Фото belarusbank.by
“Беларусбанк” працягвае пашыраць абмежаванні на плацяжы па сваіх картках. Меры тлумачацца неабходнасцю павысіць бяспеку.
З 15 чэрвеня 2026 года ліміты будуць дзейнічаць на пераводы на адрас беларускіх кампаній, звязаных з азартнымі гульнямі, а таксама на пераводы і аплату пакупак за мяжой.
Да гэтага банк ужо ўстанавіў сутачны ліміт у 600 рублёў для картак Клуба «Бархат» і 3000 рублёў па іншых дэбетавых картках на аперацыі, якія здзяйсняюцца без фізічнага выкарыстання карткі з выкарыстаннем яе рэквізітаў, а таксама аперацыі ў інфакіёсках і банкаматах банка.
“З 15 чэрвеня 2026 года пералік аперацый, на якія распаўсюджваюцца раней устаноўленыя абмежаванні, пашырыцца. Сутачныя ліміты будуць дзейнічаць на аперацыі і пераводы на карысць арганізацый у Беларусі, якія адносяцца да сферы азартных гульняў (MCC 7995 — таталізатары, латарэйныя білеты, фішкі казіно, стаўкі на гонкі, бегі і іншыя стаўкі)”, — гаворыцца ў паведамленні банка.
Таксама банк абмяжуе месячную суму пераводаў на карткі замежных банкаў і аплат за межамі краіны. Яна не можа перавышаць 89 тыс. рублёў. Для карпаратыўных картак ліміт аплат за межамі краіны, у тым ліку ў інтэрнэце, складзе 899 тыс. рублёў у месяц.
Адмена ліміту магчымая толькі для карпаратыўных картак.