З 9 лістапада 2023 года па 26 студзеня 2024 года ў 5-ці гарадах Украіны ладзіліся паказы беларускага незалежнага кіно, а таксама былі арганізаваныя дыскусіі з рэжысёрамі і круглыя сталы па балючых пытаннях для Беларусі і Украіны. Усё гэта стала магчымым дзякуючы выбітнай ініцыятыве — Беларускаму фестывалю дакументальнага кіно ва Украіне «1084. На мяжы».
Агулам стужкі беларускіх кінематаграфістаў на форуме, які ўжо ў другі раз ладзіць грамадскае аб’яднанне «Ланка», паглядзелі больш за 600 украінскіх гледачоў. Усе сабраныя сродкі пералічаны на закуп расходных матэрыялаў для VAC-тэрапіі ран ва ўкраінскіх ваенных і грамадзянскіх шпіталях.
Варта адзначыць, што мэтай фестывалю з’яўляецца не толькі дапамога Украіне ў барацьбе з акупантамі, але і распаўсюд інфармацыі пра ўнёсак і намаганні беларусаў на шляху да перамогі Украіны – гэтаму спрыяюць не толькі адкрытыя паказы стужак незалежных беларускіх кінематаграфістаў, але і шчырыя сустрэчы з камандай фестывалю «1084. На мяжы».
«Да арганізатараў паказаў беларускага кіно ва Украіне заўсёды ёсць пытанне: «Ці былі незадаволеныя наведвальнікі?». Так, былі. Але мне важна зазначыць не толькі тое, што гэта чакана і «нармальна», але і тое, што такія гледачы для нас не менш каштоўныя за «беларусафілаў» (а такіх было нават больш), – падводзіць вынікі другога сезону фестывалю ягоная дырэктарка Таццяна Гацура-Яворская. – Ад самага пачатку фестываль задумваўся як пляцоўка для камунікацыі паміж беларусамі і ўкраінцамі пасля поўнамаштабнага ўварвання — магчыма, у самы цяжкі перыяд узаемаадносін народаў за ўсю гісторыю суседства.
Перайсці на новы этап магчыма толькі, калі ўсе тыя ўкраінцы, якія лічаць нас «акупантамі», змогуць задаць пытанні, пачуюць адказы, убачаць сувязь паміж дыктатурай і парушэннем сваіх межаў, а таксама адчуюць нашы эмоцыі. Так што кожны абураны глядач сёння — наш аднадумец заўтра. А дзеля заўтра мы і працуем».
У інтэрв’ю для выдання «Радыё Ўнэт» кіраўнік Тэрнопальскай кінакамісіі, партнёра і суарганізатара фестывалю ў Тэрнопалі, Валадымыр Ханас адзначыў:
«Гэта сапраўды вельмі важна, калі фільмы беларускіх рэжысёраў, мастакоў, прадстаўляюць беларусы. Гэта мае вельмі вялікую значнасць і напаўненне. Бо, калі мы гаворым «на мяжы» – то рэальна мы зараз на некалькіх межах. Мы на мяжы вайны. Людзі, якія не даюць спакою ні беларусам, ні ўкраінцам, таксама на мяжы. На жаль, іхняя мяжа даўжэйшая. І ўсе ініцыятывы, такія, як фестываль, як супольныя імпрэзы мастацкія і валантэрскія – гэта перспектыва будучых добрасуседскіх дачыненняў незалежных Украіны і Беларусі».
1084 кіламетры – працягласць агульнай мяжы суверэнных Беларусі і Украіны. Арганізатары спрабуюць задумацца пра будучыню стасункаў абедзвюх краін і абмеркаваць сучасную сітуацыю, адносіны простых людзей, а таксама падтрымку беларусамі ўкраінскага народа ў барацьбе з акупантамі і тэрорам.
Прачытаць пра тое, як рэжысёр Аляксей Палуян прадставіў жыхарам Бучы і Кіева свой фільм «Кураж» («Смеласць») можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: