5 верасня варшаўскі клуб Niebo прыме пяты фестываль беларускай музыкі Graj. Лайн-ап падзеі ўжо вядомы: на адной сцэне збяруцца Volski, J:Морс, Dzieciuki, «Дай Дарогу!» і «Разбітае Сэрца Пацана». Але менавіта зараз вырашаецца, хто стане пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў, які традыцыйна ладзіць Graj.
Арганізатары адбралі дзесяць фіналістаў і прызнаюцца, што выбар быў няпростым:
«Мы слухалі заяўкі гадзінамі, доўга і горача спрачаліся, даказвалі адно аднаму сваю рацыю, а адзін раз галасы падзяліліся, і нам давялося кідаць манетку!
Безумоўна, якасць музыкі, вакал, прафесіяналізм і талент — гэта база. Але для нас было важна і іншае: ці пасуе гурт да фармату фэсту? Сярод заявак былі вельмі крутыя музыкі — напрыклад, Prypiać і Kurwadziki! Але яны ўжо перараслі фармат конкурсу. Таму мы вырашылі ўзяць не абсалютны топ з ужо вядомых імёнаў, а менавіта тых фрэшменаў, каму гэтая сцэна сёння патрэбна больш за ўсё».
У выніку вызначыўся спіс фіналістаў, лёс якіх вызначыцца сёння ўначы з 19 па 20 жніўня.
Хто у шортлісце?
- moonika (Мары Швец) — далікатны і моцны голас у сумесі готыкі, этнікі, індзі і эмбіенту.
- MIGRACIA — гданьскі індзі-рок-праект з музычкамі з Беларусі і Украіны.
- RODVALOTH — беларускамоўны мелодык-дэт-метал з фолкам ад экс-гітарыста Znich Максіма Ляха.
- Bizzare Objects — альтэрнатыўны рок са шчыльнай электронікай і неакласічнымі гармоніямі.
- Lubber Louie — атмасферны індзі-рок у стылі Dinosaur Jr. і Pixies.
- PRAMIEŃ — глыбокі і лірычны indie post-punk rock ад беларуска-украінскага складу.
- Captain Hmeil — містычны фолк-рок і метал з дудамі, скрыпкамі і жаночым вакалам.
- RaState — качавы рэгі-рытм з унікальным закрутам: у саўнд уплецены беларускія цымбалы.
- unlike — свежы поп-рок у лепшых традыцыях 2000-х з моцным жаночым вакалам.
- Arhedelic — сольны праект Станіслава Чахоўскага: архаічны фьюжн з электронікі, фальклору, соўлу і фанку.
Сёння, 19 жніўня, — апошні дзень галасавання.
Вызначыць, хто з іх адкрые Graj 2026, можна да канца дня. Весці фестываль будуць Валер Руселік і Марына Савіцкая.
Набыць квіткі на фэст можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
