6 мая ў Нацыянальным мастацкім музеі пачынае працаваць выстава «Неба і зямля Аляксандра Кішчанкі», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння творцы.
На юбілейнай выставе Аляксандра Кішчанкі (1933—1997) пакажуць творы жывапісу і ткацтва, а таксама фатаграфіі і публікацыі пра мастака, якія захоўвае яго сям’я і Нацыянальны мастацкі музей.
Аляксандра Кішчанка лічаць адным з заснавальнікаў манументальнага мастацтва БССР. У 1963-1970 гадах ён выкладаў жывапіс і кампазіцыю на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва нашай Акадэміі. Ён — аўтар мноства вядомых роспісаў і мазаік (мазаiкi на Юбiлейнай плошчы, на гасцініцы «Турыст», на дамах у мiкрараёне «Усход» у Мінску) і гіганцкага (19 на 14 метраў) «Габелена веку», занесенага з гэтай прычыны ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
Натуральна, на выставе ў мастацкім музеі пакажуць больш камерныя творы гэтага аўтара. Аднак менавіта ў невялікіх жывапісных палотнах сканцэнтравана праявілася прырода яго таленту — імкненне будаваць кампазіцыю на аснове выверанай модульнай сістэмы, злучаць на адной плоскасці некалькі выяўленчых сістэм — фігуратыўную, дэкаратыўную і абстрактную і такім чынам дасягаць складанага і тонкага балансу твора.
Адкуль у савецкага мастака такая вольнасць выяўленчай мовы? Аляксандр Кішчанка ў 1960 годзе скончыў факультэт манументальнага жывапісу ў Львоўскім інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (сёння — Львоўская Нацыянальная акадэмія мастацтваў). У яго выкладалі прафесары, якія былі вучнямі вядомых французскіх жывапісцаў. З таго часу элементы заходняга мастацтва, напрыклад, французскага фавізму, увайшлі ў выяўленчую сістэму яго твораў, а праз яго нястомны пошук паўплывалі на вучняў і калег.
Выстава будзе працаваць да 9 ліпеня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: