Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу

Мнение
Парадный расчет Кантемировской дивизии. Минск, 3 июля 2019 года. Фото: mil.by

Вы – адносна невялікія краіна паміж значна больш моцнымі агрэсіўнымі дзяржавамі. Як выжыць і захаваць незалежнасць? І як можна страціць незалежнасць проста пастаянна саступаючы перад агрэсіўнымі прапановамі «сяброўства і супрацы»?

Гэта гісторыя, як 3 краіны нашага рэгіёну фактычна здалі свой суверэнітэт крок за крокам, падпісваючы ўсё больш кабальныя дамовы з СССР. Ну, кшталту: дамова пра стварэнне супольнасці, дамова пра саюз, дамова пра саюзную дзяржаву…

Як гэта пачалося

Ад самага пачатку ўрад камуністаў у Петраградзе, а потым у Маскве меў планы паставіць пад свой кантроль сярод іншых прыбалтыйскія тэрыторыі былой Расейскай імперыі – Фінляндыю, Летуву, Латвію, Эстонію. Гэта пры тым, што фармальна бальшавікі прызналі, напрыклад, незалежнасць той жа Фінляндыі і ўвогуле права нацый на самавызначэнне.

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Наступ маскоўскіх войскаў у студзені 1919 года ў Беларусі, Латвіі, Летуве.

Бальшавікі непасрэдна ўдзельнічалі ў грамадзянскай вайне ў Фінляндыі, потым ваявалі супраць незалежнай Эстоніі, намагаліся захапіць Латвію і Летуву. Прыбалты, якім дапамагалі Вялікабрытанія, Францыя і часткова Нямеччына, змаглі адбіцца.

У гэты час на баку эстонцаў ваяваў і атрад нашага «беларускага ландскнехта» Станіслава Булак-Балаховіча. Ягоныя сілы атрымалі афіцыйны назоў «Асобны аддзел войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Балтыі».

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Станіслаў Булак-Балаховіч, камандзір Асобнага аддзелу войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Балтыі, кастрычнік-лістапад 1919 году.

Ужо пасля афіцыйнага замірэння 1 снежня 1924 года СССР паспрабаваў здзейсніць дзяржаўны пераварот у Эстоніі – групы баевікоў з вінтоўкамі, пісталетамі, аўтаматычнай зброяй і ручнымі гранатамі выйшлі на захоп дзяржаўных будынкаў, але пасля вулічных баёў былі адбітыя і ліквідаваныя, загінула 26 жаўнераў з боку ўраду і 125 баевікоў. Яшчэ 500 тэрарыстаў былі здаліся ў палон арыштаваныя.

Аднак у канцы 1930-х сітуацыя заўважна змянілася.

Пах пораху сусветнай вайны

Краіны Балтыі – Летува, Латвія і Эстонія – у пачатку Другой сусветнай вайны аказаліся паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку Нямеччына заяўляла прэтэнзіі на тэрыторыю Летувы, з іншага боку ціснуў СССР. Таму тры краіны, якія не жадалі вайны ні з кім, хутка абвесцілі пра сваю нейтральнасць.

Аднак яшчэ да вайны ў жніўні 1939 года Сталін і Гітлер падчас сумнавядомага Пакту Молатава-Рыбентропа пачалі дзяліць гэтыя краіны і Фінляндыю – у таемным пратаколе было запісана: «У выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання тэрыторый, якія ўваходзяць у склад прыбалтыйскіх дзяржаў, паўночная мяжа Летувы адначасова з’яўляецца мяжоў сфераў інтарэсаў Нямеччыны і СССР».

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Сяброўства праз кроў.

Чуткі пра падзел, які плануецца, нават дайшлі да ўрадаў Балтыі, і яны звярнуліся да СССР і Нямеччыны з пытаннем: (што за херня?) Ды няўжо? Канешне, ім адказалі, што нічога падобнага. Савецкія дыпламаты дык асабліва адзначылі, што ўсё гэта абсалютная фантазія, бо супярэчыць:

«выступам кіраўніцтва і друку СССР, мірным традыцыям нашай знешняй палітыкі, пастаяннаму імкненню СССР дапамагчы малым краінам захаваць сваё самастойнае і незалежнае існаванне»!

Краіны Балтыі (і Фінляндыя) у прынцыпе хацелі б у дадзеным выпадку зусім застацца ў баку і скіраваныя хутчэй былі на Брытанію і Францыю. Аднак Другая сусветная ўжо ішла, і да Брытаніі з Францыяй было далёка, а мільёны жаўнераў Нямеччыны і СССР, якія толькі што разадралі Польшчу – перад самым носам.

У выніку дзяржаўныя чыноўнікі, палітычныя партыі і грамадскае меркаванне паступова гублялі арыентацыю ў палітычнай прасторы, і розныя групы сталі ўсё больш радыкальна разыходзіцца ў думках.

Дыпламатычнае згвалтаванне

Амаль адразу – у канцы верасня 1939 году СССР стаў прымушаць суседзяў да «інтэграцыі». Ад размоваў пра гандаль размова рэзка пераходзіла на… стварэнне базаў савецкіх войск на тэрыторыі краін Балтыі.

Гэтак, на эканамічных перамовах тагачасны камісар СССР па замежных справах Вячаслаў Молатаў прапанаваў заключыць дамову пра «узаемную дапамогу, якая разам з тым забяспечвала б СССР права мець на тэрыторыі Эстоніі апорныя кропкі ці базы для флоту і авіяцыі». Калі эстонскі міністр Карл Сельцер паспрабаваў ухіліцца ад абмеркавання тэмы, якая ўвогуле не ўзнікала раней, Молатаў заявіў:

«Калі вы не пажадаеце заключыць з намі пакт пра ўзаемную дапамогу, то нам прыйдзецца шукаць для гарантавання сваёй бяспекі іншыя шляхі, можа быць больш рэзкія… Не прымушайце нас выкарыстоўваць сілу адносна Эстоніі».

Адначасова на межах Эстоніі і Латвіі ствараліся савецкія вайсковыя групоўкі. Дакументы сведчаць пра планы: «нанесці моцны і рашучы ўдар па эстонскіх войсках», «знішчыць эстонскі флот», «пра час пераходу ў наступ будзе дадзеная асобная дырэктыва».

Эстонцы не былі сляпымі і 28-га верасня 1939 года пагадзіліся паставіць на сваёй тэрыторыі савецкія базы – 25 тысяч чалавек – па дамове пра «узаемную дапамогу». Сталін адкрыта сказаў эстонскай дэлегацыі «З вамі магло б атрымацца, як з Польшчай».

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Брытанская карыкатура часоў камуністычна-нацыстоўскага сяброўства.

Характэрна, Масква ўзгадніла гэтыя дзеянні з Берлінам, і Сталін распавёў нямецкаму міністру Яхіму Рыбентропу, што савецкая армія плануе «расправіцца» з Латвіяй, калі тая не пойдзе на заключэнне падобнай жа дамовы. Латвія паддалася савецкаму ціску ў першых лічбах кастрычніка.

За гэты час Гітлер са Сталіным падпісалі дамову, якая называлася «Пра сяброўства і межы». Зоны кантролю ў Польшчы і Балтыі падзялілі па-новаму, і Летува перайшла ў савецкую зону інтарэсаў, а польскія землі на ўсход ад Віслы – да немцаў. Адпаведна, СССР прымусіў і Летуву падпісаць аналагічныя ж дакументы.

Як Сталін прадаў Вільню

Цікава, што на Летуву, фактычнай сталіцай якой тады быў Каўнас, СССР націснуў не толькі стварэннем вайсковай групіроўкі на мяжы, але яшчэ і пагрозай перадаць акупаваныя Вільню і Віленшчыну ў склад Беларускай ССР, а не Летувы.

