«Адмыслоўцы шалёнага часу»: у Нарвегіі выйшла анталогія сучаснай беларускай літаратуры

Культура

У Нарвегіі ў выдавецтве H//O//F выйшла анталогія сучаснай беларускай літаратуры «Eksperter på grusomme tider» («Адмыслоўцы шалёнага часу»).

«Доўгі час беларуская літаратура знаходзілася ў закутку савецкай літаратуры, — пішуць у анатацыі. — Некаторыя з аўтараў цяпер з’яўляюцца сучаснымі класікамі, якія змаглі пісаць, абышоўшы цэнзуру і фальсіфікацыю гісторыі, іншыя былі выведзеныя з падполля і забыцця, у той час як большасць — жывыя пісьменнікі, якіх у апошнія гады зняволілі, абвясцілі экстрэмістамі, тэрарызавалі і выгналі.

Гэта літаратура супраціву, якая дае ўяўленне пра думкі, ідэі і пачуцці беларускага народа. Гэта літаратура выжывання, напісаная ў чаканні свабоды і самавызначэння, на мове, якой усё яшчэ трэба змагацца за сваё права на існаванне».

«Адмыслоўцы шалёнага часу»: у Нарвегіі выйшла анталогія сучаснай беларускай літаратуры

Большую частку твораў пераклала Марына Хобель, якая таксама была рэдактаркай і кіраўніцай гэтага грунтоўнага праекту.

Сурэдактарамі выступілі літаратуразнаўца Ульяна Верына і Гунар Вернэс (Gunnar Wærness). Над анталогіяй працавала мноства людзей, у тым ліку ілюстратарка Аўгіння Птычка, а дзякуючы фонду Fritt Ord і Культурнай радзе Нарвегіі кніга трапіць у бібліятэкі. У 2021 годзе беларускае аб’яднанне ў Нарвегіі «Разам» ініцыявала краўдфандынг і спонсарская падтрымка ахвярадаўцаў дазволіла кнізе нарэшце выйсці з друку.

«Гэта быў для мяне адзін з самых складаных праектаў, які пачаўся ў 2021 ці нават у 2020, у іншым шалёным часе як у іншым жыцці — тлумачыць Ульяна Верына. — Мы выпакутавалі гэты змест і канцэпцыю, паслядоўнасць, баланс паэзіі і прозы, колькасць аўтараў і аўтарак — мы з Марынай прымалі няпростыя рашэнні, і не раз. На жаль, у канчатковы варыянт увайшлі не ўсе аўтары і творы, якія былі ў першым (другім, трэцім, пятым…) варыянтах, бо акрамя ўсіх іншых прычын, была яшчэ і пэўная колькасць старонак…»

Таксама Ульяна Верына анансавала выхад украінска-беларускай паэтычнай анталогіі, куды ўвойдуць творы, якія не трапілі ў «Eksperter på grusomme tider».

У выданні прадстаўлена 26 аўтараў і аўтарак: Уладзімер Караткевіч, Міхась Стральцоў, Васіль Быкаў, Веніямін Блажэнны, Людміла Русава, Алесь Разанаў, Тацяна Сапач, Павал Севярынец, Ганна Янкута, Вальжына Морт, Ціхан Чарнякевіч, Юля Цімафіева, Уладзь Лянкевіч, Наста Кудасава, Уладзіслаў Гарбацкі, Марына Хобель, Альгерд Бахарэвіч, Артур Клінаў, Дзмітрый Строцаў, Сабіна Брыло, Зміцер Бартосік, Ева Вежнавец, Андрусь Горват, Таня Скарынкіна, Ліна Казакова, Вольга Злотнікава.

Раздзел з творамі кожнага аўтара і аўтаркі суправаджае кароткі тэкст пра яго ці яе, каб дапамагчы нарвежскаму чытачу зразумець, у чым адметнасць і вартасць кожнага і кожнай.

Назву анталогіі даў радок з верша Таццяны Сапач.

… У кніжцы без вокладкі

і без апошніх старонак,

дзе вы, адмыслоўцы шалёнага часу,

жылі,

я сёньня заместа закладкі

лісток пакладу

ад пекнай герані,

падобнай на кроў і агонь.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.