Алесь Бяляцкі сустрэўся з Папам Рымскім

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі сустрэўся з Папам Рымскім Львом XIV. Гэта адбылося сёння падчас штотыднёвай аўдыенцыі ў пантыфіка. Кожную сераду Папа Рымскі на плошчы св. Пятра выступае з малітвай і бласлаўляе вернікаў. Пасля агульнай аўдыенцыі пантыфік паразмаўляў з Бяляцкім і яго жонкай Наталляй.

Фатаграфію кароткай сустрэчы апублікавала “Хрысціянская візія”. Паводле яе інфармацыі, Бяляцкі расказаў Льву XIV пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, папрасіўшы яго пра малітву і ўвагу да гуманітарнай катастрофы, якая разгортваецца ў Беларусі.

Дапоўнена:

Як паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”, Алесь Бяляцкі таксама перадаў пантыфіку ліст, які датычыцца сітуацыі з правамі чалавека і правамі вернікаў у Беларусі.

“Я прадставіўся Папу і cказаў яму колькі словаў пра сябе. Я адзначыў, што вельмі рады сустрэцца з ім і падзякаваў за тую ўвагу, якую каталіцкі касцёл надае Беларусі і яе народу. Я падзякаваў за падтрымку беларусаў, якія знаходзяцца ў турме, і папрасіў дапамогі ў іх вызваленні.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі жахлівая, а ў турмах знаходзяцца каля тысячы палітзняволеных, у тым ліку — каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія святары. І таму я папрасіў маліцца за вызваленне палітычных вязняў у Беларусі, маліцца за Касцёл, святароў, якія знаходзяцца ў турме, а таксама — за дэмакратычныя змены ў Беларусі. Гэта быў бы вельмі моцны сігнал салідарнасці з беларускім народам. Я папрасіў Папу Льва XIV не пакідаць беларускіх людзей у іх турботах і не забываць пра Беларусь”, — расказаў пра сустрэчу Алесь Бяляцкі.

У лісце Бяляцкі падкрэсліў катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі пасля падзей 2020 года. Ён узгадаў свой мінулы досвед, калі візіт тагачаснага нунцыя Клаўдыа Гуджэроці ў турму ў 2012 годзе надаў яму сіл і абараніў ад самавольства ахоўнікаў. Ён лічыць, што было б добра, калі б цяперашні нунцый у Беларусі знайшоў магчымасць падтрымаць палітычных зняволеных.

Акрамя апісання рэпрэсій, праваабаронца ў лісце звярнуў увагу на сістэматычнае знішчэнне беларускай ідэнтычнасці, мовы і рэлігійнага жыцця. Ён згадаў пераслед святароў розных канфесій, закрыццё цэркваў (у прыватнасці, Чырвонага касцёла ў Мінску) і высылку місіянераў. Асобнае месца ў лісце заняла вайна ва Украіне: праваабаронца адзначыў, што многія беларусы былі зняволеныя менавіта за пратэсты супраць гэтай вайны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!