Віцебскі суд прызнаў вінаватымі ў забойстве з асаблівай жорсткасцю, учыненым групай асоб, двух жыхароў Віцебскай вобласці 23 і 21 года. Пра гэта паведамілі ў пракуратуры.
Аднаму з фігурантаў прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 17 гадоў, а другому — 15 гадоў і 6 дзён. Адбываць яго яны будуць у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, суд спагнаў з абвінавачаных у салідарным парадку на карысць брата загінулага грашовую кампенсацыю маральнай шкоды.
Як расказалі ў пракуратуры, матывам забойства стала асабістая крыўда. Паводле паказанняў сведкі, пацярпелы ў ходзе канфлікту абразіў маці аднаго з абвінавачаных. У пракуратуры адзначылі, што жанчына заявіла сыну, што ён павінен разабрацца з крыўдзіцелем. У выніку маладыя людзі ўчынілі самасуд. Яны праніклі ў кватэру 56-гадовага забітага, дзе нанеслі яму не менш за 40 удараў рукамі і нагамі.
Прысуд у законную сілу яшчэ не ўступіў.