага трындзяцу. Тое, што ўдалося вывезці ў ручной паклажы і схаваць у хатніх закатках, і раней важыла няшмат у параўнанні з Ганнай Асці і Тэйлар Свіфт — а цяпер і ўвогуле абясцэнілася перад абліччам нядаўніх гастроляў Radiohead. У асартыменце роднага пост/постмадэрну — тэхна-этна, турэмная лірыка, сланы і харавыя практыкаванні. Нацыянальная ідэя скача па нашых падворках, як курыца з адсечанай галавой.

Глабальных тлумачалак не відаць. Сур’ёзных прагнозаў — нуль. Карты хлусяць. Праекты не заходзяць. Горш за непрадказальную будучыню — толькі раптоўнае сучаснае.

Вось і будзь пасля гэтага артыстам.

Новыя прапашчыя

Аператыўны дыягназ культурнага поля — крызіс канцэптаў і фармальны раздрай. Лячыць і ратаваць тут увогуле няма чаго: учарашняе згарэла ўчора. Засталася масоўка без мэты і алібі. Аднімі з навіннай стужкі палітыку — і што застанецца? Навіны заапарка і прыгоды манікюршчыц. Лапікавае асяроддзе недабудаванай нацыі гуляе на паніжэнне. Яно жыве абрыўкамі ранейшых ідэй і сітуацыйнай падладкай пад культурныя нормы боку, што прымае. Абодва варыянты другасныя і дэфектныя.

Фота зроблена пасля двухтыднёвай галадоўкі ў французскім Дэпартацыйным цэнтры для замежнікаў, у які мастак быў змешчаны пасля акцыі “Рэнесанс”. Photo: Jan Schmidt-Whitly.

Агульная разгубленасць — звычайная справа. Аператыўны маркетынг — улюбёны занятак. Жыць пафас удаецца з цяжкасцю. Марыць краіну ўжо стаміліся. Паскарацца няма куды і няма з кім. Нават прадацца як след няма дзе.

Новы айчынны крэатыў — чарговае страчанае пакаленне. Тут не пра ўзрост. Тут пра статус. Пра тых, хто стаў заўважны пасля парадку.

Хто ў абойме? Анархічны літаратар Дудко. Флегматычны панк-рэжысёр Сямашка. Псіхадэлічны рокмэн Лянкевіч. Гатычная артыстка Цемра. Поп-культурны мастак Восіпаў. Візуальны хуліган Кузьміч. І іншыя кашмары вашых біенале.

Асаблівыя прыкметы — выпадкова мабільныя. Эвакуанты і партызаны. Дзеці вайны, інваліды свабоды, харызматыкі без прычын. Гензель і Грэтэль у архіве культурных паталогій.

Іх аб’ядноўвае ўнутраная раз’яднанасць. Яны слаба патрэбныя адно аднаму і яшчэ менш — краіне. Іх агульны статус — дзёрзкі аўтсайдар. Раскіданы будаўнічы матэрыял немагчымай нацыі. Абазначым гэты слаўны люд максімальна нястрога — як «новых прапашчых».

Пасля/слоўе

«Новыя прапашчыя» відавочныя як факт, але слаба паддаюцца фармалізацыі. Бо смерць ранейшага белкульта знішчыла і яго слоўнік. Контркультура? Міла, але не тое: маем эстэтычныя доследы, але без пошуку альтэрнатыўнай сацыяльнасці і экзістэнцыйнага праграмавання. Андэрграўнд? Тое ж міма: няма сістэмнага апанента — індустрыяльнага мэйнстрыму з выразным наборам базавых каштоўнасцяў. Альтэрнатыва? Але як яе вылучыць у плыні эвакуацыйна-аварыйна-інерцыйна-хаатычных практык наяўнага белкульта?

Фотадакументацыя акцыі «Рэнесанс», 2024 год.

