«Беларусь — гэта святое»: Павел Севярынец прэзентуе ў Варшаве кнігу малюнкаў і вершаў, створаных за кратамі

Культура
Малюнкі з-за кратаў Паўла Севярынца, якія паступова сабраліся ў кнігу. Фота: "Вясна".

23 траўня ў Варшаве адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Паўла Севярынца «Беларусь — гэта святое». У выданні сабраныя вершы і малюнкі беларускага палітыка, якія ён ствараў, будучы ў зняволенні.

«Тут сабраны 71 малюнак беларускіх храмаў, якія я маляваў у турмах і калоніі Францішку, пакуль не забаранілі адсылаць, а таксама 71 выслоўе і 22 вершы.

Вершы даводзілася вучыць на памяць, бо ў апошнія гады лісты з вершамі з турмы таксама не выпускалі. Большасць з гэтых вершаў нідзе не публікавалася», — распавёў аўтар пра выданне.

«Беларусь — гэта святое»: Павел Севярынец прэзентуе ў Варшаве кнігу малюнкаў і вершаў, створаных за кратамі
Малюнак Паўла Севярынца з-за кратаў. Фота: «Вясна».

Пра тое, як да Паўла прыйшла ідэя маляваць храмы ў зняволенні расказвала «Вясне» некалькі гадоў таму Вольга Севярынец.

«Спачатку Павел маляваў Францішку машынкі і іншы транспарт, у якасці падарунка, бо Францішак вельмі цікавіцца гэтай тэмай, а пасля вырашыў, каб таксама «выхоўваць у сына пачуццё прыгожага», маляваць храмы. Людзі дасылалі Паўлу шмат паштовак з беларускімі краявідамі, ён перамалёўвае храмы з іх. Калі Павел пачынаў маляваць храмы, мы не думалі, што будзем рабіць з імі паштоўкі. Гэта ідэя ўзнікла неяк сама сабой, калі мы сабралі калекцыю з дзесяці малюнкаў цэркваў і касцёлаў. Паштоўкі былі прынятыя вельмі цёпла, было шмат добрых водгукаў і падзякаў».

Цяпер малюнкі палітычнага дзеяча можна паглядзець пад адной вокладкай.

Павел называе Варшаву «эпіцэнтрам беларускага руху» і асабліва запрашае на сустрэчу: паплечнікаў па Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, тых, хто хоча далучыцца да БХД, усіх сяброў па сацыяльных сетках, каб нарэшце сустрэцца ўжывую і «развіртуаліцца».

Час і месца: 23 траўня, 16:00, Варшава, Беларусі дом (Kryniczna, 6).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.