Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з «Арт Сядзібай», цяпер зачыненай

Главное
БНР-100, 2018 год. Фота: "Будзьма беларусамі"

У канцы нулявых гадоў культурнае жыццё ў Мінску было своеасаблівым. Падзеі, на якія хадзіла беларускамоўная моладзь, адбываліся на пляцоўках кшталту музеяў, галерэі «Ў», сядзібы БНФ і ТБМ, звычайна гэтыя літаратурныя і музычныя імпрэзы былі культурнымі ў класічным сэнсе слова і далёкімі ад уяўлення пра моладзевыя нефармальныя вечарыны, з даволі сур’ёзнай арганізацыяй і вядомымі выступоўцамі. А для невядомых былі хіба конкурсы дэбютантаў.

Усё змянілася ў канцы 2011 года. Тады ў сталіцы ўпершыню ўзнікла папулярная моладзевая пляцоўка, дзе маладыя людзі самі для сябе і такіх жа, як яны, прыдумвалі і праводзілі разнастайныя мерапрыемствы без абмежавання па тэмах і фарматах. Больш не абавязкова было, напрыклад, мець публікацыі або пратэкцыю вядомых літаратараў, каб выйсці на сцэну і прачытаць свае вершы перад аўдыторыяй.

Гэтая пляцоўка называлася «Арт Сядзіба». Яна праіснавала 10 гадоў і за гэты час цалкам змяніла культурную прастору Беларусі, даўшы старт безлічы ініцыятыў і творчых праектаў. У сярэдзіне лістапада яе колішняга заснавальніка затрымалі, а ў дзень юбілею ўстановы ён стаў абвінавачаным па крымінальнай справе. Пасля гэтага «Арт Сядзіба» аб’явіла аб закрыцці з-за ціску ўладаў і рызыкаў для каманды. Reform.by вырашыў згадаць, якімі былі гэтыя 10 гадоў і за што беларусы будуць памятаць «Арт Сядзібу».

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Адна з паштовак, выпушчаных да дня народзінаў «Арт Сядзібы». Скрыншот падкасту «Трэба»

Заснавалі «Арт Сядзібу» ўвосень 2011-га некалькі сяброў, якім тады было па 23-24 гады, у першую чаргу гэта Павел Белавус і рок-музыкант Зміцер Афанасенка, а таксама Франак Вячорка, які тады многа займаўся праектамі, звязанымі з беларускай культурай.

«Я скончыў універ (геафак БДУ — Reform.by), прайшоў войска, прыехаў у Менск пасля размеркавання і бадзяўся, шукаў, чым сабе займацца, і вось у такіх пошуках і нарадзілася «Арт Сядзіба», — расказваў Павел Белавус у кастрычніку 2021 года ў выпуску свайго падкасту «Трэба» (тут і далей, калі не ўказана іншае, выкарыстоўваюцца цытаты з падкаста).

«У нас была ідэя знайсці нейкае месца, дзе б моладзь магла збірацца, рабіць нейкія рэчы культурнага плану, сацыяльнага. Спрабуем даць людзям магчымасць сваю энергію скіраваць у добрую, творчую плынь», — так тлумачыў Павел ідэю ў міні-фільме 2012 года «Арт Сядзіба: ад ідэі да падзеі».

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Павел Белавус на адкрыцці пляцоўкі. Тут і далей фота з сацсетак «Арт Сядзібы», калі не пазначана іншае

Сябры зарэгістравалі інфармацыйна-асветніцкую ўстанову «Амарока» — паводле назвы гурта Змітра Афанасенкі. Ён потым адказваў у арганізацыі за музычную частку, а Белавус стаў дырэктарам. Яны знялі памяшканне ў пустуючым будынку завода «Гарызонт» на Куйбышава, 22.

«Калі амерыканскія стартапы пачыналіся з гаражоў, то «Арт Сядзіба» — з цэху на «Гарызонце». Усяго 50 квадратных метраў, якія змянілі культурную прастору Беларусі», — казаў у яшчэ адным леташнім відэа Павел.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай

Памяшканне было пустым, актывісты прыцягнулі туды нейкую мэблю, а ўдзельнікі стрыт-арт праекта Signal (ён тады толькі паўставаў) распісалі памяшканне сваімі графіці. Тады ў Беларусі муралаў яшчэ не было, і якраз з гэтага часу пачалося развіццё сур’ёзнага стрыт-арт руху, у «Арт Сядзібе» пазней таксама праходзілі мерапрыемствы па тэме.

Адкрыццё прасторы адбылося 24 снежня 2011 года. Там выступіў тады ўжо вядомы паэт Антон Рудак і малавядомая спявачка Паліна Рэспубліка. «Арт Сядзіба» працавала на валанцёрскіх пачатках, не хапала рук нават на ўборку, і таму ўсіх гасцей ужо з першай імпрэзы прасілі разувацца ля ўваходу.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Паліна Рэспубліка на адкрыцці пляцоўкі

Таксама як валанцёр яшчэ да адкрыцця ў «Арт Сядзібе» з’явіўся 20-гадовы Алесь Снег. Як расказваў Алесь у падкасце «Трэба» ў 2021-м, тады ён убачыў у сацсетках аб’яву ад Паўла Белавуса аб адкрыцці новай культурніцкай пляцоўкі і пошуку валанцёраў. Алесь захацеў быць удзельнікам гэтага, напісаў Паўлу і далучыўся да каманды. Ён у той час вучыўся ў Баранавіцкім універсітэце, ездзіў дахаты ў Бабруйск праз Мінск і шторазу заязджаў на «Арт Сядзібу», няхай нават на 15 хвілін. Даволі хутка Алесь стаў адным з рухавікоў «Арт Сядзібы», а ў 2017 годзе — і кіраўніком арганізацыі.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Алесь Снег на адным са святкаванняў дня народзінаў «Арт Сядзібы»

Ініцыятыва стартавала вельмі актыўна. Амаль штодня там адбываліся самыя разнастайныя падзеі. Ужо за першыя некалькі месяцаў «Арт Сядзіба» здабыла папулярнасць, у якасці гледачоў і выступоўцаў там была далёка не толькі моладзь, а людзі ўсіх узростаў, не толькі маладыя творцы-пачынальнікі, але і вядомыя артысты, грамадскія і культурныя дзеячы.

«Гэта была ў першую чаргу прастора пра мову, культуру, гісторыю, актывізм», — казаў Павел Белавус.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Выступ Ігара Варашкевіча

Што адбывалася ў «Арт Сядзібе»? Канцэрты, у тым ліку дабрачынныя, літаратурныя чытанні, кінапрагляды, презентацыі, гульні, выставы, спектаклі, лекцыі, беларускамоўны стэндап… Ужо ў першы год там бывалі і госці з замежжа, і беларусы, якія потым станавіліся шырока вядомымі не толькі ў сваёй краіне. Напрыклад, прыгадваў Белавус, у 2012-м прыязджаў расійскі паэт і музыкант Сямен Ісаеў, які тады быў ужо папулярным. Сёння ён — вядомы трэвэл-блогер «Бродяга Фишай». У тым жа годзе выйшаў моладзевы фільм Андрэя Курэйчыка па замове ПРООН «Вышэй за неба», галоўную ролю ў якім сыграў Леанід Пашкоўскі. Сёння ён таксама аўтар вельмі папулярнага трэвэл-блога «Хочу домой». А тады менавіта ў «Арт Сядзібе» Курэйчык правёў прэзентацыю сваёй аўтарскай версіі фільма.

На гэтай жа пляцоўцы пачыналі выступаць і набіраць папулярнасць Паліна Рэспубліка і гурт ЛСП. Музыкі там было вельмі шмат, і ў лістападзе 2012 года каманда нават выпусціла дакументальны фільм «Мова. Музыка. Маладосць» пра гісторыю развіцця беларускамоўнай музыкі.

У траўні таго ж года «Арт Сядзіба» арганізавала маштабную музычную імпрэзу, якая запомнілася надоўга. Спачатку меркавалася, што яна адбудзецца на верхніх паверхах таго ж будынка ў пустых завадскіх цэхах.

«Мы дамовіліся з N.R.M., з крутым польскім гуртом Paprika Corps, такі класны быў склад. І мы да апошняга верылі, што нам дадуць памяшканне. Але паралельна дамовіліся з R-Club, быў такі на Сурганава. У выніку за суткі нам адмовілі, і мы акуратненька ўсё перанеслі ў клуб», — расказваў Павел Белавус.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Amaroka на канцэрце

N.R.M., AMAROKA і астатнія музыканты выступалі ў клубе да раніцы. А пасля гэтага адбылося тое, што сёння складана ўявіць.

«Мы запартнёрыліся з палякамі, і яны прывезлі некалькі соцень залатых касцюмаў. Ідэя канцэрта была яшчэ і ў перфомансе: у пяць раніцы сканчаецца канцэрт, усе надзяваюць гэтыя касцюмы, выходзяць на праспект і ідуць у бок станцыі метро Маскоўская, там ёсць на дамах такія савецкія муралы з залатымі людзьмі. І залатыя людзі ідуць да залатых людзей. Гэта была ідэя польскага мастака-перформера Паўла Альтхамера, ён да нас звярнуўся, і гэта быў першая наша маштабная акцыя», — узгадваў Павел.

Акцыя называлася «Прамень сонца», паўтары сотні чалавек у залатых касцюмах сапраўды прайшліся на досвітку па пустым праспекце Незалежнасці, хорам спяваючы N.R.M. і сустракаючы ўзыход сонца. Засталіся відэафрагменты.

Хутка пасля гэтага, пабачыўшы маштабы дзейнасці, «Арт Сядзібе» адмовілі ў арэндзе памяшкання на заводзе. Пасля гэтага камандзе давялося змяніць некалькі лакацый не па сваёй волі: дзяржслужбы зрывалі мерапрыемствы, з’яўляліся, напрыклад, пажарныя і забаранялі выкарыстанне памяшкання, у выніку ўласнікі разрывалі дамову арэнды. З год «Арт Сядзібе» давялося існаваць паўпадпольна, у кватэры. А ўсяго за 10 гадоў было восем пераездаў, пакуль не адкрыліся на Машэрава, 18.

«Каманда перыядычна змянялася, для многіх «Арт Сядзіба» была плацдармам, пачаткам для чагосьці новага, многія пайшлі ў іншыя арганізацыі пасля нашых івэнтаў, праектаў, свае двіжнякі пачалі рабіць», — казаў Павел Белавус.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Апошняя лакацыя «Арт Сядзібы». Фота: Яндэкс.Карты

Адным з важных напрамкаў каманды былі школы арт-менеджменту, якія «Арт Сядзіба» праводзіла рэгулярна. Гэтыя школы сталі імпульсам для ўзнікнення мноства культурных і грамадскіх ініцыятыў па ўсёй Беларусі.

«Я адчуў, што мы не проста каманда сяброў, а цэлая сям’я. «Арт Сядзіба» — гэта альтэрнатыва шэрасці і будзённасці сучаснага беларускага жыцця. Гэта вельмі класная, крутая каманда аднадумцаў, гэта цэлая субкультура, да якой належаць людзі не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах і нават за мяжой. Хацелася б, каб «Арт Сядзіба» стала такой сеткай устаноў, як «Старбакс» у Амерыцы, куды на кожным рагу вуліцы можна было б зайсці, каб пачуць беларускую музыку, беларускую культуру і проста пагаварыць па-беларуску. Для «Арт Сядзібы» ўсё толькі пачынаецца», — казаў Франак Вячорка ў 2014 годзе.

Менавіта «Арт Сядзіба» дала старт папулярнасці арнаменту і вышыванак у Беларусі. Гэта адбылося ў 2014 годзе, пасля Майдана і пачатку вайны ва Украіне, калі галоўнымі тэмамі для беларускай грамадзянскай супольнасці сталі незалежнасць і суверэнітэт, нацыянальная ідэя і нацыянальная свядомасць. А значыць — і нацыянальныя сімвалы. Гэтае пытанне і тады падзяляла беларусаў. «Арт Сядзіба» знайшла сімвал, які аб’ядноўваў.

«Стужка з арнаментам з’явілася ў супрацьвагу прарасійскаму сімвалу — георгіеўскай стужцы. Яна задумвалася як сімвал, які можа аб’яднаць прыхільнікаў розных беларускіх сімвалаў — дзяржаўнага сцяга і бел-чырвона-белага — якія маюць ідэалагічныя супярэчнасці, але аднолькава лічаць найважнейшай каштоўнасцю незалежнасць Беларусі. Колеры — бел-чырвона-белыя, але арнамент — як на дзяржсцягу», — тлумачыў Белавус.

У продажы тады адпаведных стужак не было, і «Арт Сядзіба» замовіла патрэбную проста на дзяржаўнай фабрыцы «Стужка» — 5 тыс. метраў. Знайшлі каля сотні валанцёраў, парэзалі стужку на кавалачкі і за дзень на акцыі «Беларуская стужка» раздалі ўсе 20 тысяч адрэзкаў. Гэта стала стартам хвалі папулярнасці арнаменту. Фабрыка сама стала вырабляць такую стужку і пастаўляць у крамы.