Авангард? Зноў не тое. Авангардызм — гэта грымучая сумесь ідэйнай упёртасці, палітычнага радыкалізму, месіянісцкіх комплексаў, творчых амбіцый і бязбашанных арт-практык. Каб з культурай здарыўся авангард, патрэбна зусім няшмат: грамадства, здольнае змяняцца. Адладжаная механіка ратацыі культурных узораў. І адэкватны чалавечы рэсурс — банда арт-дыверсантаў з дызайнам будучыні ў кішэні.

Для нашых «прапашчых» няма ні сацыяльнага запыту, ні механікі, ні рэсурсу. Уласна, няма ні краіны, ні культуры. Ёсць ломка сэнсаў і попел чужых рэвалюцый.

Іх ніхто не хацеў. Яны проста здарылася — бо здарыўся сучасны час.

Усё не так. Усе не там. Трэба тэрмінова адкапаць Ван Гога. Або хаця б паклікаць Кузьміча.

Алекс супраць Юстаса

Аляксей Кузьміч важны для наяўнага белкульта як эфект і дыягназ. Бо ў яго мяцежнай дзейнасці выразна бачныя ўсе асаблівыя рысы айчыннага культур-актывізму перыяду паўраспаду.

Першае: пры ўсёй сваёй эпатажнай рыторыцы Кузьміч глыбока і паслядоўна традыцыйны. Яго мэта — не злом матрыц, а наіўнае вяртанне асноваў. Рэанімацыя арта як небяспечнай справы, за якую артыст плаціць (пры адсутнасці іншых рэсурсаў) сваім целам, жыццём або лёсам. Але тут ужо занадта цесна для новых кадраў. Як быць пасля Абрамовіч, Паўленскага і іншых герояў радыкальнай цялеснасці, што вычарпалі ліміт фізічнага акцыянізму? Сысці ў віртуал? Трансфармавацца ў сеткавага супергероя? Стаць коміксам або збоям праграмы? Кузьміч заняты канцэптуальнай перазагрузкай. Але застаецца закладнікам калектыўнага досведу. Ён не рэвалюцыянер, а трыкстэр. Скамарох гаспадара бога на палях бясконцай расы.

Другое: нармальны беларускі артыст — прадукт сацыяльнай стагнацыі. Ён інфармацыйна перагружаны і змястоўна недакормлены. Жыве адначасова ў культурным архіве і ў сеткавых эскападах. Ні тое, ні другое як след не зразумета і схоплена наспех.

Фотадакументацыя акцыі «ТранСССРверсія: далікатэс для асвечанага едака, або Кан’юнктура». Венецыянская біенале, 2022 год.

Яго свет завіс на стадыі першаснай загрузкі, дзесьці паміж безумоўным Ван Гогам і ўмоўным «Сектарам Газа» з дадаткам асабістых амбіцый, багемнага падполля і вінтажнага сітуацынізму. Працоўны статус — вечны падлетак. Гіперактыўны другакурснік з чужымі канспектамі і разматаным слоўнікам.

Такі актар хаатычна адукаваны, ментальна залежны ад свайго лапікавага досведу, эмацыйна нестабільны і фатальна другасны ў эстэтычным выбары — уключна з уласным публічным пазіцыянаваннем і дызайнам крэатыўных акцый. Ён здольны толькі на тое, чаму навучаны шумавым культурным асяроддзем і дэфектным адукацыйным рэсурсам. Што робіць любы яго жэст прынцыпова неперакладальным на працоўныя мовы глабальнага культурнага поля.

Найлепшы адрасат Кузьміча — сам Кузьміч. Астатнім патрэбныя тлумачэнні і каментары. Так з’яўляюцца тэксты: кнігі, артыкулы, маніфесты. Жыццё артыста кладзецца ў словы. Што, зрэшты, ніяк не гарантуе поспеху чарговага дзёрзкага прадпрыемства. І мала што дадае да рэпутацыі аўтара, заснаванай на метадычным канструяванні публічных скандалаў.

Для сябе ты мастак. А для нервовых экспертаў і паспешлівай масоўкі — чарговы клоўн у глабальным шапіто.

Трэцяе: нават у спробах мецяжу «новы прапашчы» невыкараняльна канвенцыйны. Кузьміч у сваім самурайскім маршы залежны адразу ад усіх: беларускага Мінкульта і парыжскіх клашараў, Паўленскага і Даліды, актыўных журналістаў і бяздушных крытыкаў, заходніх (ня)донараў, музейных практык, французскай паліцыі, Ван Гога, еўрапейскага авангарду, Марыны Абрамовіч, палітычных інстытуцый, могілкавых парадкаў, недачытанага Лімонава, непрачытанага Гесэ, грамадства спектаклю, Эдыт Піяф і ўсёй сусвету супергерояў Marvel. Бо для «прапашчага» адзіны шлях трапіць у зорны каталог — гэта яго скрасці і прысвоіць.

Фотадакументацыя акцыі «Імітацыя», 2021 год. Фота: facebook.com/kuzmich.alexei.

Чацвёртае: Кузьміч татальна крытычны, але пры гэтым цалкам законапаслухмяны. Ён ні з кім. Ён нічый. Але гатовы растлумачыць сістэме, як ёй жыць далей. Амаль «Сямнаццаць імгненняў вясны»: Алекс піша Юстасу. Пра тое, што быць Юстасам-Шцірліцам — канцэптуальная памылка.

Бо артыст — не службіст, а бунтар. Усюды і заўсёды. У любое надвор’е. Які яшчэ Лукашэнка? Якія рэвалюцыі? Гэта ўсё прыватнасці і эпізоды. Пражыта. Адпісана. Хопіць. Аўтара не задавальняе ўлада ў прынцыпе. Ён палітычны? Так, як цагліна ў вітрыну. І гэтак жа бескарысны. Скразное адмаўленне дыктату сістэмы толькі падкрэслівае яе значнасць. Хуліган — таксама частка спектаклю.

І калі ты, раскінуўшы рукі, граеш у Хрыста на нічыйнай паласе паміж чорным АМАПам і хаосам пратэсту, у тваёй оптыцы абодва бакі люструюць адно аднаго. І абодва жывуць у кіно. Кожны — у сваім.

Пятае: дао выпускніка закрытага грамадства аўтарытарнай загартоўкі — рух сэканд-хэнд, каментары і перашыўкі. Ён навучаны чытанню. Але слаба прыдатны да пісьма. Не прызвычаены да свабоды. Жыве гіперспасылкай у чужых палях. Дзе ты — інтэрвент з дваровай тэмай «з кім бы пабіцца». Сюжэт запускае канфлікт? Акей, патрэбны скандальны спарынг. Пажадана з кімсьці гучным і мёртвым. На шчасце, у Парыжы іх багата.

Уласна, тут і хаваецца галоўны падвох: свой статус глабальнага нонканфарміста (што б гэта ні значыла) Аляксей Кузьміч будуе праз дыверсійныя ўварванні ў цалкам легітымныя (ужо адбудаваныя) культурныя парадкі. Але па факце ўпісвання бескампрамісны чужак можа выявіцца там толькі жартам. Не партнёрам, а прыколам. Дробным дадаткам. Як дзіця, што ўручную размалёўвае малюнкі ў падоранай дарослай кнізе.

Як голы зад на мосце над Нямігай. Або мігрант, што дамалёўвае яйцы Вандомскай калоне.

Пыхнуў. Дзёрнуў. Уцёк. Вярнуўся ўвесь у белым. Паклікаў мінакоў у артысты.

Стрыт-смарт-стайл. Практыкі крэатыўнага бамжавання.

Соры, гайз. Іншых місій у нас для вас няма.

Скрыншот з відэазапісу акцыі «Транзіт, або Зад назад / Transit, or Ass backwards», 2023 год.
Скрыншот з відэазапісу акцыі «Прышэсце 2. Апакаліпсіс». Другая частка акцыі «Веру, ці Філістэрскі свет палітычных жывёл», 2020 год.

Фатальна наш

Страчанаму пакаленню белкульта няма чаго сказаць пра сваю адпалаючую краіну. Для іх не прыдумана будучыня. І незразумелае сучаснае. Прасцей з мінулым: там можна рыфмавацца адразу з усімі — ад Жанэ, Арто і Бойса да Дэвіда Лінча, Букоўскі і японскага псіхадэлу.

Без асаблівых надзей. Без кар’ерных ліфтаў і доўгатэрміновых задач.

Тут няма ні цудаў дызайну, ні дваравога запалу, ні палітычных экстазаў, ні звар’яцелай футуралогіі. Ёсць аскепкі лёсу. І яшчэ спрэчны дар спатыкацца і падаць.

Вельмі наш. Непапраўна беларускі.

«Новыя прапашчыя» з’явіліся няўчасна — у эпоху агрэсіўнага спажывальніцтва і вяртання аўтарытарызму, у сітуацыі ідэйнага ступару і маніпуляцый сэнсамі, на хвалі распаду сусветнага парадку, ракетных удараў, інфармацыйных фантомаў і агульнай стомы ад зменаў. Яны прыйшлі ў запаволены свет пасля супу «Кэмпбел» — дзе даўно пражыты ўсе культурныя рэвалюцыі і адыграныя ўсе вар’яцтвы. Выпрабавана ўсё (не)магчымае, раздадзены ўсе сланы і насарогі, запушчаны механічны балет, гуманізм вычарпаўся, няма веры лідарам.

І калі ты робіш мастацтва — гэта ўвогуле яшчэ нічога не значыць.

На гэтым фоне лінія публічных атракцыёнаў Аляксея Кузьміча выглядае як капрызы малалеткі, які праспаў Каляды і патрабуе паўтарэння банкету. Ён максімальна шчыры. Безумоўна таленавіты. Азартны і гарачы. Але як эвакуант з балотнай дыктатуры слаба сумяшчальны з агульным духам часу, актуальнымі культурнымі кодамі і ўстройствам арт-рынку.

Што адбываецца? Збой ролевай мадэлі. Малочны кактэйль Молатава.

Аляксей Кузьміч, кастрычнік 2025 год. Фота: сацсеткі мастака.

Кузьміч ідзе «па школе», разыгрываючы класічны сюжэт «артыст супраць усяго астатняга свету» з мінімальным наборам сродкаў у руках. Ён дрэнна сумяшчальны з уласнымі амбіцыямі. І жыве рэальнасцю, якую прыдумаў сам. Менавіта гэта робіць артыста «прапашчым».

Напружана актыўным. Упартым і неўтаймоўным. І непазбежна самотным. Як the last man standing у ірландскім пабе — той, хто яшчэ на нагах, калі астатнія ў адключцы.

Пастаноўка сябе як апошняга героя танцпола адначасова цудоўная і безнадзейная. Бо кліча да перазапуску нонканфармізму ў свеце, дзе цябе ўжо няма.

Рабіць арт пасля арта. Вяшчаць на мовах мёртвых паэтаў. Прымерваць на сябе то футурызм, то экспрэсіянізм, то дадаізм. Ісці пад кулі і паліць крыжы. Пастаянна натыкацца на ўласную неадэкватнасць. Разбіваць калені аб чарговыя вуглы культурнага (права)парадку. І прымаць у якасці галоўнага знака свайго аўтарскага поспеху сінякі ад мянтоўскіх дубінак.

Кузьміч — сын смутнага часу. Не персанаж, а эга/фала/цэнтрычны спецэфект. Мікс візуальнага анархіста, вінтажнага рокмэна, вулічнага байца, папсовага піжона і палявога камандзіра. Люмпен-арт-намад, які спазніўся на свае барыкады.

Аляксей даігрывае чужую эпоху. Дажывае чужыя вар’яцтвы. Абараняе непатрэбную свабоду. І імкнецца чыніць свет, які не хворы.

Менш за ўсё тут хочацца іранізаваць.

Мы ўсе — адзіночкі з агульнай лаўкі «новых прапашчых». Тыя, што спяваюць у цярноўніку крызіснага самаідэнтыфікавання.

Цягне кіраваць могілкамі і ўваскрашаць мёртвых.

Вось лапата. Вось Ван Гог. Толькі вось ты/я — не Джэзус.

***

Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!