Ад сустрэчы з Маляванычам да ролі рэпы на сцэне: культурны гід на Дзень дзяцей

Культура
Сямейнае свята ля Музея POLIN у Варшаве. Фота: M. Szal.

Што рабіць, калі ў хаце завяліся чэрці, літары збеглі з кніжак на луг, а мышамабіль ката Шпрота нехта скраў? Адказ ведаюць вашы дзеці! Гэтымі выходнымі Варшава, Гданьск, Вільня і беларуская Сула ператвараюцца ў суцэльныя інтэрактыўныя пляцоўкі. Мы сабралі лепшыя івэнты, дзе можна будзе як проста адпачыць на пікніку, так і стаць героямі сапраўдных казачных сюжэтаў. Выбірайце сваю лакацыю і рушце па ўспаміны!

Польшча

Варшава (31 мая, нядзеля)

У польскай сталіцы ў вас ёсць адразу дзве маштабныя лакацыі на выбар.

1. Вялікае сямейнае свята ў Беларускім доме

Ад сустрэчы з Маляванычам да ролі рэпы на сцэне: культурны гід на Дзень дзяцей

Беларускі дом у Варшаве ладзіць сапраўдны вялікі фэст з пікніком і творчай атмасферай. Для дзяцей і бацькоў выступяць знакамітыя і любімыя творцы: Аляксандр Ждановіч (легендарны Маляваныч), калектыў “Пуговицы», Крысціна Дробыш, Васіль Дранько-Майсюк і іншыя.

Што чакае: Сямейны пікнік на свежым паветры, інтэрактыўныя зоны і творчыя майстар-класы, музычныя выступы, спорт, а таксама арт- і кніжны кірмаш.

Калі: 31 мая (нядзеля), пачатак аб 11:00.

Дзе: Беларускі Дом у Варшаве (Kryniczna 6).

Уваход: Вольны.

2. «Падарожжа па Краіне Апавяданняў» у Музеі POLIN

Ад сустрэчы з Маляванычам да ролі рэпы на сцэне: культурны гід на Дзень дзяцей
Фота: M. Jaźwiecki.

Музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN падрыхтаваў захапляльную праграму на базе часовай выставы “Моц слоў. Пра яўрэйскія мовы”.

Важная дэталь для беларусаў: Арганізатары адзначаюць, што амаль усё мерапрыемства ў той ці іншай ступені будзе даступным на беларускай мове! Гэта выдатная магчымасць правесці час у знаёмым моўным асяроддзі.

Што чакае: Гульні на свежым паветры, сямейныя квэсты па пастаяннай і часовай экспазіцыях (з заплечнікамі-загадкамі і сямейнымі аўдыёгідамі), будаванне замкаў з вялікіх блокаў, стварэнне лялек і гульня «Літарнае галавакружэнне».

Калі: 31 мая (нядзеля), з 11:00 да 15:00.

Дзе: Музей POLIN, вул. Анялевіча 6 (ul. Anielewicza 6).

Карысна ведаць: Актыўнасці на свежым паветры будуць праходзіць у намётах на траве, таму рух з вазкамі можа быць складаным. На выпадак гарадскога шуму ў музеі можна бясплатна пазычыць гукаізаляцыйныя навушнікі, таксама ў будынку даступны ціхі пакой.

Гданьск (1 чэрвеня, панядзелак)

Ад сустрэчы з Маляванычам да ролі рэпы на сцэне: культурны гід на Дзень дзяцей

Сямейнае шоў “Уладзімір Караткевіч і Дзіва аднавокае” Трумаста (Трыгарад) адзначыць Дзень абароны дзяцей сапраўдным казачным чараўніцтвам. Перад гледачамі разгорнецца вострасюжэтна-лялечнае дзейства паводле казак Уладзіміра Караткевіча («Мужык і Дзіва аднавокае», «Лебядзіны скіт», «Чортаў скарб»). Пастаноўка Васіля Дранько-Майсюка, мастацкае афармленне Алены Баяравай.

Што чакае: Гледачы даведаюцца, як не паддавацца адчаю і выходзіць пераможцамі з самых складаных сітуацый, а яшчэ — змогуць самі паўдзельнічаць у пастаноўцы! Дзеці і дарослыя змогуць ператварыцца ў смелых птушак, вясёлых мядзведзяў ці нават сыграць ролю… рэпы.

Будзе шмат гульняў, жартаў, песень і танцаў.

Калі: 1 чэрвеня (панядзелак), пачатак а 17:30 (час мясцовы).

Дзе: Filia Gdańska, ul. Mariacka 42, Гданьск.

Уваход: Вольны (альбо за данаты).

Вільня (31 мая, нядзеля)

Выпускны і тэатр у Музеі імя Івана Луцкевіча

Ад сустрэчы з Маляванычам да ролі рэпы на сцэне: культурны гід на Дзень дзяцей

Віленская беларуская школка запрашае ўсіх на сваё фінальнае свята навучальнага года. Галоўнай падзеяй дня стане прэм’ера ад тэатральнай групы школкі.

Што чакае: Дзеці пакажуць спектакль «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль», да якога вельмі доўга і старанна рыхтаваліся. А пасля пастаноўкі ўсіх гасцей чакае вялікая дзіцячая вечарына: салодкі стол, дыскатэка, мыльныя бурбалкі і паветраныя шарыкі.

Калі: 31 мая (нядзеля), пачатак а 13:00 (па мясцовым часе).

Дзе: Беларускі музей імя Івана Луцкевіча (Vilniaus g. 20, Вільня).

Уваход: Вольны.

Беларусь (30-31 мая, субота і нядзеля)

Дзіцячы ўік-энд у Парку гісторыі Сула

Ад сустрэчы з Маляванычам да ролі рэпы на сцэне: культурны гід на Дзень дзяцей

Калі вы ў Беларусі, выдатным варыянтам для загараднай вандроўкі стануць выходныя ў папулярным гістарычным парку пад Стоўбцамі, дзе адзначаюць пачатак канікулаў.

Што чакае: Вясёлыя гульні на Кірмашовай плошчы, адмысловая анімацыя для дзяцей і сустрэча з знакамітым мядзведзем Алесем, які будзе раздаваць падарункі ад партнёра “Белы полюс”.

Калі: 30 і 31 мая (субота і нядзеля), пачатак актыўнасцей з 14:00.

Дзе: Парк гісторыі Сула, Стаўбцоўскі раён.

Кошт квіткоў: Дарослыя — 45 рублёў (для падпісчыкаў сацсетак Сулы — 40 рублёў); дзеці ад 7 да 17 гадоў — 25 рублёў; дзецям да 7 гадоў уваход цалкам вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.