Заклік несці асабістую адказнасць за вайну Расіі супраць Украіны: паглядзелі дыскусійны фільм «Непажаданае сваяцтва» рэжысёра з Беларусі Паўла Мажара

Культура
Кадр з фільма "Непажаданае сваяцтва".

Стужка «Непажаданае сваяцтва» рэжысёра з Беларусі Паўла Мажара — кіно, вакол якога кіпяць жарсці. Карціна, прэм’ера якой адбылася на 74-м Берлінскім кінафестывалі, уздымае пытанне адказнасці людзей постсавецкай прасторы за вайну Расіі супраць Украіны. Аўтар, які ва ўзросце 10 гадоў пераехаў з Беларусі ў Германію, у першую чаргу адрасуе сабе гэты запыт: ці адказны ён за тое, што адбываецца на ўкраінскіх тэрыторыях? Аглядальніца Reform.by паглядзела кіно, якое выклікае супярэчлівыя водгукі, і параўнала яго з папярэдняй працай аўтара — «Метадычка» — пра карную сістэму сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі.

Папярэдняя дакументальная карціна Паўла Мажара «Метадычка» расказвае аб гвалтоўных метадах сілавікоў у дачыненні да затрыманых мірных беларусаў і беларусак у 2020 годзе. У 2021 годзе яна перамагла ў катэгорыі кароткаметражнага кіно на Міжнародным кінафестывалі дакументальнага кіно IDFA, а таксама ў 2022 годзе на фестывалі Kurzfilm у Гамбургу. Апроч іншага, стужка была паказана на шматлікіх значных міжнародных кінафэстах: у Лейпцыгу, Лісабоне, Рызе. А ў 2022 годзе нават трапіла ў шорт-ліст прэтэндэнтаў на ўзнагароду «Лепшы еўрапейскі кароткаметражны фільм» Еўрапейскай кінаакадэміі. Пасля такога выдатнага фестывальнага шляху другой карціны рэжысёра нядзіўна было ўбачыць прэм’еру новай працы Мажара нідзе інакш, як на Берлінскім кінафестывалі.

У «Непажаданым сваяцтве» аўтар звяртаецца да ўжо знаёмага прыёму і даносіць свае думкі праз злучэнне аўдыяльнай інфармацыі і пастаноўкі візуальных сцэн. За кадрам глядач чуе галасы актораў, якія расказваюць рэальныя гісторыі, што адбыліся з відавочцамі, у кадры ж — кінематаграфіст рознымі спосабамі ілюструе тое, пра што ідзе гаворка, — атрымліваецца гэткая рэканструкцыя падзей. 

Заклік несці асабістую адказнасць за вайну Расіі супраць Украіны: паглядзелі дыскусійны фільм «Непажаданае сваяцтва» рэжысёра з Беларусі Паўла Мажара
Кадр з фільма «Непажаданае сваяцтва».

Пластыкавыя брызенты, цацачныя чалавечкі, мініяцюрныя домікі і дарогі, намаляваныя на мяккім пяшчаным грунце, — рэжысёр, быццам гуляючы, аднаўляе з калектыўнай памяці ўкраінцаў і ўкраінак першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе.

Падобна дзеянню ў лялечным тэатры ў фільме Паўла Мажара ўдзельнічаюць акторы і акторкі, якія непасрэдна ствараюць усю пастаноўку, але не імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу. Нібы цені яны робяць пэўна шмат разоў адрэпетаваныя рухі: напрыклад, дэманструюць збіванні грамадзянскага насельніцтва ва Украіне.

Аднак, калі ў «Метадычцы» ілюстраванасць слоў людзей становіцца арыгінальным ходам, які павялічвае эмацыйную напругу і падкрэслівае абсурднасць пратаколаў, то чамусьці ў новым фільме такі эфект не ўзнікае.

Гісторыі з жыцця ўкраінцаў і ўкраінак, якія расказваюць закадравыя галасы ў фільме, безумоўна жахлівыя, але беларусу, які чытае навіны, напэўна, знаёмыя. Яны пра зачысткі ў акупаваных гарадах Украіны, ператрусы і пошук «нацыяналістычных» татуіровак, пра здзіўленні расійскіх салдат таму, як «добра» жывуць украінцы і іншае. Увогуле, наўрад ці гэты фільм здзівіць беларускага гледача нейкай новай невядомай інфармацыяй.

Як папярэдняй, так і новай кінакарціне Мажара ўласцівыя ашчаднасць і падыход з «халоднай галавой» у пастаноўцы сцэн. У «Метадычцы» катарсіс адбываецца ў тым ліку на кантрасце ашчаднай здымкі і жахлівых эмацыйных падзей, пра якія ідзе гаворка. У «Непажаданым сваяцтве» складнікі тыя ж, але яны не спрацоўваюць: расказаныя гісторыі так і застаюцца хіба толькі страшнай інфармацыяй, якую распавялі з экрана, але не становяцца эмацыйна пражытым праз фільм досведам.

Заклік несці асабістую адказнасць за вайну Расіі супраць Украіны: паглядзелі дыскусійны фільм «Непажаданае сваяцтва» рэжысёра з Беларусі Паўла Мажара
Кадр з фільма «Непажаданае сваяцтва».

«Метадычка» — фільм адной лакацыі, кватэры Паўла, якую ён пераабсталяваў падобна турэмным умовам. Вызначэнне фільма ў адзіную прастору толькі падкрэслівае, як людзям у Беларусі, якія адбываюць тэрміны, даводзіцца бачыць адны і тыя ж «дэкарацыі». У «Непажаданым сваяцтве» рэжысёр адпаведна тэме не абмяжоўвае прастору фільма адной лакацыяй: у адной сцэне дзеянне адбываецца ў пясочніцы, бо загінулых хавалі на дзіцячых пляцоўках, у другой — проста на вуліцы каля нейкай сценкі, у трэцяй – ці то ў студыі, ці ў кватэры. Часта паказваюцца гарадскія краявіды Берліна. І хоць рашэнне выкарыстання розных лакацый лагічнае і зразумелае, аднак разам з гэтым губляецца тая магія вакууму адной прасторы, што была ў «Метадычцы».

Ствараецца адчуванне, што стужка «Непажаданае сваяцтва» не проста знята ў манеры, якая нагадвае фільм «Метадычка», але і імкнецца быць падобнай на яго. Акрамя такой жа формы, якую надае рэжысёр, у ім выкарыстоўваецца шмат тых жа інструментаў, за лік якіх «Метадычка» здолела прыцягнуць да сябе ўвагу міжнароднай кінасупольнасці. Напрыклад, злучэнне дакументалістыкі разам з ігравой формай кіно, праца з прасторай, у якой адбываюцца дзеянні фільма, выкарыстанне працяглых паўзаў і цішыні, дэталёвая прапрацоўка гукаў і іншыя моманты, некаторыя з якіх былі згаданыя вышэй.

Значную частку карціны рэжысёр прысвячае ўспамінам пра сваё выхаванне ў Беларусі да 10 гадоў: пра гульні ў вайнушку, пра малюнкі ў школе, прысвечаныя 9-му траўня, пра паўсюднае дэманстраванне ваеннай тэхнікі. Неўзаметку аўтар фільма апускаецца ў рыторыку аб тым, што «мы» прадукты адной сістэмы, адной сацыялізацыі. І вось спакваля ў гэтым «мы» ў «Непажаданым сваяцтве» аказваюцца разам беларусы і расіяне.

У адным з інтэрв’ю Паўла, прысвечаным фільму, рэжысёр адзначае, што ў «Непажаданым сваяцтве» ён узнімае пытанне менавіта «агульнай сацыялізацыі», а зусім не пра тое, што культуры аднолькавыя і няма ніякай розніцы паміж беларусамі і расіянамі. Вось толькі пасля прагляду фільма ў беларуса ўсярэдзіне нешта можа засвярбець у пратэст убачанаму.

Заклік несці асабістую адказнасць за вайну Расіі супраць Украіны: паглядзелі дыскусійны фільм «Непажаданае сваяцтва» рэжысёра з Беларусі Паўла Мажара
Павел Мажар трымае постар да фільма. Фота: сацсеткі Берлінале.

У тым жа інтэрв’ю Павел Мажар распавядае, якую мэту пераследаваў, ствараючы «Непажаданае сваяцтва»: «Што мне было важна ў гэтым фільме — гэта задаць пытанне: «Ці не звязаны гэты гвалт, які адбываецца ва Украіне, са мной асабіста?» Бо заўсёды вельмі лёгка зваліць на Пуціна і на ягоны рэжым, але мне падаецца, што ўсё не так проста». У гэтым кавалачку цытаты і хаваецца дваістасць фільма: аўтар задаецца пытаннем аб асабістай адказнасці за вайну ва Украіне, але пры гэтым счытваюцца наратывы «не ўсё так адназначна».  

Па сутнасці, аўтар задаецца абсалютна справядлівым пытаннем, але ў спробе знайсці адказ, у сілу свайго досведу, прапускае апісанне іншай Беларусі, якая ўзнікла і стала існаваць паралельна з краінай, дзе ў кожнай дзяржаўнай установе вісіць партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

Беларусі, у якой на факультэце журналістыкі былі выкладчыкі, якія па-за праграмным матэрыялам дзяліліся сучаснымі літаратурнымі арыенцірамі і заражалі цікавасцю да беларускай літаратуры. Беларусі, дзе існавалі такія праекты, як «Мова Нанова», выдаваліся і распрадаваліся беларускія кнігі, праводзіліся літаратурныя вечарыны Уладзіміра Арлова, Андрэя Хадановіча і іншых літаратараў, дзе перакладалі кнігі Святланы Аляксеевіч на беларускую мову. Беларусі, у якой увечары ў чацвер людзі збіраліся ў мінскім культурным цэнтры «Корпус», каб пагуляць у старажытную беларускую гульню «Жаніцьба Цярэшкі», а на выходных ішлі паслухаць Лявона Вольскага. Гэта Беларусь, у якой многія з нас жылі яшчэ да 2020 года. І дзякуючы якой у 2020 годзе людзі паказалі, што прагнуць свабоды.

Рэжысёр таксама не паказвае, у якой рэальнасці беларусы і беларускі жывуць цяпер. Не гаворыць пра тое, што ў беларускіх турмах цяпер сядзіць 1405 палітвязняў, што людзей катуюць і штодня парушаюць іх правы. Людзі, якія вымушана з’ехалі з Беларусі, не бачаць свае сем’і гадамі, прапускаюць не толькі сямейныя святы, але і пахаванне сваякоў. А з-за немагчымасці зрабіць пашпарт па-за Беларуссю застаюцца без дакументаў у чужой краіне. 

Заклік несці асабістую адказнасць за вайну Расіі супраць Украіны: паглядзелі дыскусійны фільм «Непажаданае сваяцтва» рэжысёра з Беларусі Паўла Мажара
Павел Мажар падчас прэм’еры стужкі «Непажаданае сваяцтва» на Берлінале-2024. Фота: сацсеткі Берлінале.

Безумоўна, у кароткаметражнай працы не так шмат часу, каб правесці экскурс у гісторыю беларускага народа, але ён і не патрабуецца. Для паўнаты карцінкі і сумленнасці ў пошуках адказу на галоўнае пытанне трэба толькі паказаць, што аўтар знаёмы з савецкай і постсавецкай Беларуссю, але чуў, што ёсць і іншая Беларусь.

Між тым «Непажаданае сваяцтва» — гэта рэдкая стужка фільммэйкера, які мае беларускі бэкграўнд і спрабуе рэфлексаваць наконт вайны ва Украіне. Таму асабліва сумна, што фільм адлюстроўвае толькі адзін бок медаля, і ўсе еўрапейцы, якія глядзелі і яшчэ паглядзяць «Непажаданае сваяцтва», убачаць толькі той бок медаля, які шмат беларусаў і беларусак не характарызуе.

Такім чынам, калі «Метадычка» — гэта арыгінальнае прачытанне падзей 2020 года ў Беларусі, як за лік формы, у якой выкананы фільм, так і самой ідэі. То фільм «Непажаданае сваяцтва» хоць і падобны па форме на папярэднюю працу Мажара, але ў ім быццам бракуе першапачаткова моцнай ідэі ці думкі, і вядома, згадкі пра існаванне іншай Беларусі. Атрымліваецца гэткая няскончаная аднабокая рэфлексія аўтара ў выглядзе фаталістычна бязмэтнай пастаноўкі.

Паглядзеўшы «Непажаданае сваяцтва», беларускі глядач наўрад ці вынесе для сябе нешта новае: інфармацыю, інсайты ці незвычайны погляд на падзеі апошніх гадоў. Хаця рэжысёр і сам падкрэслівае ў інтэрв’ю, што гэты фільм больш пра пытанне наконт сваёй адказнасці, а не пра адказ: «На такія пытанні не бывае вельмі хуткіх і вельмі простых адказаў. З чым я разабраўся, дык гэта з тым, што ў мяне ёсць асабістая адказнасць за гэта поўнамаштабнае ўварванне і за гэтую вайну, якая ўжо ідзе з 2014 года». Фільм планаваўся пра непажаданае сваяцтва, аднак у выніку ён (магчыма не наўмысна) уніфікуе беларусаў і расіян паміж сабой. «Як гэта было ўспрынята еўрапейскім гледачом?» — вось у чым пытанне.

Заклік несці асабістую адказнасць за вайну Расіі супраць Украіны: паглядзелі дыскусійны фільм «Непажаданае сваяцтва» рэжысёра з Беларусі Паўла Мажара
Падчас абмеркавання карціны на Берлінале-2024. Фота: Наталля Вавілонская.

Старонка фільма на Mubi.com тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: