Украіна назірае «пэўную актыўнасць» на беларуска-ўкраінскай мяжы
Рэдакцыя Reform.news · 4 мая 2026, 17:18
https://reform.news/be/ukraina-nazirae-pje-nuju-akty-nasc-na-belaruska-krainskaj-mjazhy/Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў, што на тэрыторыі Беларусі каля мяжы з Украінай назіраецца «пэўная актыўнасць».
«У тым ліку гэта датычыцца стварэння лагістычных напрамкаў, палігонаў, далейшай, магчыма, актыўнасці, супрацоўніцтва з Расіяй», – заявіў Дземчанка ў эфіры «Новини.LIVE».
Кіраўнік ДПСУ падкрэсліў, што цяпер Расія не трымае на тэрыторыі Беларусі дастаткова сваіх сіл і падраздзяленняў, якія маглі б ствараць пагрозу Украіне.
«Але ў любы момант уся інфраструктура, якую стварае Беларусь, канешне, можа быць выкарыстана Расіяй», – заявіў Дземчанка.
Нагадаем, 2 мая Уладзімір Зяленскі заявіў пра незвычайную актыўнасць на ўчастках мяжы Украіны і Беларусі. Увечары 2 мая ўкраінскія памежнікі зафіксавалі залёт паветранага шара з боку Беларусі. Ён выкарыстоўваўся як рэтранслятар для ўзмацнення сігналу расійскіх беспілотнікаў.
