«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці

Главное
Фота: Валерыя Баравец.

198 — ужо столькі ў Варшаве з’явілася сімпатычных рознакаляровых вадалазаў — постараў беларускага мастака Міхася Мішука. Яны стаяць, ляжаць ды нават дэманструюць сваю пазіцыю на сценах будынкаў, трансфарматарных будках, у вокнах «развалюшак», на дзвярах дамоў, на апорах мастоў… «Планую ў бліжэйшы час прыляпіць шасціметровага вадалаза на апору Пражскага моста», — дзеліцца сваімі планамі Міхась Мішук і дадае, што яго вадалазаў сёння можна знайсці і ў Лодзі, Гданьску, Вільнюсе, Берліне, Капенгагене…

Што за гісторыя хаваецца за памаранчавым (а сёння і ружовым, жоўтым, блакітным, зялёным, белым) вадалазам-аматарам глыбокіх пагружэнняў? Reform.news распытаў Міхася Мішука пра ідэю праекта і яго развіццё.

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: Валерыя Баравец.
«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

«Мой перасанаж вярнуўся, бо зноў прыйшоў яго час»

— Насамрэч у вадалаза дастаткова доўгая гісторыя, — прызнаецца беларускі мастак. — Гэта быў недзе 2013 год. У мяне быў такі дзіўны перыяд — я заканчваў Акадэмію мастацтваў і не ведаў, што рабіць далей. Вось ты пакідаеш установу з пэўнымі набытымі навыкамі, але што наперадзе — зусім не зразумела. Тады і прыйшоў вобраз вадалаза — чалавека, якога нясе ў плыні жыцця і выкідвае ў нейкіх незразумелых месцах. А скафандр — гэта такі касцюм, які абараняе цябе ад знешняга свету. Так узнік гэты персанаж, які, у пэўным сэнсе, сімвалізаваў мяне ў той перыяд.

Але праз некаторы час, калі жыццё стала больш зразумелым і калі я «завязаў» займацца творчасцю, я шчасна забыўся на майго героя. Ажно на цэлых восем гадоў. Пакуль не здарыўся 2020 год, мая эміграцыя — і я не адчуў той самы стан, калі не ведаеш, што будзе заўтра і ў якім месцы апынешся. Куды, што называецца, цябе вынесе. І мой перасанаж вярнуўся, бо зноў прыйшоў яго час.

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

«Прысвоіць сабе прастору»

— Вядома, калі я сёння пакідаю свайго героя на варшаўскіх вуліцах — гэта, у пэўным сэнсе, і даследаванне горада. З дапамогай творчасці я асвойваю гарадскую прастору.

Хачу падкрэсліць, што ўсе мае вадалазы намаляваны ўручную, гэта не трафарэт. Я іх малюю, а потым езджу і прылепліваю постары. І мне цікава развіваць героя, працаваць з гэтым вобразам.

Напрыклад, я дадаў варшаўскую сірэну ў некаторыя свае плакаты. Мне падаецца, што гэта павінна зацікавіць мясцовых: «Прыкольна, гэта ж наша сірэнка, а што гэта можна значыць?». Не ўсе ведаюць, адкуль узнік вадалаз, а тут адбываецца такое ўзаемадзеянне культур.

У Капенгагене, да слова, вадалаз узнік ужо разам з Русалачкай. Зараз я планую падарожжа ў Парыж і думаю пра тое, дзе ж мне там яго пакінуць. Канешне, цалкам гэта магчыма зрабіць на Эйфелевай вежы, але хацелася б пашукаць і іншыя гістарычныя рэчы.

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

«Ляпіў вадалаза, і за мной назірала паліцыя»

— Люблю закінутыя будынкі і пустыры, ёсць такая слабасць. Месца для мяне істотнае. У Беларусі я ствараў свае працы ў прамысловых зонах: там было ціха, спакойна, ды і больш бяспечна, каб пакінуць свой постар. Увогуле графіці ў Беларусі было ў пэўным сэнсе правакацыяй — бо праз яго хацелася «разбурыць» гэты рафінаваны, шэры, зафарбаваны абшар, стварыць горад прывабным для сябе.

Тут гэта ўсё больш свабодна. У Варшаве шмат закінутых будынкаў, там шмат мясцовага стрыт-арта, фактычна легальная прастора, з якой магчыма рабіць усё, што заўгодна. Было ў маёй практыцы такое, што я ляпіў вадалаза, і за мной назірала паліцыя. І ніхто нічога не сказаў. Тут, напэўна, калі толькі на Прэзідэнцкі палац будзе штосьці наносіць, могуць узнікнуць праблемы.

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

«Беларуская траўма»

— Так, я шмат пакідаю вадалазаў на паверхнях за рашоткамі — магчыма, гэта нейкая беларуская траўма…

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.
«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

«Ёсць вадалаз і з вясёлкавым сцягам»

— Я лічу, што мастацтва не можа існаваць па-за палітыкай. Таму мае вадалазы, скажам так, актыўна выказваюць сваю пазіцыю. Напрыклад, у Грузіі былі пратэсты супраць закона аб «иноагентах» — у мяне ўзнік вадалаз з грузінскім сцягам.

Вядома, у мяне ёсць персанаж з бела-чырвона-белым сцягам, ёсць вадалаз з вясёлкавым. Хацеў сёлета пайсці на Марш роўнасці і планаваў зрабіць вадалаза з транспарантам, але, на жаль, захварэў.

Яшчэ на сваім раёне я зрабіў такі праект, дзе вадалазы трымаюць плакаты з просьбай да гаспадароў сабак прыбіраць за сваімі гадаванцамі. Бо шмат хто з «сабачнікаў» не лічыць гэта за клопат — па вуліцы прайсці немагчыма. Так вось, я прыдумаў розныя смешныя заклікі на польскай мове і размясціў іх на транспарантах майго персанажа. Здаецца, акцыя ўдалася.

Так, я яшчэ стаў рабіць вадалазаў розных колераў. Гэта прадыктавана і эканамічнымі прычынамі: якую фарбу маеш — той і малюеш, а з іншага боку — горад жа рознакаляровы. Чаму вадалазам не быць рознымі?

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.
«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.
«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

«Часам раблю такога Франкенштэйна»

— Больш за ўсё вадалазаў у Варшаве ў раёне Praga-Polnoc — больш за 30, бо я там жыву. А па ўсёй Варшаве — усяго 198. Зразумела, большасці з постараў ужо няма — іх зафарбоўваюць, зрываюць, але значная частка засталася. Часам я раблю такога Франкенштэйна з рэшткаў старых прац, аскепкаў — атрымоўваецца новае аблічча. Некаторыя плакаты аднаўляў па пяць разоў.

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

«На жаль, у Беларусі пакуль вадалаза няма»

— У эміграцыі я ўжо два з паловай гады. Мае сябры таксама раз’ехаліся па свеце. Калі мы сустракаемся, я перадаю ім малюнкі, каб яны прыляпілі вадалаза ў гарадах, дзе яны зараз жывуць. Як сімвал таго, што іх вынесла ў гэтым месцы. Зараз ужо вядомае аблічча можна знайсці ў Даніі, Германіі, Італіі, Літве…У Беларусь перадаваў малюнкі пяць разоў — але пакуль вадалазаў там не з’явіліся. Але вельмі хочацца, каб паўстаў хаця б адзін.

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
У Капенгагене. Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

«Вельмі беларуская гісторыя»

— Што ў бліжэйшых планах? Стварэнне шасціметровага вадалаза пад мостам на варшаўскай Празе. Каб яго было бачна са старога горада. Да апоры моста — свабодны доступ, але адзін я не здолею, патрэбна дапамога.

Увогуле мне б хацелася, канешне, манетызаваць сваю ідэю, зрабіць майкі з выявай гэтага вобразу, іншыя рэчы. Тым больш у беларускім культурным полі ёсць падобныя кейсы — мы цудоўна ведаем цягнікі Hutkasmachnaa. Хацелася б увогуле займацца творчасцю, «завязаць» з усімі будоўлямі, сумежнымі працамі і развіваць свае творчыя ідэі.

Што будзе далей з маім героем? Я не ведаю. Магчыма, ён знікне, як гэта адбылося восем гадоў таму, а магчыма — будзе вандраваць па свеце і з’яўляцца ў розных краінах. Увогуле вобраз вадалаза, якога нясе ў плыні жыцця і выкідвае ў невядомых месцах — зараз вельмі беларуская гісторыя.

«Амаль дзвесце вадалазаў у Варшаве, і ніводнага ў Беларусі»: Міхась Мішук — пра свае знакамітыя графіці
Фота: сацсеткі Міхася Мішука.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: