«Аўкцыённы кантроль»: Мінкульт абяцае маніторыць сусветныя таргі. Але ці вернуцца рарытэты дадому?

Культура
Інтэр'ер у Нясвіжскім замку. Фота: Reform.news.

Дзяржава плануюць сістэмна адсочваць беларускія культурныя каштоўнасці за мяжой. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін. Паводле яго слоў, ведамства выбудавала сістэму маніторынгу замежных антыкварных аўкцыёнаў.

Што абяцаюць у міністэрстве? 

Дзмітрый Шляхцін падкрэсліў, што асноўны акцэнт будзе зроблены на рэстытуцыі — вяртанні незаконна вывезеных каштоўнасцей, асабліва тых, што зніклі падчас войнаў:

«Мы выбудавалі сістэму маніторынгу замежных антыкварных аўкцыёнаў, якая будзе дазваляць своечасова адсочваць з’яўленне тых ці іншых прадметаў. Мы будзем глядзець не толькі на аб’екты рэстытуцыі, але і на ўсе культурныя каштоўнасці, якія так ці інакш звязаны з Беларуссю».

Чыноўнік падкрэсліў, што ведамства сочыць за знакавымі рарытэтамі ў сусветных зборах. У прыватнасці, гаворка ідзе пра ўнікальныя даспехі з Нясвіжа, якія сёння з’яўляюцца гонарам найбуйнейшых музеяў:

«Мы ведаем рэчы, якія былі падараваныя ў свой час Метраполітэн-музею, іншым музеям альбо прададзеныя праз аўкцыёны. Перш за ўсё тое, што тычыцца абарончага ўзбраення, у народзе — даспехаў. У нас ёсць прадметы конскага даспеха XVI стагоддзя, 1520 года, Нюрнберг. Гэта дастаткова знакавыя рэчы… Праз захаваныя ўліковыя пазначэнні мы разумеем, што па прынцыпе аналогіі, калі ўбачым нешта падобнае, можам адразу сказаць — гэта нясвіжскі арсенал, і з гэтым трэба працаваць».

Таксама ў прыярытэце — кніжная спадчына. Паводле слоў Шляхціна, зараз ідзе праца па вяртанні кніжных помнікаў з даваеннага збору аднаго з беларускіх ВНУ, якія зараз знаходзяцца ў Германіі.

Пры гэтым першы намеснік міністра культуры прызнаў існаванне палітычных бар’ераў, якія могуць перашкодзіць у вяртанні каштоўнасцей:

​«Мы не выключаем, што падобныя нашы спробы могуць стаць аб’ектам знешнепалітычнага гандлю таго ці іншага ўзроўню. Мы не выключаем, што з боку пэўных дзяржаў могуць быць прыняты меры, якія не дазволяць даставіць гэтыя каштоўнасці ў Рэспубліку Беларусь. Мы не выключаем, што могуць быць правакацыі па праходжанні тых жа самых плацяжоў».

Рэальнасць vs Абяцанні

Заява пра «сістэмны маніторынг» гучыць прывабна, але гісторыя апошніх дзесяцігоддзяў паказвае, што галоўнай перашкодай у выкупе рарытэтаў быў не «брак інфармацыі», а адсутнасць дзяржаўнай волі і грошай у патрэбны момант.

Тут можна ўзгадаць адзін з самых гучных здабыткаў у беларускай культуры за апошні час — Статут ВКЛ 1588 года, выкуплены Музеем гісторыі Магілёва ў 2012 годзе. Калі ўнікальны асобнік Статута з’явіўся на аўкцыёне, магілёўскія музейшчыкі паведамілі пра гэта. Аднак дзяржава не змагла аператыўна вылучыць $45 000. Рарытэт выратавалі людзі: на заклік музея адгукнуліся сотні беларусаў, бізнесмены і звычайныя грамадзяне. Менавіта краўдфандынг, а не бюджэт Мінкульта, вярнуў галоўны закон ВКЛ на радзіму.

У гэтым кантэксце гісторыя з даспехамі Радзівілаў, пра якія згадвае Шляхцін, выглядае не зусім рэлевантна. Артэфакты трапілі ў Нью-Ёрк не ў выніку кантрабанды, а праз складаныя ланцужкі легальных продажаў прыватнымі асобамі яшчэ ў мінулым стагоддзі. У міжнародным праве гэта азначае, што «заявіць свае правы» на іх амаль немагчыма — музей мае законнае права ўласнасці. Адзіны рэальны шлях вяртання — выкуп, а цана на такія прадметы можа дасягаць мільёнаў долараў. Ці гатова дзяржава да такіх выдаткаў, калі нават значна таннейшыя рарытэты раней ігнараваліся?

Таксама не варта спісваць з рахункаў не толькі пытанне «плацежаздольнасці», але і ізаляцыі. Шляхцін заяўляе, што Беларусь «абсалютна плацежаздольная краіна». Аднак санкцыі і праблемы з міжнароднымі пераводамі робяць удзел дзяржаўных устаноў у прэстыжных аўкцыёнах (кшталту Sotheby’s ці Christie’s) амаль немагчымым.

У той жа час прыватныя ініцыятывы і праекты накшталт ініцыятывы MALDZIS, створаны беларусамі ў выгнанні, маюць значна больш манеўранасці для выкупу і захавання спадчыны.

Што ў выніку?

Пакуль абяцанні Мінкульта выглядаюць як спроба стварыць «віртуальную калекцыю». Мы можам ведаць, дзе знаходзіцца кніга Скарыны ці конскі даспех XVI стагоддзя, але без аднаўлення нармальных дыпламатычных адносін і стварэння рэальнага выкупнога фонду, гэты маніторынг застанецца толькі спісам страчанага.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.