«У кожнага чалавека ёсць яго вольная прастора»: Надзея Лучанок — пра шалёнае чаяванне і філасофскае дзяцінства

Главное
Сям'я Мацкевічаў: Святлана, Надзея і Уладзімір. Фота: Ганна Папруга.

«Беларусы ў Лодзі» – актыўная суполка, што аб’яднала землякоў у гэтым польскім горадзе.

У пачатку верасня яны арганізавалі «Шалёнае чаяванне» – філасофскія развагі, падчас якіх абмяркоўвалі кнігу «Свабода і Мысленне: эсэ пра грамадзянскую супольнасць» Уладзіміра Мацкевіча, філосафа, які знаходзіцца за кратамі. Сустрэчы былі арганізаваны таксама ў Літве і Грузіі і прайшлі настолькі ўдала, што плануецца ладзіць іх на рэгулярнай аснове.

Сярод арганізатараў «Шалёнага чаявання» Надзея Лучанок – дачка Уладзіміра Мацкевіча. Reform.by паразмаўляў з ёй пра нефармальны фармат філасофскіх абмеркаваняў, бацькоўскае выхаванне і эмігранцкае жыццё ў дынамічным горадзе.

Надзея жыве ў Лодзі каля года, яна пераехала сюды з Варшавы.

Лёгкі фармат для сур’ёзных размоў

– Надзея, што гэта за такі культурніцкі фармат – шалёнае чаяванне?

– Мы запланавалі ўсе гэтыя мерапрыемствы ў рамках краўндфандынгава збору на запіс новай аўдыякнігі Уладзіміра Мацкевіча «Свабода і Мысленне: эсэ пра грамадзянскую супольнасць».

Чаму такая назва? Дзевяць гадоў таму на Ютубе было запісана некалькі перадач Уладзіміра Мацкевіча з Яўгенам Ліпковічам пад такой жа назвай. Яны запрашалі гасцей і абмяркоўвалі разнастайныя тэмы.

Раней, падчас галадоўкі майго бацькі, мы ладзілі чытанні яго тэкстаў, а цяпер запланавалі летні і нефармальны фармат – чаяванні. У Літве яны адбыліся ў сераду на гэтым тыдні, у пятніцу – у Батумі і ў Лодзі.

Безумоўна – гэта разумнае чаяванне, філасофскія гутаркі. Наша сустрэча нагадвала метадалагічны гурток, мы рэфлексавалі над падзеямі апошніх двух год. Паразважалі над пытаннем «Што нам рабіць далей?».

У Літве правялі гутарку першымі, і там вырашылі сустракацца на рэгулярнай аснове. Ад пачатку меркаваліся разавыя акцыі, проста, каб закрыць збор грошай на выданне аўдыякнігі майго бацькі. Аднак ужо зразумела, што такі фармат застанецца, бо ў людзей існуе вострая патрэба спыніцца і асэнсаваць, што адбываецца.

Бо здарылася так шмат драматычных падзей, што ўсім неабходна правесці рэвізію і адрэфлексаваць той стан, у якім усе апынуліся.

– Паводле вашага меркавання, якія ідэі Уладзіміра Мацкевіча найбольш каштоўныя на гэтым прыпынку, у гэтай самарэфлексіі?

– Мне найбольш блізкая яго думка, што спачатку свабодным становіцца мысленне, а потым яно робіць свабодным усё астатняе. Можна адабраць свабоду, але ў якія рамкі ты не змясці чалавека, у яго застанецца вольная прастора – яго мысленне. Напэўна, цяпер гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Людзі таму робяць правільны выбар. Мы бачым гэта на кожным кроку, напрыклад, тое, што адбывалася ў Беларусі першага верасня на адкрытым уроку… Можна зрабіць жорсткі адбор у пошуку лаяльных, а людзі ўсё роўна не баяцца задаваць важныя пытанні.

– Атрымліваецца, што дзеці праз гэтыя рамкі ўсё ж пранеслі зброю, і даволі эфектыўную – свабоднае мысленне, якое не фіксуецца ніякімі металадэтэктарамі?

– Так. І гэта рэпрэсіўная махіна, запушчаная ў 2020 годзе, бяссільная перад такімі рэчамі. У мяне з’яўляецца адчуванне, што супраціў грамадства выходзіць на новы этап, мы аналізуем глыбей, актыўней займаемся самаадукацыяй. Кнігі Мацкевіча становяцца больш запатрабаванымі, хоць усе гэтыя ідэі былі агучаны раней, да таго, як яго пасадзілі ў турму. Мы проста афармляем гэта ў тэксты, тое, што ён пісаў у сваім дзённіку, яго пасты, заклікі. І мы разумеем, што прайшло ўжо больш за год, як ён сядзіць у турме, а некаторыя тэксты былі напісаны яшчэ раней, але яны дасюль актуальныя. А многае з яго разважанняў становіцца актуальным менавіта цяпер.

Філосаф у турме

– Надзя, ці той факт, што ваш бацька пайшоў у турму, зрабіла яго голас больш чутным? Гэта быў свядомы яго крок – не з’язджаць?

– Так, гэта быў яго свядомы выбар. Ён заўсёды дэклараваў, што ён і Баларусь – непадзельныя. Гэта быў і філасофскі ўчынак, я мяркую…

– То-бок ён з вамі гэта не прагаворваў?

– Ён паведаміў, якраз перад тым, як яго пасадзілі, што ўсё, што можна, ён ужо сказаў і напісаў, і можна адысці. Аднак я ведаю, што ў турме ён прайшоў шмат стадый пераасэнсавання сваёй дзейнасці і цяпер піша новую кнігу. Усё ж такі не ўсё ён сказаў. І спадзяюся, што ў нас будзе магчымасць гэтыя тэксты ўбачыць і прачытаць.

У яго было ўласнае бачанне свайго шляху, але цяпер нам вельмі моцна яго не хапае. Нам – гэта не толькі сям’і, але і вучням, калегам. Грамадзянскай супольнасці – я ведаю гэта, бо пастаянна чую такія выказванні на сустрэчах. Калі бацька быў на волі, яго супярэчлівыя ідэі не ўсе маглі прыняць, цяпер разумення больш.

Атрымліваецца, што чалавеку трэба сесці ў турму, каб яго пачулі.

«У кожнага чалавека ёсць яго вольная прастора»: Надзея Лучанок - пра шалёнае чаяванне і філасофскае дзяцінства
Уладзімір Мацкевіч на лекцыі з цыклу «Будучыня Беларусі: прагнозы, праекты, мары і фантазіі», 2016. Мінск, ЦЭХ. Фота: Ігар Раханскі.

– Мяркую, што ён пра гэта ведаў…

– Таксама так лічу.

– А чаго вам больш не хапае? Яго непасрэднай рэакцыі, парады? У вас ёсць з ім сувязь?

– Парады, бачання, рэфлексіі. Апошнюю вестку адтуль я атрымала ў канцы мая – на свой дзень нараджэння. Больш лісты не праходзяць, сувязі няма.

Гэта цяжка, суцяшае, што яны могуць забараніць лісты, аднак не здольныя разарваць эмацыянальную сувязь паміж людзьмі –  лучнасць палітзняволеных з іх роднымі. Ніхто не перашкодзіць мне за яго маліцца і адчуваць тое, што адчувае ён. Гэта складана патлумачыць, але родныя палітзняволеных мяне зразумеюць. Моцныя сувязі – не разарваць.

– Як ставіцеся да галасоў суцяшэнняў ад зняволеных з турмы, маўляў, усё наладзілася, увайшло ў рытм, не ўсё так кепска…

– Магчыма, яны кажуць так, каб мы не перажывалі. Бо я сама гэтым грашу і вельмі моцна сябе караю, спрабую сябе абмяжоўваць. Я не магу радавацца, рабіць звыклыя рэчы – я павінна пакутаваць. Ён пакутуе – і я павінна. Гэта вельмі цяжка.

«У кожнага чалавека ёсць яго вольная прастора»: Надзея Лучанок - пра шалёнае чаяванне і філасофскае дзяцінства
Сям’я Мацкевічаў: Уладзімір, Надзея, Святлана. Фота: Ганна Папруга.

– Магчыма, найперш цяжка тым, хто сядзіць у турме, яны могуць адчуць стан родных?

– Безумоўна, таму мы павінны не караць сябе, а жыць дзеля іх, з імі трэба дзяліцца сваімі дадатнымі эмоцыямі, а не перажываннямі. Я год выспявала да прыняцця гэтай думкі.

Для мяне парады бацькі заўсёды былі маяком. Калі ён трапіў у турму, не толькі я, многія страцілі гэты арыенцір. Цяпер разбіраемся самастойна – і ў яго тэкстах, і ў тым, што вакол адбываецца. Каб зразумець, як «думаць Беларусь».

– Ён нібы аддаў вам свой голас… Яго жыццёвыя арыенціры – што яны для вас пазначалі – філасофію, жыццё, побыт, усё ў сукупнасці? Якія яго ідэі дапамаглі вам у жыцці?

– Бацька заўсёды быў для мяне настаўнікам, аўтарытэтам, жывой энцыклапедыяй. Я магла задаць яму абсалютна любое пытанне.

Ён каласальным чынам паўплываў на маё жыццё, на маё развіццё. І на маё самавызначэнне, хоць я з падлеткавага перыяду ішла ад адваротнага, казала, што ніколі не буду займацца тым, чым займаюцца мае бацькі. У школе ўдзельнічала ў алімпіядах і пісала філасофскія работы, таму, паводле бацькоўскага плана, павінна была паступаць на філасофскі факультэт. Але я не пайшла на філасофскі, а выбрала сваю дарогу: вучылася ў Эканамічным універсітэце, потым на менеджменце ва Універсітэце Лазарскага ў Польшчы, потым у Варшаўскім універсітэце.

«У кожнага чалавека ёсць яго вольная прастора»: Надзея Лучанок - пра шалёнае чаяванне і філасофскае дзяцінства
Надзея Лучанок. Фота: Алена Сянкевіч.

– Вы так і не адказалі на пытанне, якія арыенціры былі самымі важнымі. Хоць я падазраю, што  ён навучыў вас проста любові да ведаў, не вызначаючы ні рамак, ні кірунку.

– Так, ён вучыў рэфлексіі і самавызначэнню. Даў мне ўсе магчымасці для майго  выбару – шанц самастойна знайсці адказы на важныя пытанні. Быў проста побач – як настаўнік, што скіроўвае і дае падказкі.

Я заўсёды на яго магла разлічваць, нават у асабістым жыцці, бо ён чалавек справы. Некалькі раз ратаваў у вельмі цяжкіх сітуацыях – прыязджаў і дапамагаў. Як псіхолаг, ён шмат ведае. І як высветлілася, гэта не проста тэарэтычныя веды, але і практычныя. Ён не баіцца дзейнічаць.

— Як цяпер спраўляецеся? Што падтрымлівае?

­– Праца, барацьба, родныя і блізкія. І псіхолагі, безумоўна, вельмі моцна ўсім дапамагаюць знайсці апору ў саміх сябе.

Ад прамысловага цэнтра да горада студэнтаў

– Горад, у які вы пераехалі, быў некалі адным з прамысловых цэнтраў. Сёння ён мяняецца і перажывае другую маладосць. Якія вашы ўражанні ад яго?

– Лодзь – горад кантрастаў: тут спалучаюцца разваленыя будынкі і ўнікальная сучасная архітэктура. Я ўспрымаю яго як алегорыю жыцця – прыгожы фасад, а за ім нешта іншае. Такія кантрасты мне бліжэй, чым вылізаныя гарады. Тут вальней, цішэй, не трэба нікуды бегчы, хоць горад і лічыцца трэцім па велічыні ў Польшчы.

І цяпер ён праходзіць шмат стадый свайго развіцця – пераходных, трансфармацыйных.

– Беларусы ў Лодзі – шматлікая і актыўная суполка. Разумею, што так было не заўсёды?

Па, першае, Лодзь – горад студэнтаў, тут іх шмат – і яны з’яднаны. У 2020-м усе ўвогуле сталі яднацца, шукаць адно аднаго. Тады ж паўстала гэта аб’яднанне – «Беларусы ў Лодзі», больш за 2000 тысячы чалавек. З’явіўся фонд, а польскі бізнесмен у 2021 годзе выдзеліў нам трохпавярховы дом.

«У кожнага чалавека ёсць яго вольная прастора»: Надзея Лучанок - пра шалёнае чаяванне і філасофскае дзяцінства
Цэнтр беларусаў у Лодзі. Фота прадастаўлена Надзеяй Лучанок.

І цікава, што ў пачатку ўсе беларусы былі з’яднаныя ў нейкую адну структуру, цяпер нас настолькі шмат, што пачало адбывацца яднанне па інтарэсах, па суполках, групах.

Сам час спрыяе таму, каб збірацца на сустрэчы, задаваць сабе важныя пытанні, знаходзіць на іх адказы і, безумоўна, чытаць тэксты Мацкевіча, якія не страчваюць сваёй актуальнасці. Напрыклад, на новым сайце, які нядаўна быў створаны паплечнікамі бацькі, і які і надалей будзе папаўняцца ягонымі працамі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: