Аэрапорт Мінска павялічыў грузаперавозкі

Аэрапорт Мінска са з’яўленнем у флоце «Белавія» самалётаў Airbus A330 павялічыў грузаабарот на 15%. Пра гэта ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню паведаміў генеральны дырэктар паветранай гавані Уладзімір Чараўхін.

«Тут спыніцца на нейкім адным напрамку нельга. Рост паказалі некалькі напрамкаў: гэта і Масква, і Стамбул, і Дубай. І, як я казаў раней, са з’яўленнем далёкамагістральных Airbus A330 гэта дазволіла нам павялічыць грузапаток праз Мінск у напрамку Кітая, Шры-Ланкі.

І грузаабарот працягвае расці. Мы і надалей працягваем працу па прыцягненні новых авіякампаній, у тым ліку і грузавых, якія ажыццяўляюць грузаперавозкі. І нашы магутнасці на сённяшні дзень цалкам дазваляюць пакрыць тую патрэбу, якую адчуваюць авіякампаніі», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у асноўным самалётамі перавозіцца тэхніка.

Летась аэрапорт беларускай сталіцы абслугоўваў амаль 3 млн пасажыраў. Найлепшым вынікам паветранай гавані застаюцца 5,1 млн пасажыраў. Ён быў дасягнуты па выніках 2019 года.

У летнім раскладзе аэрапорта — 35 рэгулярных рэйсаў і 12 чартарных напрамкаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!