Лукашэнка павіншаваў дэпутатаў з М’янмы з завяршэннем вострага перыяду
Рэдакцыя Reform.news · 22 кастрычніка 2026, 11:08
https://reform.news/be/lukashjenka-pavinshava-djeputata-z-m-janmy-z-zavjarshjennem-vostraga-peryjadu/Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся са старшынёй Асамблеі Саюза, старшынёй Палаты нацыянальнасцяў Асамблеі Саюза М’янмы Аун Лін Двэ. Ён павіншаваў госця з завяршэннем вострага перыяду ў гісторыі краіны.
“Віншую вас з паспяховым завяршэннем, як мне здаецца, вострага палітычнага перыяду ў М’янме. Абсалютна перакананы, што цяпер перад вамі адкрыты ўсе шляхі развіцця эканомікі ўнутры краіны, падтрымкі людзей. У вас вельмі шмат сяброў у свеце. Вы ў гэтым можаце не сумнявацца”, – сказаў ён.
Нагадаем, у 2021 годзе ў М’янме адбыўся ваенны пераварот, за якім рушылі жорстка падаўленыя пратэсты, у краіне разгарэлася грамадзянская вайна. Мінулай зімой у М’янме прайшлі парламенцкія выбары. Яны былі праведзены не на ўсёй тэрыторыі. Нягледзячы на гэта былі абраныя дэпутаты парламента, частка якіх была прызначана вайскоўцамі. Пазней парламент абраў лідара вайскоўцаў Мін Аун Хлайна прэзідэнтам краіны. У красавіку гэтага года ён уводзіў ваеннае кіраванне ў 60 адміністрацыйных акругах краіны
Лукашэнка адзначыў, што паміж кіраўніцтвам Беларусі і М’янмы дасягнуты высокі ўзровень палітычных адносін. Да яго павінны падцягнуцца і эканамічныя адносіны.
“Я вітаю вас у Беларусі. Добра, што вы прыехалі менавіта ў гэты час, калі ідзе актыўная прапрацоўка будучых напрамкаў супрацоўніцтва з вашай краінай. І нават не проста напрамкаў супрацоўніцтва, а будучых кантрактаў, канкрэтных спраў паміж вашай краінай і Беларуссю.
Калі быць абсалютна шчырым і гаварыць дыпламатычна, павінен сказаць, што мы можам у гандлёва-эканамічных пытаннях значна больш, чым маем цяпер. Прынамсі, нашы палітычныя адносіны сышлі далёка наперад ад эканомікі. Трэба эканоміцы падцягвацца да ўзроўню палітычных адносін”, – сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, парламентарыі таксама павінны прыняць удзел у гэтым паскарэнні.
“Абсалютна перакананы, што парламентарыі ў гэтым плане павінны калі не наперадзе прэзідэнтаў быць, то быць сапраўднай апорай кіраўніцтва нашых краін у прасоўванні інтарэсаў Беларусі ў М’янме і М’янмы ў Беларусі.
Ваш візіт сведчыць пра тое, што парламентарыі М’янмы ў гэтым напрамку гатовыя дзейнічаць і дзейнічаюць. Запэўніваю вас, што і нашы парламентарыі ў даўгу не застануцца.
Мы нацэлены на сур’ёзныя адносіны паміж дзвюма краінамі, таму што ёсць сур’ёзныя, у тым ліку эканамічныя, асновы нашага паспяховага супрацоўніцтва ў будучыні. Проста трэба не губляць час, а рухацца наперад. Да гэтага нас падштурхоўвае бурнае развіццё міжнародных адносін. Гэтага патрабуе абстаноўка”, – сказаў ён.
У сваю чаргу Аун Лін Двэ перадаў Лукашэнку прывітанні ад Хлайна.
“Лічу, што вашы цесныя адносіны з Прэзідэнтам М’янмы і ўзаемныя візіты ствараюць магчымасці для супрацоўніцтва. Рады бачыць, што нам удаецца захоўваць цёплыя і добрыя адносіны паміж нашымі краінамі, і супрацоўніцтва ў розных сферах пашыраецца з года ў год”, – сказаў ён.
