Карина Зданевич-Спыхальска
Грамадзянка Беларусі і Польшчы Карына Зданевіч-Спыхальска, затрыманая ў лютым у Італіі па ноце Інтэрпола, знаходзіцца на волі і вярнулася да сям’і ў Польшчу, паведамляе MOST.
Нагадаем, на пачатку лютага Карыну затрымалі ў аэрапорце Орыа-аль-Серыа па ордары на арышт, выдадзеным у 2021 годзе намеснікам пракурора Брэста. Ёй ставіцца ў віну «наўмысная эканамічная неплацежаздольнасць», гэта значыць банкруцтва, нібыта ўчыненае ў 2017–2018 гадах. Жанчына звязвае ордар са сваёй палітычнай актыўнасцю ў 2020 годзе. Карына правяла 5 дзён у турме ў Бергама, затым жыла ў знаёмых у Мілане пад абавязацельства аб яўцы.
Як расказала Карына, яна даведалася, што яе шукаюць беларускія ўлады, у 2024 годзе, калі прыляцела на Балі. У аэрапорце ёй паведамілі пра праблемы з Інтэрполам і не пусцілі ў краіну. У маі 2025 года яе не пусцілі ў Турцыю.
Таксама жанчыну затрымлівалі ў Польшчы, але пасля размовы з паліцыяй яе вызвалілі і папярэдзілі, каб не ездзіла ў Беларусь.
Да лютага Карына без праблем ездзіла па Шэнгенскай зоне, але на выездзе з Італіі ў аэрапорце пры сканаванні білета спрацавала сістэма.
Жанчына 5 дзён правяла ў турме, а затым 3,5 месяца не магла пакідаць Італію і жыла ў знаёмых пад абавязацельства аб яўцы. Затым меру стрымання анулявалі, і 18 мая яна вярнулася да сям’і ў Польшчу, але ўсё яшчэ павінна прыязджаць у Італію на слуханні сваёй справы.
У Італіі Карыне ўдалося высветліць, што беларускія ўлады шукаюць яе ў сувязі з давядзеннем да наўмыснай эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва). У дакументах указана, што яна павінна банку 60 тысяч еўра. Раней, паводле яе слоў, сума складала 6 тысяч еўра.
Карына патлумачыла, што ў 2017 годзе, калі яна ўжо жыла ў Польшчы, яе ІП пайшло ў працэдуру банкруцтва. Справай займаліся беларускія адвакаты.
«Цяпер я разумею, што павінна была атрымаць нейкі канчатковы дакумент пра банкруцтва. Я яго не атрымала. Але іншыя адвакаты мне казалі, што ён ёсць», — кажа Карына.
Беларусь накіравала запыт толькі ў верасні 2020 года, а ў базу Інтэрпола жанчыну ўнеслі праз год. Карына лічыць, што ордар звязаны з яе палітычнай актыўнасцю: яна выходзіла на мітынгі ў Варшаве і пісала ў сацсетках.
Пасля арышту ў Італіі Карына звязалася з Офісам Ціханоўскай, які напісаў ліст з тлумачэннем сітуацыі. Пасля завяршэння справы Карына плануе дамагацца выключэння з базы Інтэрпола.