Апеляцыйны суд у Італіі адмовіў у экстрадыцыі беларускі, якую затрымлівалі па ордары Інтэрпола

Апеляцыйны суд Брэшыі адхіліў запыт Беларусі аб экстрадыцыі грамадзянкі Беларусі і Польшчы Карыны Зданевіч-Спыхальскай. Яна была затрыманая ў лютым па ордары Інтэрпола.

“Я дзякую суддзям за разуменне сітуацыі і за тое, што яны дазволілі мне вярнуцца ў Польшчу, краіну, дзе ўсё маё жыццё і мае двое дзяцей. З дапамогай гэтых ордараў на арышт, выдадзеных Інтэрполам, Беларусь пераследуе тых, хто выступае супраць рэжыму, і наступным крокам павінна стаць іх адмена, каб прадухіліць паўтарэнне падобнай сітуацыі ў будучыні”, — сказала яна выданню Il Giorno.

Нагадаем, на пачатку лютага Карыну затрымалі ў аэрапорце Арыа-аль-Серыа па ордары на арышт, выдадзеным у 2021 годзе намеснікам пракурора Брэста. Ёй ставіцца ў віну «наўмысная эканамічная неплацежаздольнасць», гэта значыць банкруцтва, нібыта здзейсненае ў 2017–2018 гадах. Жанчына звязвае ордар са сваёй палітычнай актыўнасцю ў 2020 годзе. Карына правяла 5 дзён у турме ў Бергама, затым жыла ў знаёмых у Мілане пад абавязацельства аб яўцы. У сярэдзіне мая меру стрымання для яе скасавалі, і яна вярнулася да сям’і ў Польшчу. У яе заставаліся абавязацельствы прыязджаць на судовыя слуханні.

11 чэрвеня разгляд яе справы ў італьянскім судзе завяршыўся адмовай у экстрадыцыі.

Як піша Il Giorno, на пасяджэнні разам з Карынай Зданевіч-Спыхальскай прысутнічала віцэ-консул Польшчы ў Мілане Эва Адамчык. Акрамя таго, юрысты беларускіх дэмакратычных сіл прадставілі ў суд заключэнне, у якім гаварылася, што ў выпадку экстрадыцыі жанчына сутыкнецца з «катаваннямі, бесчалавечным або прыніжальным годнасць абыходжаннем і пераследам за свае палітычныя погляды».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!