«Кіно ідзе»: фестываль «Паўночнае ззянне» апублікаваў трэйлер і маніфест

Культура
Фота: facebook.com/volia.chajkouskaya

«Рух — гэта жыццё. Таму хачу пажадаць усім сілаў, каб працягваць, не здавацца і працягваць ісці ва ўсіх сэнсах. І глядзець добрае кіно», — аб’явіла сёння аб старце продажу квіткоў на 7-мы фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» дырэктар фэсту Воля Чайкоўская.

Новы сезон вядомага ў Беларусі кінафоруму адбудзецца ўвосень — 20-30 верасня. Але арганізатары падзеі ўжо сёння анансуюць кінаівэнт, які пройдзе ў анлайн фармаце, прэзентуючы яго візуальны і сэнсавы слоган, і запрашаючы аматараў скандынаўскага і балтыйскага кіно да набыцця квіткоў.

Мы ідзем, факусуемся на дабрыні і каханні, на тым, каб ствараць новыя, але па-звыкламу класныя рэчы, каб ззяць, і каб трошку святлей стала навокал ад таго, што мы робім. Таму — кіно ідзе!, — так раскрывае сёлетні слоган «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская.

Кіно ўвасабляе нашу нязломную волю і аптымізм, нашую прагу да жыцця і справядлівасці. Права — людзьмі звацца. Кіно ідзе таксама, як і час, імкліва і павольна, хаатычна і структуравана, але несупынна. Кіно ідзе так, як вада камень точыць. Кіно ідзе, а кінафестываль «Паўночнае ззянне» — гэта казачны магічны праваднік, які зараджае стваральнай жыццёвай энергіяй усіх, хто да яго спрычыніцца і дакранецца, — дадае заснавальніца і дырэктарка фэсту ў апублікаваным маніфесце падзеі.

Трэйлер «Паўночнага Ззяння-2021», які стаўся плёнам працы цэлай міжнароднай каманды, варты асаблівай увагі. У роліку можна пазнаць графіку Руфіны Базлавай, мастачкі, вядомай канцэптуальнымі «выжывайкамі» — вышыванкамі беларускіх пратэстаў. Музыку для тызера напісаў Яякка Эйна Калеві. Дызайн — Ганны Працэнка. Анімацыя — ARSO. Final sound — Дзяніс Кудраўцаў (Sinie Gory). Аўтар ідэі роліка — Воля Чайкоўская.

Для самых зацікаўных каманда фестывалю пакінула нават сінопсіс трэйлера.

«Гэта захапляльная прыгода героя, якая пачынаецца, калі яму ў рукі трапляе камера. З гэтага моманту ён праходзіць праз мноства выпрабаванняў: прабіраецца праз лясны гушчар, уцякае ад нейкіх нападнікоў з сякерамі, прабягае праз статак жывёл і нават гуляе ў шахматы са смерцю, — усё гэта прыводзіць яго да зорак, да міру і гармоніі, да ўрачыстасці любві, дабра, праўды, справядлівасці», — тлумачаць творцы.

Вяртаючыся да пачатку, разам з публікацыяй роліка і слогана, арганізатары анансавалі адмысловую акцыю «Ранняя птушка», якая заахвочвае гледачоў набыць квіткі на фільмы праграмы ўжо сёння.

Праграма пакуль не абвешчана, але каманада фестывалю кажа пра пэўны знак даверу. «Таму што вы нам давяраеце, а мы давяраем вам. У знак узаемнай прыязні, і павагі і ўдзячнасці», — пазначаюць яны свой ход.

Такім чынам, пакет на шэсць фільмаў беларускай праграмы зараз на сайце «Паўночнага ззяння» можна набыць за 12 рублёў. А пакет на ўсе 25 стужак фестывалю — за 29 рублёў.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: