Выконваючы абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі пракаментаваў сітуацыю з беларускім кнігавыданнем. Кніжная палата агучыла лічбы, што ў Беларусі ў 2024 годзе выйшла толькі 12,5% кніг на беларускай мове.
«Кніг па-беларуску выдаецца толькі ўдвая больш, чым па-англійску, і значна менш, чым па-расійску. З аднаго боку, гэта магло б сведчыць пра ўвагу да глабальных трэндаў, з іншага – калі нацыянальная мова амаль на роўні з замежнай, а «другая дзяржаўная» дамінуе, гэта і ёсць вынік русіфікацыйнай палітыкі, – заўважыў палітык.
Паводле Кніжнай палаты, у 2024 годзе ў Беларусі выйшла менш за 900 найменняў кніг па-беларуску агульным накладам каля 3 млн асобнікаў – у 9 разоў меней па колькасці і ў 4 разы меней па накладзе, чым кніг па-расійску. Гэта адна кніга на трох беларусаў.
Ужо цяпер па колькасці пазіцый і накладаў беларускія незалежныя выдавецтвы за мяжой канкурэнтныя з тымі, што працуюць у Беларусі, а па навінках і пераўзыходзяць іх.
Палітыка згортвання нацыянальнага кніжнага рынку не тлумачыцца выхадам на знешнія рынкі, бо кнігі па-расійску пераважна рэалізуюцца на рынку ўнутраным.
Трэба аддаць належнае тым нешматлікім выдавецтвам, што застаюцца ў Беларусі і трымаюцца роднай мовы, але без дзяржаўнай падтрымкі кніжная справа на беларускай мове асуджаная на выміранне.
Калі нам важна заставацца беларусамі і захоўваць сваю адметнасць, варта падтрымліваць беларускую кнігу асабістым прыкладам: купляць і чытаць новыя кнігі дзецям, выбіраць хаця б некалькі выданняў на год для сябе.
Падтрымка чытачоў дазволіць беларускім выдаўцам больш паверыць ва ўласныя сілы», – падкрэсліў ён.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram