У кастрычніку — лістападзе 2024 года на замову Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры ў межах праграмы #ArtPowerBelarus праводзілася даследаванне «Поле незалежнай беларускай культуры 2024: актары, выклікі, будучыня»
Даследчая група сабрала інфармацыю з адкрытых крыніц, экспертных інтэрв’ю і анкетавання.
Мэтамі даследавання было прааналізаваць, якія арганізацыі працуюць у беларускай культуры і апісаць праблемы і перспектывы супольнасцей беларускай культуры, ацаніць змены і дынаміку ў беларускім культурным полі ў параўнанні з 2023 годам, калі праводзілася папярэдняе даследаванне.
Праслухалі даклад і вылучылі асноўныя трэнды ў развіцці беларускай культуры ўнутры і за межамі Беларусі.
Адноснае аднаўленне культурніцкага жыцця ў Беларусі
Даследчыкі не змаглі атрымаць поўныя статыстычныя даныя пра культурныя працэсы ў Беларусі, таму вынікі з’яўляюцца фрагментарнымі.
Сёння ліквідацыя арганізацый не з’яўляецца асноўным метадам рэпрэсій. У Беларусі налічылі 266 культурніцкіх арганізацый, 21 з іх з’явілася за апошні год.
З 2020-га вырасла новая генерацыя творцаў, таксама тыя людзі, якія свядома застаюцца ў краіне, пачынаюць шукаць магчымасці працаваць у новых абставінах. Але гэты ўздым фіксуецца, верагодна, толькі таму, што пасля 2020-га быў эфект нізкай базы — усё было разгромлена і зачышчана. І зараз любыя рухі на гэтым полі ўспрымаюцца як уздым.
Сітуацыя за мяжой ацэньваецца як стагнацыя
За мяжой арганізацый становіцца больш, тут назіраецца дадатная дынаміка. Аднак колькаснае падвышэнне не абавязкова выклікае якасныя змены. Шмат якія ініцыятывы — на паўзе, іх сябры перазбіраюцца ў нейкія праектныя ці часовыя калектывы.
Агульная сітуацыя вызначана як стагнацыя: колькасць імпрэзаў і культурных прадуктаў у параўнанні з 2020-21 гадамі знізілася. І знізілася цікаўнасць беларускай дыяспары да культурніцкіх івентаў. Аднак сітуацыя не выглядае драматычнай. Яна горшая ў сферах кіно і тэатра, лепшая ў кнігавыдавецкай справе.
Лінія падзелу паміж творцамі ляжыць па мяжы краіны
Разрыў паміж творцамі ў Беларусі і за яе межамі паглыбляецца, аднак, тым не менш кантакты паміж гэтымі двума часткамі існуюць, як на ўзроўні простых чалавечых, так і на ўзроўні агульных творчых праектаў.
Эрозія творчага патэнцыялу палітычнай тэмы
З 2023 года назіраецца адыход ад траўматычных тэмаў. Сёння гучаць меркаванні пра неабходнасць шукаць новую сюжэтыку ды ідэйную аснову творчасці.
Крызіс ідэі галіновых інстытутаў
За 2024 год поле кааліцыйных структураў папоўнілася новымі ініцыятывамі, але назіраецца расчараванне іх удзельнікаў. Дэклараваныя мэты і планы не адпавядалі рэальным магчымасцям, і дзейнасць большасці зводзіцца да інфармацыйна-медыйнай працы. Нават у дачыненні адносна паспяховых (ПЭН, Беларуская Рада культуры) захоўваецца недавер, неразуменне іх парадку дня і мэтаў. Палітызаванасць і экстрэмісцкі статус некаторых структур робіць немагчымым адкрытую супрацу з імі культурніцкіх актараў з Беларусі.
Камерцыялізацыя
У Беларусі дэфіцыт рэсурсаў для развіцця вырашаецца ў асноўным шляхам спалучэння творчай дзейнасці і камерцыйнага складніка.
Камерцыялізацыя працы — перспектыўны варыянт і для культуры ў эміграцыі. Аднак выхад на еўрапейскі рынак патрабуе іншага ўзроўню падрыхтоўкі, таму ініцыятывы павышаюць якасць менеджменту.
Змяняецца ўспрыманне межаў беларускага культурнага поля
Сярод сёлетніх трэндаў таксама заўважана пераарыентацыя на замежнага лакальнага спажыўца. Толькі 60% апытаных адзначаюць Беларусь тэрыторыяй, на якую скіраваная іх дзейнасць.
З адыходам ад беларускай аўдыторыі мяняецца і ўспрыняцце межаў беларускага культурнага поля. Што зараз ёсць беларускім, калі яно не прывязана тэрытарыяльна і не звязана з аўдыторыяй? У якасці выйсця даследчыкі прапануюць звярнуцца да практык арганізацыі сімвалічнай публічнай прасторы і шукаць новыя дамінанты, якія б нас аб’ядноўвалі.
Як у цэлым рэспандэнты ацэньваюць стан беларускага культурніцкага сектару?
Самы папулярны адказ: самаперавызначэнне і перазбор. І яшчэ дамінуе думка, што беларускай культура развіваецца асінхронна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram