Публічная прэм’ера дакументальнай стужкі «Кураж», якая адбылася ўчора на Берлінскім кінафестывалі ў кінатэатры пад адкрытым небам «Музейны востраў», скончылася доўгімі авацыямі публікі і воклічамі «Жыве Беларусь!».
А перад паказам карціны рэжысёра Аляксея Палуяна адбылася акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У ёй прынялі ўдзел Святлана Алексіевіч, Святлана Ціханоўская, якія прыехалі на прэм’еру «Куража» (другая назва стужкі «Смеласць») падтрымаць каманду фільма.
У час акцыі па знаку рэжысёра гледачы на хвіліну ўзнялі над сабой партрэты тых людзей, хто сёння знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. У прыватнасці, Святлана Ціханоўская ўзняла партрэт свайго мужа — Сяргея Ціханоўскага, Таццяна Хоміч — сваёй сястры Марыі Калеснікавай.
Па словах беларускага рэжысёра, ён хацеў, каб людзі сімвалічна паглядзелі фільм разам з палітвязнямі, потым узялі іх партрэты дадому і па мажлівасці напісалі ліст чалавеку, які зараз у турме. На адваротным баку выяў была размешчана інфармацыя пра палітвязняў. Акцыя адбылася без залішніх слоў.
Нагадаем, што «Кураж», які на Берлінале намінуецца на ўзнагароду «Лепшы дакументальны фільм», распавядае пра шлях вольных мастакоў у аўтарытарнай краіне. У стужцы зняліся акцёры Беларускага свабоднага тэатра — Марына Якубовіч, Павал Гарадніцкі, Дзяніс Тарасенка, якія былі вымушаны нядаўна з’ехаць з краіны. Марына і Павал прысутнічалі на прэм’еры — іх віталі як герояў.
Да публічнага паказу даккарціны на адным з найпрэстыжных кінафестываляў свету была далучана і дыскусія пра ролю творцы ў аўтарытарнай краіне. У ёй прынялі ўдзел Святлана Ціханоўская, Аляксей Палуян, Святлана Алексіевіч і нямецкая прадзюсарка Сымона Баўман.
Паўторны сеанс «Куража» ў межах Берлінале адбудзецца 13 чэрвеня на пляцоўцы пад адкрытым небам у Вайсензе — Freilichtbühne Weißensee.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: