«Пра чаканне, выгнанне, пра тоеснасць»: Мара Тамковіч працуе над новым фільмам аб беларускай мастачцы ў эміграцыі

Культура
Мара Тамковіч на "Тутацы". Фота: reform.news

Беларуская рэжысёрка Мара Тамковіч прыехала на фэст «Тутака», дзе паказала свой мастацкі фільм «Пад шэрым небам», натхнёны гісторыяй зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. Пасля паказу рэжысёрка расказала Reform.news аб працы над новай стужкай.

Праект будзе называцца «Паўночнае ззянне», сцэнарый напісаны Юліяй Пагрэбняк, з якой Мара пазнаёмілася падчас пітчынгу, арганізаванага Беларускай незалежнай кінаакадэміяй на еўрапейскім кінамаркеце на Берлінале. Менавіта Юлія знайшла для праекта фінскую прадзюсарку Мэрыю Рытолу. «Цяпер дапрацоўваецца сцэнар, рыхтуецца «ўпакоўка» праекта, каб яго прадстаўляць партнёрам. Зацікаўленасць партнёраў ёсць, спадзяёмся, што гэта дапаможа нам атрымаць наступны этап фінансавання», — расказвае Мара Тамковіч.

На першы этап праекта фінансаванне было атрымана ад фінскага кінафонда. Хоць гісторыя пачынаецца ў Менску, але асноўнае драматургічнае дзеянне развіваецца ў Хельсінкі, а потым у Лапландыі.

Фільм распавядае пра радыкальную маладую мастачку-перформерку Лесю, якая становіцца знакамітай падчас пратэстаў 2020 года. Яе перформанс «Шлях да свабоды» разганяе АМАП і яна ўцякае ў Фінляндыю з дапамогай фінскай дакументалісткі. У Фінляндыі яе вітаюць як зорку, але гэтая зорнасць мае свой кошт. Леся разумее, што ў выгнанні яна як мастачка вымушана адпавядаць чаканням публікі, якая настроеная на радыкальныя перформансы, што эксплуатуюць яе траўмы. «Гэта не кіно пра 2020 год, — тлумачыць рэжысёрка, — яно пра гісторыю, якая вырастае з траўмы 2020-га. Гэтая гісторыя ўніверсальная і магла б адбывацца, напрыклад, пасля пратэстаў 2010 года. Бо фільм будзе пра досвед мастацтва ў эміграцыі. Пра тое, чым ёсць дом. Пра чаканне, выгнанне, пра тоеснасць, пра тое, як можна выбудоўваць сваё пачуццё прыналежнасці ў новым месцы. Пра магнетычную гераіню і пра тое, адкуль у прынцыпе нараджаецца мастацтва, адкуль яно чэрпае тую моц, якая лекуе, а не разбурае».

Планаваны бюджэт фільма — два мільёны трыста тысяч еўра. Акторку на галоўную ролю яшчэ не знайшлі, вядома, што фінскую прадзюсарку будзе граць фінская акторка Сейдзі Харла.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.