Фото: vol.gp.gov.ua
У Валынскай вобласці Украіны 25-гадовага жыхара Ковельскага раёна прысудзілі да 15 гадоў за супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі. Суд таксама пастанавіў канфіскаваць яго маёмасць.
Як паведамляе пракуратура Валынскай вобласці, у 2024 годзе абвінавачаны пагадзіўся супрацоўнічаць з беларускай спецслужбай за ўзнагароджанне. Ён фатаграфаваў і здымаў на відэа абарончыя збудаванні каля ўкраінска-беларускай мяжы. Да мая 2025 года мужчына перадаваў куратару фота і відэа, а таксама выконваў іншыя заданні «на ўмовах негалоснага і канфідэнцыйнага супрацоўніцтва». За сваю працу ён атрымліваў узнагароджанне на банкаўскую карту.
Расследаванне вяло ўпраўленне СБУ па Валынскай вобласці. Да суда абвінавачаны знаходзіўся пад вартай.
«Спадзеючыся на атрыманне грашовых сродкаў ад беларускіх спецслужбістаў, агент пагадзіўся выконваць іх заданні. Сярод асноўных — назіранне за размяшчэннем блокпастоў і ўмацаваных раёнаў Сіл абароны на паўночным памежжы Украіны.
Таксама па заданні КДБ фігурант спрабаваў выявіць вайсковыя эшалоны, якія перамяшчаліся па мясцовых чыгуначных шляхах або знаходзіліся на транзітных станцыях «Укрзалізниці».
Каб сабраць разведданыя, агент абыходзіў мясцовасць, дзе фіксаваў фартыфікацыйныя збудаванні Сіл абароны і адзначаў іх геалакацыі на гугл-картах», — паведамляла СБУ.