Аб тым, што культавая пляцоўка сучаснага мастацтва і аднайменны бар спыняюць сваю працу, яе сузаснавальнікі паведамілі на сваёй старонцы ў фейсбуку.
Закрыццё праекта звязана са зменай партнераў, пазначаецца ў паведамленні. З ліку акцыянераў юрыдычных асоб выходзяць кіруючыя партнёры Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава, Аляксандр Васілевіч і Надзея Зелянкова.
Нагадаем, што Аляксандр Васілевіч — адзін з ініцыятараў і сузаснавальнікаў праекта ужо больш за два месяцы знаходзіцца пад вартай і прызнаны палітычным вязнем.
З новым праектам па вядомым адрасе Кастрычніцкая,19 застаецца толькі адзін з партнёраў Галерэі «Ў» і «Ў бара» — Валянцін Лосеў.
— Закрыццё праекта мае шмат прычын, і рашэнне, прынятае заснавальнікамі — вельмі складанае, — каментуе нечаканае закрыццё пляцоўкі сучаснага мастацтва Валянціна Кіселёва. — Але цяпер час перамен і мы верым, што ўсе змены да лепшага! Галерэя годна выканала сваю місію і рэалізавала шмат выдатных праектаў. Дэвіз, які мы калісьці прыдумалі, — «мастацтва і безумоўная любоў»— гэта той рытм, які, я спадзяюся, сугучны біццю і ў вашых сэрцах. Вялікі дзякуй усім, хто быў з намі гэтыя гады! Да новых сустрэч і праектаў.
— Наша дзейнасць, і нават больш — жыццё, на працягу апошніх 11 год падаравала велізарную колькасць выдатных сяброў і партнёраў, неверагодны досвед і зрабіла сучаснае беларускае мастацтва бачным не толькі ў краіне, але і за яе межамі, — падкрэсліла значнасць галерэі Ганна Чыстасердава. — Закрыццё праекта — цяжкае рашэнне, але я веру, мастацтва і безумоўная любоў заўжды перамагаюць.
— Тут жылі нашы сябры, знаёмыя і незнаёмыя цудоўныя людзі. Тут нараджалася сяброўства, любоў і новае жыццё. З галерэяй усё будзе добра: рана ці позна, так ці інакш, праект нарадзіцца ізноў, — выказалася Надзея Зелянкова.
Зараз бар і культавая прастора па адрасе Кастрыцнікая,19 будзе працаваць пад брэндам «Вершы». Выстава «Кранальная дыстанцыя», што распачалася ў Галерэі «Ў» 29 кастрычніка, працягнецца ўжо ў праекце «Вершы».
Літаральна ў кастрычніку галерэі «Ў» споўнілася 11 гадоў.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: