27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра

Культура

Сусветны дзень тэатра быў заснаваны ў 1961 годзе па ініцыятыве Міжнароднага інстытута тэатра ў памяць інаўгурацыі ў Парыжы, 27 сакавіка 1957 года, Тэатра Нацый – фестывалю, падчас якога сабраліся калектывы з абодвух бакоў жалезнай заслоны.

Кожны год у Сусветны дзень тэатра гучыць пасланне, падрыхтаванае выбітнай асобай тэатральнай сцэны.

Першы зварот да Сусветнага дня тэатра быў напісаны Жанам Както ў 1962 годзе.

У 2026-м да сусветнай грамадскасці звярнуўся Уілем Дэфо – амерыканскі акцёр тэатра і кіно, мастацкі кіраўнік тэатральнай секцыі Венецыянскай біенале 2026 года.

27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра

Зварот Уілема Дэфо

Я акцёр, вядомы перш за ўсё па работах кіно, але мае карані глыбока сыходзяць у тэатр. З 1977 па 2003 год я быў членам Wooster Group: мы стваралі і выконвалі арыгінальныя спектаклі ў The Performing Garage у Нью-Ёрку і гастралявалі па ўсім свеце. Я таксама працаваў з Рычардам Форманам, Робертам Уілсанам і Рамэа Кастэлучы. Зараз я з’яўляюся мастацкім кіраўніком Венецыянскай тэатральнай біенале. Гэта прызначэнне, бягучыя сусветныя падзеі і жаданне вярнуцца да тэатральнай працы ўмацавалі маю веру ва ўнікальную пазітыўную сілу і важнасць тэатра.

У пачатку маёй працы ў нью-ёркскай тэатральнай кампаніі The Wooster Group на некаторыя спектаклі ў нашым тэатры нярэдка прыходзіла вельмі мала гледачоў. Часта дзейнічала правіла: калі артыстаў было больш, чым гледачоў, мы маглі адмяніць прадстаўленне. Але мы ніколі гэтага не рабілі. Многія з нашых калег не мелі тэатральнай адукацыі, а былі людзьмі розных прафесій, якія аб’ядналіся для стварэння спектакля, не тое каб нашым дэвізам была фраза «шоу павінна працягвацца», але мы адчувалі абавязак працягваць сустрэчы з публікай.

Мы часта рэпетавалі днём, а ўвечары паказвалі незавершаны матэрыял. Часам мы трацілі гады на пастаноўку, зарабляючы на жыццё гастролямі са старымі спектаклямі. Гады працы над творам часта станавіліся для мяне цяжкімі, і рэпетыцыі – стомнымі, але гэтыя паказы чарнавога матэрыялу заўсёды былі захапляльнымі, нават калі невялікая аўдыторыя была асуджальным паказчыкам узроўню цікавасці да таго, што мы рабілі. Гэта прымусіла мяне зразумець, што, як бы мала людзей ні было, менавіта гледачы як сведкі надаюць тэатру сэнс і жыццё.

Як абвяшчае надпіс у ігральнай зале: «Каб выйграць, вы павінны прысутнічаць». Сумеснае перажыванне ў рэальным часе акту творчасці, які можа быць зрэжысаваны і прадуманы, але заўсёды будзе розным, безумоўна, з’яўляецца відавочнай сілай тэатра. У сацыяльным і палітычным плане тэатр яшчэ ніколі не быў такім важным для нашага разумення саміх сябе і навакольнага свету.

«Слон у пакоі» — гэта новыя тэхналогіі і сацыяльныя сеткі, якія абяцаюць сувязь, але, падобна, раз’ядналі і ізалявалі людзей адно ад аднаго. Я штодня карыстаюся кампутарам, нават калі ў мяне няма сацыяльных сетак, я нават загугліў сябе як акцёра, а таксама звяртаўся за інфармацыяй да штучнага інтэлекту. Але трэба быць сляпым, каб не разумець, што чалавечыя кантакты рызыкуюць быць заменены стасункамі з прыладамі. Хоць некаторыя тэхналогіі могуць быць нам карысныя, існуе глыбокая праблема няведання таго, хто знаходзіцца на іншым канцы камунікацыі, а гэта вядзе да крызісу паняццяў ісціны і рэальнасці. Хоць Інтэрнэт можа падымаць актуальныя пытанні, ён вельмі рэдка перадае адчуванне цуду, якое стварае тэатр. Цуду, заснаванага на ўвазе, уцягнутасці і спантанным аб’яднанні прысутных у кола дзеяння і рэакцыі.

Як акцёр і тэатральны дзеяч я па-ранейшаму веру ў сілу тэатра. У свеце, які, здаецца, становіцца ўсё больш раз’яднаным, кантралюючым і жорсткім, наша задача як тэатральных дзеячаў — пазбягаць ператварэння тэатра выключна ў камерцыйнае прадпрыемства, забаўку для адцягнення ўвагі або ў сухое інстытуцыянальнае сховішча традыцый, а замест гэтага развіваць яго сілу, каб аб’ядноўваць людзей, супольнасці, культуры і, перш за ўсё, задавацца пытаннем, куды мы рухаемся…

Вялікі тэатр — гэта тэатр, які кідае выклік нашым уяўленням і падахвочвае нас уяўляць тое, да чаго мы імкнемся.

Мы сацыяльныя жывёлы, і наша біялагічная прырода прадугледжвае ўзаемадзеянне са светам. Кожны орган пачуццяў — гэта брама для сустрэчы, і дзякуючы гэтай сустрэчы мы лепш разумеем, хто мы ёсць. Праз аповед, эстэтыку, мову, рух, сцэнаграфію – тэатр як цэласная форма мастацтва можа дапамагчы нам убачыць, што было, што ёсць і якім мог бы быць наш свет.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.