То бок тэрыторыі з беларускім насельніцтвам былі для Масквы толькі абʼектам куплі і продажу, такім жа, як землі з прыгоннымі ў Расейскай імперыі.

Пры гэтым, каб добра выглядаць у вачах мясцовага насельніцтва, было загадана рэзка спыніць усе размовы пра тое, што Прыбалтыка хутка стане савецкай: «пресекать всякие разговоры о советизации… как выгодные и угодные В ДАННЫЙ МОМЕНТ лишь провокаторам и врагам СССР».

Njet Molotoff

З Фінляндыяй, якую камуністы таксама атрымалі сабе як «зону інтарэсаў» па дамове з нацыстамі, падзеі развіваліся практычна па тым жа сцэнары. Але з імі такі фокус не прайшоў.

Фіны, хоць тады былі небагатымі, усе гады незалежнасці рыхтавалі армію, будавалі ўмацаванні на межах з СССР, і знаходзіліся ў больш выгадных геаграфічных умовах для абароны, чым краіны Балтыі. Акрамя таго ў фінскім тыле была прыязная ёй і нейтральная Швецыя, а не сяброўская (абсалютна афіцыйна) для СССР нацыстоўская Нямеччына.

Таму, хоць перамовы з фінамі ішлі ў той жа час, што і з прыбалтамі, фіны так і не пагадзіліся цалкам выконваць патрабаванні СССР. У выніку СССР на Фінляндыю напаў, але ніякага бліцкрыгу ў камуністаў не атрымалася – пачалася цяжкая і крывавая вайна, у якой фіны, хоць і саступілі, але захавалі сваю незалежнасць.

Фіны згубілі забітымі 25.904 чалавека, СССР, па савецкіх дадзеных, 126.875 чалавек.

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Фінскія жаўнеры на пазіцыях падчас Зімняй вайны 1939-1940 гадоў.

Дыпламатычная адзінота і (амаль) бяскроўная акупацыя

Паміж Летувой, Латвіяй і Эстоніяй з 1934 году існавала абарончая дамова пра ўзаемную дапамогу – Балтыйская Антанта. Пры гэтым СССР вітаў гэтую дамову, а вось Гітлер у 1934 годзе яе асудзіў як «антыгерманскую».

Аднак, як толькі Нямеччына яўна стала перамагаць на Заходнім фронце – у Францыі і Бельгіі, СССР вырашыў скарыстацца сітуацыяй і канчаткова знішчыць нават цалкам залежныя ад яго цяпер балтыйскія дзяржавы. Для гэтага і спатрэбілася ў прапагандзе Балтыйская Антанта – СССР, які яшчэ ў 1939 годзе нічога не меў супраць яе, нечакана пачаў яе разглядаць як менавіта антысавецкі хаўрус.

«За мінулыя дзесяцігоддзі гэтак і не была даказана наяўнасць антысавецкага ваеннага хаўрусу прыбалтыйскіх краін і ягоная ідэнтычнасць з Балтыйскай Антантай… Аднак савецкае кіраўніцтва і не мела патрэбы ў нейкіх дакладных дадзеных, бо зʼявіліся зручныя ўмовы для ліквідацыі самастойнасці прыбалтыйскіх урадаў», – піша расейскі гісторык Міхаіл Мельцюхоў.

Акрамя Балтыйскай Антанты ў савецкай прэсе ў канцы траўня 1940 году пачалася кампанія пра «выкраданне» літоўцамі савецкіх жаўнераў з ваенных базаў. Дагэтуль не даказаны аніводны выпадак «выкраданняў».

Войскі ўсіх трох краін налічвалі 73.000 чалавек, 1.200 гарматаў, 292 самалёта і 147 танкаў.

Толькі на базах у Летуве, Латвіі і Эстоніі стаялі 67.000 савецкіх жаўнераў з 1.630 гарматамі, 1.065 танкамі і 526 самалётамі. Цалкам жа савецкая вайсковая групоўка на межах і на тэрыторыях трох краін налічвала каля 435.000 чалавек, да 8.000 гарматаў і мінамётаў, звыш 3.500 танкаў і бронемашын, 2.601 самалёт.

Канцэнтрацыя войск і агрэсіўнасць некаторых савецкіх камандзіраў прывялі нават да сурʼёзных інцыдэнтаў на мяжы з Латвіяй – савецкія памежнікі напалі на сваіх латвійскіх калегаў і захапалі ў палон не толькі вайскоўцаў, але і жанчын з дзецьмі:

«В 3 часа 30 минут 15 июня начальник истребительной группы от 14-й заставы 10-го погранотряда лейтенант Комиссаров самовольно перешел советско-латвийскую границу, разгромил и сжег латвийский кордон Масленки, и, захватив 5 пограничников, 6 мужчин, 5 женщин и 1 ребенка, вернулся на нашу территорию. На участке этой же заставы начальник 2-й истребительной группы политрук Бейко, услышав стрельбу и взрывы гранат, также перешел границу в Латвию и произвел нападение на латвийский кордон Бланты, и, захватив 1 сержанта, четырех пограничников и пять детей, вернулся на нашу территорию».

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Савецкія войскі ўваходзяць у Рыгу ў 1940 годзе.

У прапагандзе для савецкіх жаўнераў было заяўлена, што ўрады Летувы, Латвіі і Эстоніі «усталі на шлях правакацый», «пад сцягам свабоды друку вядзецца шалёная антысавецкая прапаганда, у той жа час (распялі хлопчыка ў майтках) грамадзян пераследуюць за чытанне газеты «Известия», а «мы хочам забяспечыць бяспеку СССР», а таксама «дапаможам працоўнаму народу гэтых краін вызваліцца ад эксплуатарскай хеўры капіталістаў і памешчыкаў».

Паралельна пачаўся новы дыпламатычны ціск. Масква без сораму выстаўляла самыя галаслоўныя абвінавачанні, а потым ставіла ўльтыматум – стварыць урад, які задавальняе СССР і прапусціць на тэрыторыю дадатковыя часткі Чырвонай арміі.

«Рэйс MH-17» у 1940 годзе. З гісторыі «крымскага сцэнару» у Эстоніі

14 чэрвеня 1940 году цывільны лайнер Ju 52 «Kaleva» фінскай авіякампаніі Aero O/Y падняўся з аэрадрому пад Талінам і накіраваўся да Хельсінкі з 7 пасажырамі і 2 чальцамі экіпажу. Фінскі самалёт дагналі савецкія патрульныя тарпеданосцы ДБ-3Т і расстралялі яго з кулямётаў над Балтыйскім морам. Загінулі ўсе 9 чалавек – у тым ліку амерыканскі дыпламат, французскія дыпламатычныя курʼеры, грамадзяне Эстоніі, Нямеччыны Швецыі. Дыпламатычная пошта была падабраная савецкай падводнай лодкай Щ-301.

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Фота Ju 52 «Kaleva» з экіпажам і пасажырамі.

Масква пагрозамі прымусіла Фінляндыю не распавядаць пра інцыдэнт, аднак з пачаткам нямецка-савецкай вайны ў 1941 годзе інфармацыя зʼявілася ў фінскіх газетах і зараз ужо не аспрэчваецца гісторыкамі – дакументы пра злачынства былі знойдзеныя і ў савецкіх архівах.

Цікава, што, шукаючы самалёт, месца ягонага падзення 14 чэрвеня аглядаў з паветра фінскі пілот Ілмары Юцілайнен – у наступнай вайне ён знішчыць як мінімум 93 савецкія баявыя самалёты.

Усе тры краіны прынялі савецкія патрабаванні. Савецкім жаўнерам было загадана «у размовах з мясцовым насельніцтвам… тлумачыць, што Чырвоная Армія выконвае толькі мірную дамову пра ўзаемную дапамогу».

Што, канешне, было бессаромнай хлуснёй.

«Выбары» і саветызацыя. І кроў

Аднак войскі яшчэ ішлі, але савецкае кіраўніцтва ўжо абмяркоўвала ўвод частках НКВД, усталяванне тут сталінскай улады, шчыра ў дакументах пісала слова «урад» адносна новых урадаў Балтыі ў косках.

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Французская карыкатура 1940 г. Ілюстраваны савецкі слоўнік: «Працоўны энтузіязм», «Антынацызм», «Радаснае жыццё».

17-21 чэрвеня былі створаныя так званыя «народныя ўрады», пачалося раззбраенне насельніцтва і ваенізаваных арганізацый трох краін. Поўную ўладу атрымалі эмісары Масквы, пад іхную ж дыктоўку з парушэннем унутраных законаў былі праведзеныя «выбары», на якіх не было альтэрнатыўных кандыдатаў, а ў выбарчых платформах гэтых кандыдатаў не было напісана, што яны будуць выступаць за далучэнне да СССР.

Ужо праз месяц – 21-22 ліпеня «абраныя парламенты» абвесцілі стварэнне 3 новых рэспублік СССР. Пачаліся масавыя арышты людзей, якія лічыліся нелаяльнымі – ад інтэлігенцыі і святароў да афіцэраў і сялян. Потым адбыліся масавыя рэпрэсіі ўжо цэлых семʼяў – больш за 40.000 чалавек.

Праз год паміж Нямеччынай і СССР пачаліся крывавая вайна, якая паказала, што найлепшая антысавецкая прапаганда – трохі пажыць пад уладай камуністаў.

Маскоўская акупацыя праз «дамову пра дапамогу». Як нашых суседзяў захапілі ў 1940-м без адзінага стрэлу
Партызаны Летувы ў 1946 годзе.

Многія дзясяткі тысяч эстонцаў, латышоў і летувісаў пайшлі ваяваць супраць Сталіна – толькі цяпер ужо не ў свае нацыянальныя арміі, а былі вымушаныя ўставаць пад сцяг са свастыкай, і выконваць у тым ліку злачынныя загады нацыстаў. А калі вайна пайшла ў адваротны бок – балтыйскую моладзь сталі прызываць і ў Чырвоную армію, акрамя таго пайшлі ўсё новыя і новыя хвалі савецкіх рэпрэсій (толькі ў 1949 годзе было дадаткова адпраўлена ў канцлагеры і на прымусовыя працы каля 100.000 чалавек).

Не будзем тут разважаць у жанры альтэрнатыўнай гісторыі – ці варта было прыбалтам чыніць супраціў. Дакладна сказаць можна толькі тое, што фіны і захавалі незалежнасць, і згубілі за 2 адкрытыя вайны з СССР менш людзей забітымі і памерлымі, чым Летува, Эстонія і Латвія за перыяд савецкай і нямецкай акупацыі.

Што з гэтага для Беларусі?

Мы бачым перад сабой (вельмі скарочана) гісторыю таго, як можна згубіць дзяржаўнасць пад ціскам звонку без адкрытай вайны ці нават значных нефармальных ваенных дзеянняў.

Фактары:

  • Наяўнасць агрэсіўнага суседа, які мае прэтэнзіі на вашу тэрыторыю і лічыць вашу незалежнасць, напрыклад, «вынікам геапалітычнай катастрофы».
  • Адсутнасць кансалідацыі ў нацыі і рашучасці ў нацыянальных элітаў.
  • Адсутнасць дастаткова моцнай сучаснай арміі, якая гатовая змагацца, каб нанесці праціўніку непрымальныя страты.
  • Адсутнасць хаўруснікаў, якія гатовыя падтрымаць вашу незалежнасць войскамі ці хаця б дыпламатычна.

Падумайце, што з гэтага ёсць у Беларусі, а чаго няма.

***

Меркаванне і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка Reform.by на Facebook, пакуль усе нашы там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: