Выйшаў пераклад кнігі «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» Анэты Прымакі-Онішк

Культура

«Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» Анэты Прымакі-Онішк — гэта вельмі важная кніга для захавання памяці беларусаў Беласточчыны. Але таксама і для беларусаў з метраполіі, піша Яраслаў Іванюк, кіраўнік выдавецтва «Камунікат». Пераклад кнігі польскай даследчыцы з беларускімі каранямі Анэты Прымакі-Онішк выйшаў у яго выдавецтве.

Недзе ў 2018 годзе Фонд Kamunikat.org разам з Беларускім гістарычным таварыствам распачалі грамадскую ініцыятыву «Наша памяць». Яе галоўная мэта — дакументаванне месцаў памяці і вяртанне годнасці беларускім мірным ахвярам, якія загінулі ад рук жаўнераў польскага антыкамуністычнага падполля на Беласточчыне. Найперш гаворка ідзе пра фурманаў, забітых каля вёскі Пухалы Старэ, а таксама пра спаленыя беларускія вёскі тагачаснага Бельскага павета, знішчаныя аддзелам капітана Рамуальда Райса «Бурага».

«Як сёння памятаю, — згадвае Яраслаў Іванюк, — што нават мае добрыя знаёмыя з Беларусі пісалі, што ініцыятыва «Наша памяць» нібыта «ўпісваецца ў рэалізацыю інтарэсаў Крамля, а «Буры» ж ліквідаваў камуністаў». Настолькі памяць беларусаў Беласточчыны, менавіта — наша памяць, была забытая, што нават самі беларусы не заўважалі сваёй крыўды і сваёй трагедыі. Зрэшты, чаму тут здзіўляцца? Нават у нас на Беласточчыне пра «Бурага» і яго ахвяр гаварылі толькі «на кухні» і прыглушаным голасам».

Анэта Прымака ў сваёй кнізе паказвае, што трагічныя падзеі пасля вайны адбываліся не толькі на поўдні, але і на поўначы Беласточчыны. Аўтарка, як і ў выпадку сваёй першай кнігі пра бежанства, выходзіць ад сямейнай гісторыі — яе дзед таксама загінуў ад рук польскага падполля як нібыта «камуніст».

Анэта парушае маўчанне на гэтую тэму. Яна ездзіць па падляшскіх вёсках, размаўляе з жыхарамі Беластока, Бельска-Падляскага, Гайнаўкі, Сямятычаў і Саколкі, чытае архіўныя дакументы і супастаўляе здабытыя веды з міфамі пра польска-беларускія адносіны. Усё дзеля таго, каб зразумець, што адбылося восемдзесят гадоў таму і якое значэнне надаецца гэтым падзеям сёння.

Кнігу Анэты Прымака-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» ўжо можна замовіць на сайце Kamunikat.shop.

Адпраўка — пасля 20 ліпеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.