Reform.news

ГУР назвала беларускія прадпрыемствы, якія ўдзельнічаюць у стварэнні расійскай спадарожнікавай сістэмы «Рассвет»

Рэдакцыя Reform.news · 29 кастрычніка 2026, 12:32

https://reform.news/be/gur-nazvala-belaruskija-pradpryemstvy-jakija-dzelnichajuc-u-stvarjenni-rasijskaj-spadarozhnikavaj-sistjemy-rassvet/

Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны апублікавала спіс 49 расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў, задзейнічаных у стварэнні нізкаарбітальнай спадарожнікавай сістэмы «Рассвет» — расійскага аналага Starlink. Даныя аб прадпрыемствах апублікаваныя на партале War&Sanctions.

Сістэма “Рассвет” уключае арбітальную групоўку нізкаарбітальных спадарожнікаў, наземную інфраструктуру кіравання, шлюзавыя станцыі і абаненцкія тэрміналы для стацыянарных і рухомых аб’ектаў. У праекце задзейнічаныя структуры Раскосмасу і Мінабароны РФ, IT-кампаніі, вытворцы мікраэлектронікі, навуковыя цэнтры.

Галоўнае прадпрыемства, якое рэалізуе праект, — расійскае ТАА «Бюро 1440», якое ўваходзіць у IT-кангламерат «ІКС Холдынг». Прадпрыемствы холдынга вырабляюць кампаненты, сонечныя панэлі, абаненцкае абсталяванне, друкаваныя платы, электронныя модулі і іншыя складнікі сістэмы.

У спісе тры беларускія прадпрыемствы: ЗАТ «Аэракасмічныя прыборы», РВУП «Завод дакладнай электрамеханікі» і яго філіял «Белінтэрсат».

Паводле даных ГУР, ЗАТ «Аэракасмічныя прыборы» ажыццяўляе прататыпаванне кампанентаў для сістэмы «Рассвет».

У маі 2026 года філіял ЗДЭМ «Белінтэрсат» заключыў з ТАА «Бюро 1440» пагадненне аб стратэгічным партнёрстве, якое прадугледжвае інтэграцыю нізкаарбітальнай спадарожнікавай сістэмы шырокапалоснай перадачы даных «Рассвет» у тэлекамунікацыйную інфраструктуру Беларусі.

Рэклама

Пакінуць адказ