Заснавальнік анлайн-бібліятэкі «Флибуста» пайшоў з жыцця з дапамогай «асіставанага суіцыду». Яго праект працягне працу
Reform.news · 23 октября 2024, 00:49
https://reform.news/zasnavalnik-anlajn-biblijatjeki-flibusta-pajsho-z-zhyccja-z-dapamogaj-asistavanaga-suicydu-jago-praekt-pracjagne-pracu/Заснавальнік вядомай электроннай бібліятэкі «Флибуста» Stiver прыняў рашэнне звярнуцца да легальнага «асіставанага суіцыду», каб пайсці з жыцця. 22 кастрычніка ўвечары на сайце бібліятэкі з’явілася паведамленне, у якім Stiver, які хварэў на рак мозгу, назваў дату сваёй смерці.
Пост, які апублікаваў 22 кастрычніка карыстальнік admin2, выглядаў так.
«Stiver пишет: Здравствуйте, вроде бы определилась дата моей смерти. Хочу использовать возможность assisted suicide, который в Германии теперь разрешен. Если все пойдет по плану, то завтра, в воскресение, 20 октября, получу смертельную дозу тиопентала. Если не отпишусь в понедельник, значит сработало 🙂 Просьба тогда во вторник опубликовать эту информацию — для истории и чтобы остановить любые сборы «на помощь Стиверу».
У сацсетцы X Flibusta.net таксама 22 кастрычніка ўвечары з’явіўся пост са словамі «R.I.P.» са спасылкай на сайт.
У верасні Stiver пісаў, што ў яго знайшлі гліабластому — адну з найбольш агрэсіўных злаякасных пухлін мозгу. «К сожалению, «Флибуста» на этом, видимо, закончилась, как и я сам. Всем спасибо, было весело. Серверы оплачены еще на несколько недель», — пакінуў тады паведамленне «галоўны літаратурны пірат». Стывер планаваў закрыць праект, але сайт працягне працу. Сёння admin2 пацвердзіў, што бібліятэка будзе працаваць «як і заўжды».
Смерць заснавальніка «Флибуста», імя якога так і не стала вядомае грамадскасці, выклікала рэзананс і ў байнэце. «Ён быў сапраўны кніжным апосталам. Светлая памяць», — развітваюцца з чалавекам, які заснаваў платформу, дзе кожны мог бясплатна чытаць і пампаваць кнігі, беларусы.
Зараз у некамерцыйнай анлайн-бібліятэцы знаходзіцца больш за 630 тысяч кніг, сярод якіх і кнігі на беларускай мове.
За неаднаразовае парушэнне аўтарскіх правоў «Флибуста» была заблакавана ў Расіі ў 2016 годзе. Гэта блакіроўка дзейнічае і да гэтай пары, але яе можна абысці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
