«Адна душа казала: «Мне ўсё роўна» …А другая прыкра балела і маўчала». Разломы лёсу Максіма Гарэцкага

Культура
Максім Гарэцкі з сям'ёй - жонкай Леанілай і дзецьмі Галяй і Лёнем (1923 г.). Фота: ДМГБЛ.

130 гадоў таму, у 1893-м, у беднай сялянскай сям’і на Магілёўшчыне нарадзіўся Максім Гарэцкі, пісьменнік, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст, адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Ён быў вельмі рознабаковай асобай з трагічным і характэрным лёсам беларускага інтэлігента міжваеннага пакалення, жыццё якога гвалтоўна абарвалі напрыканцы 1930-х.

Пісьменнік

Літаратурны дэбют Максіма Гарэцкага адбыўся ў 1913 годзе: у газеце «Наша Ніва» выйшла апавяданне «У лазні» пад псеўданімам Максім Беларус. Праз чатыры гады ён выдаў свой першы зборнік «Рунь», спонсарам якога стала княгіня Марыя Магдалена Радзівіл.

Удзельнік Першай сусветнай, ён пісаў антываенную прозу, а ў аснову яго дакументальна-мастацкай аповесці «На імперыялістычнай вайне» былі пакладзеныя франтавыя дзённікі.

Адным з першых беларускіх літаратараў звярнуўся да адлюстравання гістарычнай тэмы (зборнікі «Досвіткі», «Люстрадзён», «Сібірскія абразкі»). Самым галоўным для Гарэцкага творам на гэтую тэму павінна была стаць «Камароўская хроніка», аднак з-за заўчаснай смерці кнігу не ўдалося закончыць.

У аповесці «Дзе душы» пісьменнік задумаўся над лёсам інтэлігенцыі. Яго галоўны герой – інтэлігент у першым пакаленні Ігнат Абдзіраловіч. Гэта аповесць натхніла філосафа і публіцыста Ігната Канчэўскага напісаць праграмнае эсэ беларускай філасофіі — «Адвечным шляхам». Аўтар узяў як псеўданім прозвішча галоўнага героя «Дзвюх душ» — Ігната Абдзіраловіча.

«Наяўнасць “дзвюх душ” — не эгаiстычны стан двудушнасцi. Гэта ўнутранае адлюстраванне вобраза свету, якое ўказвае на цяжкасць i складанасць яго пазнання. <…> Калі для еўрапейскіх мадэрністаў дваістасць была найперш катэгорыяй мастацка-эстэтычнай, то для Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага яна набыла сапраўды светапоглядна-філасофскі статус, бо з’яўляецца арганiчнай сутнасцю беларуса», — напісаў пра аповесць даследчык Віктар Каваленка.

«Адна душа казала: "Мне ўсё роўна" ...А другая прыкра балела і маўчала». Разломы лёсу Максіма Гарэцкага
Сцэна са спектакля Купалаўскага тэатра «Дзве душы». Рэжысёр Мікалай Пінігін. 2016. Фота: Вікіпедыя.

Даследчык

Максім Гарэцкі напісаў нашу першую «Гісторыю беларускае літаратуры», літаратурна-крытычную працу «„Маладняк“ за пяць гадоў. 1923—1928», «Хрэстаматыю беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.», склаў «Руска-беларускі слоўнік» (разам з братам Гаўрылам Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнічак», «Практычны маскоўска-беларускі слоўнік» (з Міколам Байковым).

Максім Гарэцкі збіраў фальклор і выдаў «Беларускі этнаграфічны зборнік: песні і прымаўкі (з нотамі), сабраныя па ўсёй Беларусі ў 1922-1926 гг.», а таксама зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (у суаўтарстве з кампазітарам Аляксандрам Ягоравым), куды ўвайшлі больш за 300 песень, запісаных ад маці Гарэцкага.

Грамадскі дзеяч

У 1920-1921 гадах пад яго кіраўніцтвам выходзіла газета «Наша думка». Быў сябрам Інбелкульта, выкладаў у БДУ, быў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі.

«Адна душа казала: "Мне ўсё роўна" ...А другая прыкра балела і маўчала». Разломы лёсу Максіма Гарэцкага
Максім Гарэцкі. Фота: wikipedia.org

Ахвяра

18 ліпеня 1930 года Максіма Гарэцкага арыштавалі па хлуслівым абвінавачанні нібыта за ўдзел у «Саюзе вызвалення Беларусі». Ён быў асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку.

У 1937 годзе яго арыштавалі другі раз. 6 лютага 1938 года прыгаварылі да расстрэлу, які быў прыведзены ў выкананне 10 лютага 1938 года ў горадзе Вязьма.

21 студзеня 1959 года прэзідыум Калужскага абласнога суда поўнасцю рэабілітаваў Максіма Гарэцкага.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: