Святлана Петушкова разам з мужам — дызайнерам Андрэем Шапоравым — заснавала ў Беларусі «Дом графікі» – літаграфскую майстэрню і каворкінг для мастакоў.
Цяпер яны жывуць у Вільні, дзе Святлана стала сябрам Саюза мастакоў Лiтвы і вучыцца ў магістратуры Акадэміі мастацтваў на графічнай спецыялізацыі.
У 2022 годзе яны зрабілі копію першага друкарскага прэса — станка Гутэнберга 1480 года. Такога кшталту станок выкарыстоўваў і Францыск Скарына.
Святлана таксама працуе як куратар. Нядаўна з поспехам завяршыўся яе вялікі праект «Мікрацюры», у якім удзельнічалі 45 творцаў з Літвы.
На днях у літоўскай сталіцы ў CreateCulture Space адбылося адкрыццё персанальнай выставы Святланы Петушковай «Дэталiзацыя» — з выявамі невідавочнай Вільні. Графіці на сценах, выпадковыя рэчы і іншыя сляды жыццядзейнасці сучаснага гараджаніна паказвалі непарадны і зусім не імігранцкі погляд на гарадскую прастору.
Паразмаўлялі з мастачкай пра змену ракурсу і новы этап творчай адаптацыі ў Літве.
— Святлана, дэталізацыя — як падыход да даследавання горада — гэта не метад замежніка, які любуецца прыгажосцю архітэктуры…
— Так, гэтыя працы хутчэй пра маю адаптацыю і інтэграцыю, а дакладней пра тое, як я палюбіла гэты горад.
Мы пераехалі ў Вільню вымушана, гэта адбылося ў першы дзень лакдаўна, таму ўсё было зачынена, а мы сядзелі на каранціне ў гатэлі каля аэрапорту. Найгоршы час для рэлацыравання, бо не было ніякай сацыяльнай камунікацыі. Пасля каранціна я хадзіла па горадзе, і мне нічога не падабалася. Цяпер зразумела, што гэта была дэпрэсія. Паступова мы сталі шукаць смешныя і незвычайныя рэчы ў горадзе, каб убачыць яго не як турысты, а як жыхары. Лазілі па дварах, невідавочных месцах і знаходзілі гэтыя дзіўныя фрагменты гарадской прасторы. За тры гады ў мяне назбіралася шмат фатаграфій-сведчанняў будзённага жыцця людзей.
Горад нібы адкрываў нам свае сакрэты. Напрыклад, першага студзеня мы хадзілі па цэнтры Вільні і ўбачылі кветкавыя скульптуры — хлопчыка і дзяўчынкі, у якія людзі накідалі рознае смецце.
Вось такім чынам нарадзілася выстава.
— Вашы работы прадстаўлены ў розных графічных тэхніках — чыстая фіксацыя аб’ектаў і больш мастацкі падыход. Ці сюжэт выявы абумоўліваў выбар тэхнікі?
— У Беларускай акадэміі мастацтваў нас вучылі традыцыйным тэхнікам друку, мы працавалі з літаграфіяй, афортам, дрэварытам, лінарытам, крыху з шаўкаграфіяй, якую студэнты арганізавалі самі. Калі я паступіла на магістратуру ў Акадэмію мастацтваў у Літве, я вырашыла вывучыць новыя тэхнікі.
На гэтай выставе ёсць гэтыя тэхнікі, з якімі я раней не працавала. Напрыклад, цыянатыпія. У мінскай акадэміі цыянатыпію вывучыюць на фотаграфіцы, а на графіцы не, але фатаграфія — гэта таксама графіка, бо яна ўжывае друкаваныя тэхнікі. Хоць тут і не патрэбны друкарскі станок, але тым не менш гэта тэхніка графічная.
У літоўскай акадэміі мастацтваў ёсць цудоўная магчымасць наведваць любыя майстэрні, напрыклад, скульптурную ці тэкстыльную. І я стала хадзіць у фатаграфічную лабараторыю і вывучыць аналагавыя фотатэхнікі, займалася цыянатыпіяй.
Таксама ўзяла курс фотапалімеру і літаафсету, на выставе ёсць гэтыя тэхнікі.
— Такім чынам, гэта выстава — вынік вашай вучобы?
— Не, таму што ў аснове ўсіх графічных тэхнік, якія я выкарыстоўваю, ляжыць фатаграфія. То-бок гэтыя тэхнікі даюць магчымасць зрабіць мастацкі твор на базе фатаграфіі. А здымкі горада я рабіла цягам трох год. Я не малявала на літаграфскім камені адмысловым алоўкам, выява паўставала іншым чынам, але яна мая, аўтарская.
А свае цыянатыпіі я рабіла адмыслова для выставы і ўжо ў гэтым годзе.
Якім чынам тэхніка звязана з сюжэтам? Напрыклад, у цыянатыпію я не магу дадаць іншы колер, не магу выдзеліць нейкі аб’ект колерам. Таму для тых работ, дзе трэба было зрабіць акцэнт, а гэта работы з надпісамі, я выкарыстоўвала ці фотапалімер ці афсет, менавіта з той прычыны, што твор можна надрукаваць у некалькі колераў.
— З якой мэтай вы фіксуеце графіці на гістарычных будынках?
— Увогуле гэта вандалізм і вельмі кепска. Але калі ўявіць сабе стары горад, у якім няма праяў жыцця, то-бок стэрыльна чысты, то ён бы нагадваў дэкарацыю да сярэднявечнага фільма пра Вільню. Мне здаецца, што гэты вандалізм робіць горад жывым. Серыю работ з графіці я назвала «Statement», бо, магчыма, чалавек, які пісаў гэтыя словы, выказваў нейкі пратэст ці ствараў маніфест.
Маёй пазіцыі ў гэтых работах няма.
— Такі тэкст горада, яго апошнія сучасныя старонкі… Як праходзіць ваша адаптацыя? Вы сябра літоўскага Саюза мастакоў, пайшлі вучыцца ў магістратуру…
— Я вельмі добра інтэгравалася ў мясцовы асяродак, адчуваю сябе камфортна. Маю шмат літоўскіх сяброў, з якім камунікую па-руску і па-англійску, таксама вучу літоўскую мову, усё разумею, але яшчэ цяжка размаўляць, бо граматыка складаная. У Саюзе мастакоў я працую ў графічным фондзе.
— Вы збіраліся ўзнавіць майстэрню «Дом графікі»…
— Так, была такая ідэя. Цяпер «Дом графікі» існуе не як прастора, а як супольнасць людзей, я па-ранейшаму камунікую з беларускімі мастакамі, спрабую дапамагчы ім з арт-рэзідэнцыямі і выставамі, але не ўпэўнена, што хачу заняцца ўзнаўленнем графічнай майстэрні. Цяпер я вучуся, і мае ўяўленні пра тое, што я хачу рабіць далей, змяняюцца.
— І змяняюцца ўяўленні пра тое, што такое графіка…
— Сучасная графіка ў Літве і Еўропе вельмі моцна адрозніваецца ад беларускай. Яна менш ілюстрацыйная і імкнецца да інсталяцыі. Але гэта ўсё яшчэ прынтмейкінг, друк. Для мяне цяпер вельмі цікавая гэтая тэма, гэта менавіта тое, што я даследую ў сваёй магістарскай працы. Я бачыла шмат прыкладаў сучаснай друкаванай графікі з усяго свету і хачу сказаць, што тое, што робяць мастакі са звыклымі нам рэчамі, — часам проста неверагоднае.
Мы ў Беларусі вельмі ганарымся нашай графікай, лічым, што на сусветным узроўні мы ледзь не лепшыя. Нашы мастакі і праўда атрымліваюць узнагароды на конкурсах. Напрыклад, Лена Андрушчанка ў 2020 годзе стала пераможцам біенале літаграфіі ў Белградзе, Сербіі. Аднак мы мала ведаем пра знешні свет. За сваёй жалезнай заслонай мы нібы затрымаліся ў мінулым. У беларускай графіцы няма зменаў і развіцця за апошнія пяцьдзесят гадоў, на жаль. Але ўсё наперадзе. Пераменам у Беларусі быць! Ва ўсіх сферах!
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: