Галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб расказаў у інтэрв’ю «Расійскай газеце», што пры ім за чатыры гады працы склад балетнай трупы тэатра змяніўся на 95%. Ігар Колб — ураджэнец Беларусі, заслужаны артыст Расіі, які апошнія 25 гадоў танцаваў на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, — быў прызначаны на пасаду ў 2022 годзе.
«На момант майго прыходу, роўна 4 гады таму, балетная трупа тэатра, на мой погляд, была не зусім канкурэнтаздольным калектывам, і 38 з 115 ставак апынуліся вольныя, — сказаў Колб у інтэрв’ю. — Гэта было вельмі хвалююча і, я б нават сказаў, крыху палохала. На сённяшні дзень трупа абнавілася на 95 адсоткаў, яе касцяк — маладыя артысты, запрошаныя ў тэатр адусюль. Большасць — выпускнікі беларускай школы, але да нас імкнуцца трапіць артысты і з іншых краін. Сёлета было 35 заявак ад замежных грамадзян, і гэта акрамя расіян. Я заўсёды настойваю, што артысту лепш спачатку прыехаць паглядзець горад, пагуляць, пазнаёміцца з тэатрам, каб пры ўладкаванні на працу не было нейкіх расчараванняў».
Таксама галоўны балетмайстар прызнаўся, што зробленыя ім спектаклі выклікалі вялізныя дэбаты, даходзіла нават да хэйта. Таму ён быў здзіўлены, што публіка прыняла яго апошнюю прэм’еру — балет «Баядэрка».
Нагадаем, што пасля пратэстаў у 2020 годзе ў тэатры прайшлі масавыя звальненні. Кампенсавалі недахоп кадраў у тым ліку за кошт расійскіх кадраў. Напрыклад, мастацкім кіраўніком тэатра з’яўляецца Арцём Макараў — народны артыст Рэспублікі Башкартастан.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
