«Важна чуць голас жывога чалавека, а не робата»: праект беларускіх аўдыякніг audiobooks.by адзначае пяцігоддзе

Культура

У ліпені audiobooks.by святкуе 5 гадоў. Гэта гісторыя пачалася ў 2021 годзе, калі стала зразумела, што сучаснай беларускай літаратуры ў аўдыяфармаце практычна няма.

Заснавальніка праекта Мікіты напісаў пра гэты перыяд працы audiobooks.by.

«Аўдыякнігі — гэта адзіны фармат, якім я карыстаюся. Ён не быў асабліва цікавы нашым выдаўцам, таму яны самі аўдыя не выдавалі.

Тады і з’явілася ідэя стварыць рынак беларускіх аўдыякніг і паказаць, што яны могуць прыносіць прыбытак. Меркавалася, што гэта стымулюе выдаўцоў зацікавіцца аўдыяфарматам — і мы (audiobooks.by як аўдывыдавецтва) паступова станем непатрэбныя. Я тады вырашыў, што пяці гадоў на гэта будзе дастаткова.

Прайшло пяць гадоў. На жаль, у нас не атрымалася дасягнуць першапачатковай мэты. Аўдыякнігі не сталі вельмі папулярнымі, і продажы на дадзены момант даволі сціплыя. Запіс кніг пакуль не акупаецца», — расказвае Мікіта.

Тым не менш, за гэты час удалося выдаць 70 аўдыякніг, большасць — платна, іх можна купіць і ў Беларусі, і за мяжой. Большасць продажаў прыходзіцца на беларусаў па-за межамі краіны, а галоўная мэтавая аўдыторыя беларусаў у Беларусі не ахоплена.

Акрамя выдання камерцыйных аўдыякніг атрымалася ажыццявіць некалькі іншых цікавых праектаў: дзве «Народныя аўдыякнігі», якія агучылі больш за сотню беларусак і беларусаў з усяго свету. «Марсіянін» Эндзі Ўіра выйшла адначасова ў трох фарматах — папяровым, электронным і аўдыя. На аўдыякніжныя пляцоўкі было выкладзена 37 аўдыякніг Радыё Свабода. Дзякуючы гранту ад Рады Культуры было запісана і выкладзена 6 аўдыякніг Васіля Быкава, якіх дагэтуль не было ў аўдыя па-беларуску.

Пасля апісання таго, што атрымалася зрабіць за гэты час, узнікае наступнае лагічнае пытанне: а што далей? «Мая першапачатковая мэта — стварыць рынак беларускіх аўдыякніг за 5 гадоў — была наіўнай, — мяркуе заснавальнік праекта. —  Я пераацаніў і свае здольнасці, і будучыню — у 2021 годзе будучыня Беларусі здавалася зусім іншай. Але без гэтай наіўнасці я б не распачаў праект, і не з’явілася б дзясяткаў новых аўдыякніг.

План на наступныя 5 гадоў ужо не такі амбіцыйны — працягваць выдаваць новыя беларускія аўдыякнігі, дапамагаць з распаўсюдам аўдыянкіг іншым ахвотным і верыць у лепшае. Так, мы навучыліся рабіць аўдыякнігі, але не навучыліся іх прадаваць. На дадзены момант у нас не хапае чалавечых і фінансавых рэсурсаў, каб сур’ёзна ўкласціся ў маркетынг. Таму пакуль будзем працягваць выдаваць кнігі ў тым жа тэмпе — па кнізе на месяц.

Увогуле будучыня вельмі цьмяная. Не толькі праз сітуацыю ў Беларусі і суседзяў, але і праз ШІ, які тэктанічна змяняе і працягне змяняць нашую рэчаіснасць. Што датычыцца аўдыякніг, то я ўпэўнены, што ў бліжэйшай будучыні ШІ зможа агучваць беларускія аўдыякнігі на ўзроўні прафесійных дыктараў. Гэта моцна знізіць кошт вытворчасці аўдыякніг і дазволіць агучыць любую новую кнігу практычна імгненна.

Маё меркаванне: ШІ-агучка — гэта адмоўны кірунак развіцця нашай сферы. Мы прынцыпова будзем працягваць рабіць агучку з рэальнымі дыктарамі, бо мне важна чуць голас жывога чалавека, а не робата (нават калі яго і не адрозніць ад чалавека). Але магчыма, што большасці людзей не прынцыпова, хто агучвае. Тады, верагодна, з’явіцца іншы праект ці выдавецтва, які пачне масава выдаваць агучаныя ШІ аўдыякнігі. Наша выдавецтва апынецца нерэлевантным. Гэта мяне хвалюе, але пакуль не ведаю, што тут можна зрабіць. Акрамя таго як запытаць: калі нам няважна, ці агучвае кнігу чалавек, ці ШІ, то ці важна нам, хто яе напісаў?

Такія вось разважанні. Не вельмі аптымістычныя, але шчырыя. На сёння галоўнае, што мы ёсць і працягваем працаваць і выдаваць новыя беларускія аўдыякнігі. Дзеля саміх сябе і нас усіх».

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.