МУС Беларусі расказала працяг гісторыі з рэзанансным выпадкам паркоўкі “Гелендвагена” каля мінскай крамы «Акадэмкніга». 32-гадовая грамадзянка Казахстана была афіцыйна папярэджана, што пры паўторным парушэнні правілаў дарожнага руху яе выселяць з краіны.
Паводле інфармацыі ведамства, выяўлена, што кіроўца Mercedes неаднаразова парушала ПДР, у тым ліку правілы перавозкі дзяцей, у сувязі з чым прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.
Прыняць рашэнне аб афіцыйным папярэджанні МУС вырашыла з улікам таго, што жанчына мае на ўтрыманні чацвярых непаўналетніх дзяцей.
“МУС нагадвае: невыкананне заканадаўства нашай краіны пагражае для гасцей высылкай! З улікам таго, што жанчына мае на ўтрыманні чацвярых непаўналетніх дзяцей, Міністэрствам унутраных спраў прынята рашэнне даць апошні шанец. Сёння яна выклікана ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства, дзе афіцыйна папярэджана аб тым, што ў выпадку паўторнага здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў будзе выселена з краіны. Беларусь адкрытая для замежных гасцей. У той жа час любыя правапарушэнні з іх боку не застануцца без увагі праваахоўнікаў”, — заявілі ў міністэрстве.
Падставай для праверкі сталі відэа ў сацыяльных сетках. Спачатку аўтамабіль быў заўважаны прыпаркаваным на тратуары каля будынка на праспекце Незалежнасці, затым — на месцы для людзей з інваліднасцю на паркінгу гандлёвага цэнтра «Замак». Падчас разбіральніцтва таксама ўстаноўлена, што жанчына перавозіла двухгадовае дзіця на пярэднім сядзенні без утрымліваючай прылады. Напярэдадні паведамлялася, што яна неаднаразова парушала ПДР раней і ўжо прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.