«Нас, дарэчы, на гэтай першай акцыі затрымалі, калі мы раздавалі стужку, але вельмі хутка адпусцілі. Я кажу: што вы нас затрымліваеце, у нас ёсць усе паперы, што стужка набытая ў дзяржаўнага прадпрыемства. Гэта, дарэчы, дадало яшчэ рэзанансу, усе пісалі: як так, затрымліваюць за стужку з арнаментам! І пайшла агромная хваля. Гэта візуальна стала бачна, што там чалавек з такой стужкай, там, а вось яна на машыне…» — згадваў Павел у падкасце.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай

Гэтая стужка стала таксама і пачаткам крамы Symbal.by і з’яўлення самых розных прадуктаў з арнаментам і іншымі сімваламі Беларусі. Першым хітом стала вышыванка-«вышымайка». Пазней ідэю падхапілі і сталі паўтараць нават дзяржаўныя органы і БРСМ. Гэта было пасля таго, як «Арт Сядзіба» з шалёным поспехам правяла некалькі «Дзён вышыванкі».

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Рэклама вышымаек з удзелам Вольгі Хіжынковай

«Фактычна раздача беларускай стужкі была міні-промаакцыяй да Дня вышыванкі. Мы першы правялі ўвосень 2014 года, гэта быў невялічкі клуб на Талбухіна. Мы тады зразумелі, што месца вельмі маленькае, там змяшчалася каля 100 чалавек, а стаяла чарга, і цягам дня хваля не змяншалася. І мы вырашылі, раз ёсць такая запатрабаванасць, зрабіць яшчэ раз. Пайшлі так даволі нахабна ў Палац мастацтва і прапанавалі там зрабіць. На наша дзіва, яны пагадзіліся. І праз некалькі тыдняў мы правялі, і быў зноў такі натоўп, што мы зразумелі, што ў наступны раз патрэбна іншая пляцоўка», — расказваў Белавус.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай

Але праз год ініцыятыву перахапіў БРСМ. Алесь Снег расказваў, як ён з сябрам пабываў на тым першым Дні вышыванкі, арганізаваным уладамі ў 2015-м каля Палаца спорту. Яны прыйшлі туды ў футболках з «Пагоняй», жартуючы, што цяпер БРСМ падхопіць і гэта. Іх без праблем прапусцілі. Але спяваць песні «Ляпіса Трубяцкога» ў караоке, якое там абсталявалі, ім не дазволілі.

«Як хутка змяняецца час! — здзіўляўся ў кастрычніку 2021-га Павел Белавус. — Тады праводзілі Дзень вышыванкі, але не дазвалялі выконваць «Ляпіс Трубяцкі», праходзіць год — «Брутта» па ўсёй краіне ездзіць з турам, праходзіць яшчэ некалькі гадоў — і ўсё ляснулася яшчэ горш…».

«Я заўжды думаю пра тое, што «Арт Сядзіба» прайшла ўжо многа такіх вось хваляў, — працягваў ён. — І калі некаторыя кажуць, што цяпер «усё прапала», то… Сябры, не ўсё прапала, проста на прыкладзе «Арт Сядзібы» [паглядзіце]: калі мы мелі магчымасць арганізоўваць вялікія опэн-эйры на тысячы чалавек, мы рабілі. Калі мы не мелі магчымасці арганізоўваць такое, то мы проста засядалі недзе і рабілі сайт, ці рабілі адукацыйную школу. І заўжды ў кожнай сітуацыі мы шукалі і знаходзілі магчымасць працягваць нешта рабіць».

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
У першым памяшканні «Арт Сядзібы»

«Зараз, дарэчы, мне падаецца, зноў надыходзіць такі момант, што трэба будзе шукаць нейкі аб’ядноўваючы сімвал для вось гэтыя дзвюх Беларусяў, якія падзяліліся. Тыя сябе называюць «патрыёты Беларусі», і ёсць іншыя патрыёты. У любым выпадку, я ўпэўнены, прыйдзе хутка час, калі ўсіх гэтых людзей, беларусаў, трэба будзе чымсьці аб’ядноўваць. І я думаю, што зноў жа стужачка з арнаментам можа быць такой штукай», — меркаваў Белавус. Усё гэта ён казаў незадоўга да яго затрымання.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай

Далей, у 2016 годзе, як згадваў Павел, хваля папулярнасці арнаменту дакацілася да Беларускай федэрацыі футболу. Яны правялі рэбрэндынг і сталі «Камандай пад белымі крыламі», выпусцілі новую форму з арнаментам.

