20-гадовы хлопец патрапіўся з гашышным маслам пры ўездзе з Польшчы

20-гадовы малады чалавек, які вяртаўся з Польшчы праз пункт пропуску “Брэст”, стаў фігурантам крымінальнай справы паводле артыкула за кантрабанду наркотыкаў. Прычынай стаў флакон з раслінным маслам.

Як распавялі ў ДМК, малады чалавек выбраў зялёны калідор пры праходжанні мытнага кантролю. Аднак на яго ўказаў службовы сабака.

“Багаж мужчыны агледзелі і з наплечнай сумкі вынялі шкляны флакон з масляністай вадкасцю цёмна-зялёнага колеру.

Заключэнне эксперта Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці пацвердзіла, што змесціва флакона з’яўляецца небяспечным наркатычным сродкам – гашышным маслам (маслам канабісу). Вага наркотыку склала больш за 17,5 грама”, – гаворыцца ў паведамленні ДМК.

Трэба адзначыць, што ДМК апублікаваў і фатаграфію флакона. На ім напісана “Арганічнае масла арэгана”. Мытнікі не пракаментавалі гэты факт.

Фота: ДМК
Фота: ДМК
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!