Беларускі фэнтэзі-фолк-гурт Irdorath выпусціў новую відэапрацу на песню «Праз хмары», якая стала вынікам сумеснай творчасці і натхнення з культавымі метрамі еўрапейскага паган-фолку — лідарамі нідэрландскага гурта Omnia Стывам і Джэні Эванс-ван дэр Харэнт.
Як расказваюць лідары Irdorath Надзея і Уладзімір Калач, песня нарадзілася роўна год таму ў момант найцяжэйшага маральнага і фізічнага зняможання. Пасля рэпрэсій на радзіме, уцёкаў і пераезду ў Германію музыкам давялося літаральна з нуля вяртацца на еўрапейскую музычную сцэну. У моманты, калі сумневы наконт таго, ці варта працягваць гэтую гонку, білі асабліва балюча, усё змяніла сустрэча з кумірамі юнацтва.
«Гэтая сустрэча дала нам столькі натхнення, што мы не проста знайшлі сілы ісці далей — мы напісалі гэтую песню», — прызнаюцца музыканты.
Кліп «Праз хмары» закліканы стаць апорай і падтрымкай для ўсіх, хто праходзіць праз уласныя штормы на шляху да мары.
Дададзім, што ў відэа напрыканцы з’яўляецца Ян Ірдарат Калач — маленькі сын Надзеі і Уладзіміра, які нарадзіўся літаральна ў ліпені.
Irdorath — беларускі фэнтэзі-фолк-гурт, створаны ў 2011 годзе Надзеяй і Уладзімірам, які спалучае ў сваёй творчасці сярэднявечныя, паганскія і аўтарскія матывы. Калектыў набыў шырокую вядомасць дзякуючы маштабным шоу і рэгулярным выступам на найбуйнейшых еўрапейскіх фолк-фестывалях. У 2021 годзе Надзя і Уладзімірам былі рэпрэсаваныя ў Беларусі па палітычных матывах і асуджаныя да пазбаўлення волі на два гады. Пасля вызвалення музыкі эмігравалі ў Германію, дзе здолелі аднавіць творчую дзейнасць і зноўку сабраць гурт на еўрапейскай сцэне.
Omnia — гэта культавы нідэрландскі музыкальны калектыў, заснаваны ў 1996 годзе Стывам і Джэні Эванс-ван дэр Харэнт, які лічыцца адным з галоўных амбасадараў еўрапейскага паган- і кельцкага фолку. Музыканты вядомыя сваёй акустычнай этна-творчасцю са старажытнымі інструментамі, прыроднай філасофіяй і незалежным падыходам, а таксама магутным уплывам на цэлае пакаленне фэнтэзі-фолк-гуртоў па ўсім свеце. Сярод іх самых вядомых хітоў — энергічны гімн «Fee RaHuri», містычная кампазіцыя «Eis Aettir» і драйвовая «Wicca Man».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
