У гарадскім судзе Вільні ідзе разбіральніцтва справы аб аўтарскіх правах на серыял «Акрэсціна». Андрэй Курэйчык распавёў пра прэцэдэнт «Еўрарадыё».
Драматург, кінасцэнарыст і рэжысёр паведаміў, што дазнаўся пра суд на пачатку мінулага года.
«Я б не ведаў пра гэты суд <…>. На гэта і быў разлік. Што я не ў курсе, я ў Амерыцы. А разбіральніцтва ў Літве на літоўскай мове, што я пра гэта не даведаюся і цішком будуць прынятыя неабходныя рашэнні. А аказалася, што я заўважыў гэта», — пракаментаваў сітуацыю Андрэй Курэйчык.
Стваральнік «Маланка медыя», медыяменеджар, прадзюсар «Акрэсціна» Павел Марыніч адмовіўся каментаваць сітуацыю, пакуль ідзе разбіральніцтва.
Нагадаем, што здымкі новага кінапраекта «Акрэсціна» пачыналіся ў сярэдзіне студзеня 2022 года. Андрэй Курэйчык і «Маланка медыя» пазіцыянавалі будучы прадукт як «першы мастацкі серыял пра беларускую рэвалюцыю».

«Ён будзе складацца з гісторый, заснаваных на рэальных падзеях, не толькі пра ахвяры рэжыму, але і пра працаўнікоў сілавых структур, судоў і іншых ведамстваў, — адзначала тады «Маланка медыя». — Мэта серыяла — паказаць усяму свету гісторыю беларускага народа ў імкненні быць свабоднымі ад дыктатуры і асвятліць падзеі, якія працягваюцца ў Беларусі да гэтага часу».
Рэжысёрам карціны быў заяўлены Андрэй Курэйчык, сцэнарыст фільмаў «Движение вверх», «Юленька», «Любовь-морковь», а таксама рэжысёр праектаў «Вышэй за неба», «ГараШ» і «Партызан-фільм». Прадзюсар карціны, паўторымся, — кіраўнік «Маланка медыя» Павел Марыніч. У праекце здымаліся ўкраінскія і беларускія артысты: Павел Гарадніцкі, Маргарыта Ляўчук, Андрэй Ткачоў…
Здымачнай камандай быў зняты толькі пілотны эпізод з запланаваных 8 серый.
Серыял запомніўся скандальным тызерам са здымак, у якім была паказана сцэна расстрэлу мірных дэманстрантаў у турме. Яна выклікала абурэнне гледачоў. Пазней Андрэй Курэйчык патлумачыў, што гэта быў сон аднаго з герояў.
«Акрэсціна» да гэтага часу так і не выйшаў на экраны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram