Выйшла манаграфія пра род Маджарскіх, стваральнікаў знакамітых «слуцкіх паясоў»

Культура

Фонд развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў «АНІВ» сумесна з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтаваў і выдаў манаграфію «Маджарскія: Армянскі род у гісторыі Беларусі». Гэтая кніга прысвечана гісторыі роду армянскіх майстроў-ткачоў Маджарскіх, якія стварылі нацыянальны беларускі сімвал — знакамітыя «слуцкія паясы».

Актыўная праца над кнігай вялася з 2018 года. У ёй на аснове дакументальных матэрыялаў з беларускіх і польскіх архіваў разглядаецца гісторыя роду Маджарскіх, а таксама гісторыя стварэння і развіцця фабрыкі-персіярні ў Слуцку. У ходзе работы над кнігай быў зроблены цэлы шэраг асобных адкрыццяў і ўдакладненняў.

У дадатку да кнігі апублікаваныя шматлікія тэматычныя дакументы, такія як інвентары маёнткаў, даведкі, кантракты, пастановы дваранскіх сходаў, выпіскі з метрычных кніг касцёлаў, асабістыя лісты Яна і Лявона Маджарскіх Радзівілам. У іх ліку ўнікальная крыніца — выяўленыя ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі дзелавыя запісы бацькі і сына Маджарскіх, якія яны выконвалі на польскай мове, але армянскімі літарамі.

Візуальны шэраг выдання складаецца з больш чым 100 раней невядомых і малавядомых ілюстрацый, выяўленых у архівах і музеях Беларусі, Польшчы, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Літвы, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, а таксама ў прыватных калекцыях.

Гісторыя роду Маджарскіх разглядаецца ў манаграфіі як яскравы прыклад беларуска-армянскіх культурных сувязяў у XVIII стагоддзі. Доўгі час захоўваючы сваю армянскую ідэнтычнасць, прадстаўнікі роду тым не менш здолелі інтэгравацца ў лакальную шляхецкую супольнасць Случчыны і Навагрудчыны.

Кніга дазволіць па-новаму асэнсаваць уклад Яна і Лявона Маджарскіх у беларускую культуру і цесна звязаць іх імёны з адным з самых вядомых яе брэндаў. Сабраны пры працы над кнігай матэрыял таксама адкрывае цэлы шэраг даследчых сюжэтаў для далейшых пошукаў па гісторыі армянскай прысутнасці на беларускіх землях і месцы армян у гісторыі Беларусі.

Сёння кнігу можна набыць у мінскіх кнігарнях «Клякса» (вул. Ульянаўская, 31) і «Акадэмічная кніга» (пр-т Незалежнасці, 72), у Ерэване ў кнігарні «Наіры» (вул. Каруна, 8).

Прэв’ю выдання даступнае па спасылцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: