Амерыканскі рэжысёр Вудзі Ален адказаў на шквал крытыкі ў яго бок пасля анлайн-размовы з Фёдарам Бандарчуком на Маскоўскім міжнародным тыдні кіно.
Аўтар «Куляў над Брадвеем» пракаментаваў The Guardian сваё выступленне па аддаленай сувязі на маскоўскай падзеі.
«Што тычыцца канфлікту ва Украіне, я цвёрда перакананы, што Уладзімір Пуцін цалкам няправы. Вайна, якую ён развязаў, жахлівая. Але, што б ні рабілі палітыкі, я не лічу, што спыненне творчых дыскусій — гэта добры спосаб дапамагчы», — давёў ён.
24 жніўня Вудзі Ален выступіў на Маскоўскім міжнародным тыдні кіно ў анлайн-гутарцы «Легенды сусветнага кінематографа», вядоўцам якой быў праўладны расійскі рэжысёр Фёдар Бандарчук. Амерыканскі кінематаграфіст у сваіх рэпліках адзначыў, што ставіцца з павагай да расійскай культуры і хацеў бы аднойчы зняць фільм у Расіі, калі з’явіцца такая магчымасць.
МЗС Украіны назвала гэты выступ ганьбай і абразай ахвяры ўкраінскіх кінематаграфістаў, якія былі забіты на вайне. Вудзі Ален, на думку МЗС, «свядома заплюшчвае вочы на зверствы, якія Расея ладзіць ва Украіне штодня ўжо цягам 11 гадоў». «Культура не павінна адбельваць злачынствы або служыць прапагандай», — падкрэслілі ў МЗС.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram