Бойцы Галицкой десантно-штурмрвой бригады. Фото: Генштаб ВСУ
Красавік 2026 года характарызаваўся адноснай стабільнасцю лініі фронту маскоўска-ўкраінскай вайны.
Акупанты прадпрымалі спробы наступлення ў раёнах Славянска, Пакроўска, Часавага Яра і Гуляйполя, аднак гэтыя дзеянні не прывялі да значных вынікаў.
Украінскія войскі вялі лакальныя контрнаступальныя дзеянні, у асноўным застаючыся ў абароне, але ўзмацнілі ракетна-дронавы ціск на лагістыку, вайсковую вытворчасць і эканоміку ворага.
Разгледзім найбольш прыкметныя падзеі месяца, імкнучыся вылучыць новыя рысы і зафіксаваць устойлівыя тэндэнцыі.
Красавік стаў працягам перыяду надзвычай павольнага прасоўвання расійскіх войскаў і паступовай стабілізацыі лініі фронту.
Паводле ацэнак Institute for the Study of War, Масковія на працягу месяца нават панесла абмежаваныя тэрытарыяльныя страты, саступіўшы Украіне каля 100 – 120 кв.км. Гэтыя змены не мелі стратэгічнага значэння, але сталі важным індыкатарам зніжэння эфектыўнасці наступальных дзеянняў акупантаў.
З іншага боку, украінскі аналітычны рэсурс Deep State мяркуе, што ў красавіку маскоўцы захапілі 141 кв. км украінскай тэрыторыі, што на 11,9% менш, чым у сакавіку. Хоць пры гэтым пяхотных атак акупанты прадпрынялі нават больш, чым у папярэднім месяцы.
Адначасова фіксавалася актыўная перагрупоўка сіл акупантаў. Падраздзяленні перакідваліся паміж напрамкамі Пакроўска, Ачарэціна і Навапаўлаўкі, а таксама асобныя ўчасткі ўзмацняліся за кошт дэсантных і марскіх частак. Гэта сведчыць пра тое, што маскоўскае камандаванне спрабуе знайсці новыя напрамкі для наступлення пасля фактычнага спынення папярэдніх аперацый, адзначае аналітычны рэсурс «Два марпехі», які вядуць афіцэры ўкраінскай і амерыканскай марской пяхоты.
Пры гэтым украінскія сілы на асобных участках пераходзілі да лакальных контратак і паступова вярталі пазіцыі. Напрыклад, на Славянскім напрамку ўкраінская армія змагла спыніць прасоўванне войскаў праціўніка і ўзяць пад агнявы кантроль іх лагістыку. На Ліманскім напрамку акупанты фактычна страцілі ініцыятыву і апынуліся ў тупіковай сітуацыі.
Найбольш актыўныя баявыя дзеянні ў красавіку разгортваліся ў Данецкай і Запарожскай абласцях Украіны.
На Ліманскім напрамку маскоўцы прадпрымалі спробы атак малымі групамі, выкарыстоўваючы мабільную тэхніку, аднак не змаглі дасягнуць прасоўвання і панеслі страты. На Славянскім напрамку, які раней лічыўся адным з найбольш перспектыўных для наступлення войскаў агрэсара, украінскія сілы правялі серыю контратак і фактычна спынілі наступленне.
У раёне Пакроўска і Канстанцінаўкі ВС РФ спрабавалі выкарыстоўваць бранятэхніку ў сярэдзіне красавіка, аднак гэтыя атакі былі адбітыя яшчэ на падыходах да пазіцый украінскай арміі.
Найбольш інтэнсіўныя баявыя дзеянні назіраліся ў раёне Гуляйполя, дзе акупанты праводзілі шматлікія штурмы малымі пяхотнымі групамі. Аднак і тут спробы наступлення аказаліся няўдалымі, а выкарыстанне бранятэхнікі суправаджалася значнымі стратамі.
Адной з ключавых асаблівасцяў красавіка стала ўзмацненне ўкраінскіх удараў па сярэдніх і далёкіх тылах Масковіі.
Украінскія сілы сістэматычна паражалі склады боепрыпасаў, паліўныя базы, сістэмы СПА і лагістычныя маршруты на глыбіні 30–50 кіламетраў і больш. Паводле даных Reuters, за месяц было нанесена больш за 160 далёкабойных удараў па аб’ектах у тыле.
Гэтыя дзеянні мелі прыкметны эфект. Акупанты былі вымушаныя скарачаць расход паліва, змяняць маршруты забеспячэння і пераносіць склады далей ад лініі фронту, часам на адлегласць больш за 100 кіламетраў. Таксама фіксавалася знішчэнне грузавікоў, радыёлакацыйных станцый і вайсковай тэхнікі.
У выніку лагістычныя магчымасці ВС РФ істотна пагоршыліся, што, магчыма, адбілася на эфектыўнасці іх наступальных дзеянняў.
Красавік стаў адным з найбольш інтэнсіўных месяцаў вайны з пункту гледжання выкарыстання далёкабойных ракет і беспілотнікаў.
Расія працягвала наносіць масіраваныя камбінаваныя ўдары па тэрыторыі Украіны з выкарыстаннем балістычных і крылатых ракет, а таксама дронаў-камікадзэ. Паводле даных Reuters, асобныя атакі ўключалі сотні паветраных цэляў, а найбуйнейшы ўдар у сярэдзіне красавіка дасягаў прыкладна 700 адзінак. Гэтыя атакі прыводзілі да разбурэнняў інфраструктуры і часам масавых ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Так, толькі 16 красавіка загінулі 17 украінскіх мірных жыхароў, каля 100 былі параненыя.
Украіна, у сваю чаргу, значна пашырыла геаграфію і інтэнсіўнасць удараў па тэрыторыі Масковіі. Часам мэты знаходзіліся за 1500-1700 кіламетраў ад украінскай тэрыторыі — па НПЗ ва Уфе, Пермскай вобласці, Арэнбургскай вобласці, Краснадарскім краі і іншых рэгіёнах РФ.
Атакі наносіліся па нафтаперапрацоўчых заводах, вайсковых прадпрыемствах, складах і сістэмах СПА. Гэтыя дзеянні паступова набылі характар сістэмнай кампаніі па разбурэнні вайсковай і энергетычнай інфраструктуры.
25 красавіка ўкраінскія дроны даляцелі да маскоўскай вайсковай авіябазы ў Чалябінскай вобласці (1700 км ад Украіны), знішчыўшы або пашкодзіўшы некалькі баявых самалётаў, у тым ліку найноўшыя знішчальнікі Су-57.
Дзякуючы павялічанай вытворчасці далёкабойных беспілотнікаў, цяпер Украіна перыядычна наносіць больш далёкабойных удараў па ворагу, чым РФ па ёй, аднак страты мірнага насельніцтва Масковіі ад такіх удараў нават паводле афіцыйных маскоўскіх даных значна ніжэйшыя, што паказвае на выпадковы характар такіх ахвяр.
Наш вайсковы эксперт Багдан Кухановіч вядзе «Дзённік вайны» з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.