Варшаўскую выставу «Беларускія мастакі ў выгнанні» адкрые біскуп Міхал Яноха
Reform.news · 12 ноября 2026, 18:27
https://reform.news/varsha-skuyu-vystavu-belaruskiya-mastaki-vygnanni-adkrye-biskup-mihal-yanoha/14 лістапада ў касцёле Усіх Святых на Гжыбоўскай плошчы ў Варшаве пачне працу міжнародная выстава «Беларускія мастакі ў выгнанні». Экспазіцыя ладзіцца пад патранатам Варшаўскай архідыяцэзіі — ва ўрачыстым адкрыцці возьме ўдзел дапаможны біскуп архідыяцэзіі, старшыня Рады па культуры і ахове культурнай спадчыны Канферэнцыі Епіскапату Польшчы Міхал Яноха (Michał Janocha).
Міжнародны гуманітарны мастацкі праект «Беларускія мастакі ў выгнанні» заснавала ў Чэшскай Рэспубліцы Дыяна Шыліна для падтрымкі беларускіх творцаў у эміграцыі і знаёмства еўрапейскай аўдыторыі з сучасным беларускім мастацтвам. Да Варшавы экспазіцыя ўжо паказвалася ў Празе, Кракаве і Вене.
Паколькі ініцыятыва першапачаткова задумвалася менавіта як гуманітарны праект, яна не абмяжоўваецца адзінай мастацкай канцэпцыяй. Аб’яднаўчым крытэрыем для аўтараў стаў агульны досвед вымушанай эміграцыі. У экспазіцыі суседнічаюць працы вельмі розных па бэкграўндзе, стылі і творчым падыходзе мастакоў — ад класічнага рэалізму і сімвалізму да абстракцыі і экспрэсіянізму.

Хто ўдзельнікі?
У варшаўскай выставе бяруць удзел 18 аўтараў, якія цяпер жывуць і працуюць у розных краінах Еўропы: Вольга Якубоўская (Olga Yakubouskaya), Таццяна Савіч (Tatsiana Savich), Ірына Хвайніцкая (Iryna Khvaynitskaya), Наталля Борд (Natallia Bord), Яраслаў Кірвель (Jaraslau Kirvel), Лана Грыбанская (Lana Grybanskaya), Уладзіслаў Заленскі (Wladyslaw Zalenski), Марыя Санько (Maryia Sanko), Святлана Ільяшэнка (Sviatlana Ilyashenka), Яўгенія Палуян (Yauheniya Paluyan), Кацярына Еўдакімава (Ekaterina Evdokimova), Іван Жукаў (Ivan Zhukau), Вольга Сіліванчык (Olga Silivanchyk), Аліна Ларк (Alina Lark), Андрэй Духоўнікаў (Andrei Dukhounikau), Мацей Вельхас (Maciej Velhas), Аляксандр Ждановіч (Alexandr Schdanowitsch) і Павел Вайніцкі (Pavel Voinitski).
Як паведамляюць арганізатары, праект атрымаў Апостальскае благаслаўленне Папы Льва XIV, а таксама лісты падтрымкі і благаслаўленні ад 21 кардынала Каталіцкага Касцёла з розных краін свету. Падтрымку ініцыятыве выказалі прадстаўнікі каралеўскіх дамоў Бельгіі і Нідэрландаў і першая лэдзі Францыі Брыжыт Макрон.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 14 лістапада 2026 года (субота) а 11:30. Месца: Касцёл Усіх Святых (Plac Grzybowski 3/5, 00-115 Warszawa).
Час працы выставы: 14 лістапада — 6 снежня 2026 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