«Я яшчэ тады жартаваў, што Symbal.by, не ведаючы сам, стаў галоўным спонсарам зборнай Беларусі. Бо яны ў 2017-м узялі арнамент на форму з таго ж арнаментальнага патэрна, з якога мы ў 2014 годзе ўзялі зорачку на лагатып. І пасля шмат якія брэнды пачалі дадаваць арнамент у лагатыпы: «Куфар», напрыклад, ці «Баброў», Брэсцкі мясакамбінат. Але мы былі аднымі з першых», — казаў Белавус.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Скрыншот падкасту «Трэба»

Кіраўніком Федэрацыі футболу тады быў, дарэчы, Сяргей Румас. «Арт Сядзіба» прапанавала ім зрабіць музычную складанку «Мова. Музыка. Футбол» з песнямі па-беларуску, якія падымаюць патрыятычны дух на спартовых спаборніцтвах. Федэрацыя пагадзілася, праект запусцілі, гэта быў конкурс для музыкаў, фіналам якога быў выпуск альбома і канцэрт на Кубку Беларусі ў Гародні. Пераможцу, гурту Laurynienka, знялі кліп прама на стадыёне ў Гомелі.

Акрамя гэтага, «Арт Сядзіба» адзначылася і спектаклямі. Іх паставілі два, у 2015 і 2018 гадах. «Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў» быў прысвечаны Браніславу Тарашкевічу, выбітнаму беларускаму навукоўцу, значнаму грамадскаму і культурнаму дзеячу 1920-х. «Францішак. Сцэны з жыцця ды сноў» — пісьменніку і драматургу з той жа эпохі Францішку Аляхновічу. Абодва былі рэпрэсаваныя савецкімі ўладамі. Спектаклі паказваліся ў розных гарадах Беларусі.

І, вядома ж, «Арт Сядзіба» арганізоўвала святкаванне Дня роднай мовы. Першы раз сапраўднае вялікае свята было зладжана 22 лютага 2015 года. Там была і музычная сцэна, і кірмаш, і гульнятэка, некалькі заляў і амаль тысяча наведвальнікаў. Пасля гэтага «Арт Сядзіба» штогод святкавала Дзень роднай мовы канцэртамі і фестывалямі. Самы вялікі «Мова Фэст» у 2020-м наведалі амаль 6 тыс. чалавек.

З 2017 года Павел Белавус перастаў кіраваць «Арт Сядзібай» і цалкам пераключыўся на сваю краму нацыянальнай атрыбутыкі Symbal.by.

«Мяне зацягнуў бізнес, я вырашыў, што хопіць з мяне гэтай грамадскай дзейнасці, але я вельмі ўдзячны Алесю Снегу, што ён падхапіў «Арт Сядзібу» і да гэтага часу працягвае кіраваць арганізацыяй і рабіць вельмі крутыя рэчы», — прызнаваўся Павел.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Алесь Снег і Павел Белавус на БНР-100

Тым не менш цалкам ад грамадскай дзейнасці Белавус усё ж не адышоў. У 2018 годзе яны з «Арт Сядзібай» сталі аднымі з ініцыятараў і галоўных арганізатараў маштабнага адзначэння Дня Волі ў абсалютна новым — святочным, а не пратэсным фармаце. Гэты праект, самы значны і гучны для каманды, адразу ж сталі называць проста БНР-100. Бо 25 сакавіка 2018 года спаўнялася 100 гадоў з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — першай спробы стварэння беларускай дзяржавы, без якой, магчыма, не было б і БССР, і сучаснай Беларусі як асобнай краіны. Вакол мерапрыемства было багата спрэчак паміж рознымі пакаленнямі і коламі актывістаў і палітыкаў, і ўсё ж атрымалася прыйсці да кансэнсусу.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай

«Хоць ужо тады «Арт Сядзіба» была асобна і Symbal.by асобна, але мы сабралі ўсе сілы, усіх актывістаў, усе арганізацыі, якія толькі можна, каб зрабіць БНР-100. І гэта было мерапрыемства, якое паказала… Вось слоган 2020-га быў «Мы не знали друг друга до этого лета», але БНР-100 быў таксама пра гэта. Аказалася, што нас столькі шмат, мы ўсе такія пазітыўныя, прыгожыя. Тады, у 2018-м, была гісторыя, што мерапрыемства каля Опернага скончылася, усе гэтыя дзясяткі тысяч людзей разышліся — і чысціня! Я проста ганарыўся, наколькі ў нас якасная аўдыторыя», — казаў Павел.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай

Летам таго ж года на хвалі поспеху «Арт Сядзіба» змагла правесці пад Мінскам вялікі опэн-эйр «Наш дзень». Гэта быў адзін з апошніх канцэртаў, дзе выступаў лідар гурта Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч, які памёр у жніўні таго ж года. Nizkiz, Akute, «Дай Дарогу» і мноства іншых — склад музыкаў уражваў.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Аляксандр Кулінковіч на фэсце «Наш дзень»

«Калі я ўсё гэта ўзгадваю і параўноўваю з сённяшнім часам, у мяне такія эмоцыі… Мяне пачынае ламаць і рваць. Так шмат крутога, і хочацца гэта рабіць далей, але мы зараз у нейкім такім моманце, сталі ў паўзе і не ведаем, куды гэта зрушыцца: ці будзе значна горш, ці будзе значна лепш. Але я думаю, што «Арт Сядзіба» ўсімі сваімі праектамі, якія тады рабіла, паказвала, што мы заўжды аптымісты і што ўсё будзе добра», — казаў у падкасце Павел Белавус.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай

Ужо згаданы вялікі «Мова Фэст» у лютым 2020-га быў адной з апошніх офлайн-актыўнасцей «Арт Сядзібы». З пачаткам пандэміі камандзе давялося поўнасцю перайсці ў анлайн. А яшчэ праз пару месяцаў пачаліся падзеі, якія змянілі ўсё.

У пачатку лета крама Symbal.by выпусціла футболкі з надпісам «Псіхо3%», які адсылалі да вядомага мема пра рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі і агрэсіўнай рэакцыі ўладаў на апанентаў. Тады пад «псіхоз» трапіла і сама крама. Футболкі забралі нібыта за парушэнні пры перавозцы, праз некалькі дзён краму прымусілі закрыцца. У апошні дзень яе працы на распродаж стаяла чарга, разганяць і затрымліваць якую прыехалі сілавікі. Падзея на той момант была надзвычайнай, выклікала хвалю салідарнасці і асуджэння жорсткасці ўладаў і такім чынам стала адным з трыгераў далейшага абвастрэння сітуацыі.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Фото: symbal.by

Тым часам «Арт Сядзіба» разам з Паўлам Белавусам працягвалі актыўнасць анлайн: праводзілі музычныя конкурсы, здымалі відэа, запусцілі новы Youtube-праект «Годна», які стаў своеасаблівай трансфармацыяй колішняй культурнай прасторы ў відэафармат. І яго, і іншыя праекты каманда працягнула развіваць і пасля 9 жніўня 2020-га.

Пратрымацца ўдалося больш за год. Каманда яшчэ працягвала дзейнасць у анлайне, але яе станавілася ўсё менш па меры таго, як рызыкаў станавілася больш. Юрасоба «Арт Сядзібы», установа «Амарока», была ліквідаваная ў першую хвалю зачысткі летам 2021-га. Увосень Павел Белавус зрабіў некалькі выпускаў падкаста «Трэба», якія ў тым ліку расказвалі і пра «Арт Сядзібу». А ў сярэдзіне лістапада Паўла затрымалі. 15 сутак за татуіроўку, потым яшчэ, а потым — крымінальная справа. Цяпер ён прызнаны палітычным зняволеным.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай
Павел Белавус. Фота: «Арт Сядзіба»

Сама «Арт Сядзіба» 24 снежня 2021-га сустрэла сваё дзесяцігоддзе і пасля гэтага аб’явіла, што дзейнасць пляцоўкі спыняецца цалкам. Апошняй кропляй сталі навіны пра крыміналізацыю работы ліквідаваных арганізацый.

«Арт Сядзібе» 10 гадоў, і на гэтым усё? Праўда, на гэтым усё! Па прычыне таго, што мы знаходзімся ў стадыі ліквідацыі, а яшчэ неўзабаве прымуць закон аб адказнасці за дзейнасць арганізацый, якія ліквідаваныя, мы прынялі рашэнне не працягваць дзейнасць. Дзякуем усім, хто быў з намі ўсе гэтыя гады», — так закончылася гісторыя ініцыятывы, якая зрабіла моднай беларускую мову, беларускую культуру і беларускія сімвалы.

Вышыванка, мова і БНР-100. Як змянілі Беларусь 10 гадоў з "Арт Сядзібай", цяпер зачыненай

* * *

Спадабаўся тэкст? Абмяркуй яго ў каментах суполкі Reform.by у Facebook!

* * *

Другие материалы проекта «Ликвидация»:

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: