У Вільні святкуюць традыцыйныя Казюкі — свята і кірмаш народных майстроў, які ладзіцца ў Вільні з XVII стагоддзя ў дзень памяці святога Казіміра 4 сакавіка і ў найбліжэйшыя да яго выходныя дні.
Свята ў сталіцы Літвы пачалося 7 сакавіка і працягнецца ўсе выходныя.
Тэмай сёлетняга кірмашу з’яўляецца «Žaliasis virsmas» («Зялёная трансфармацыя»), таму акцэнт пастаўлены на тэмах устойлівага развіцця і адказнага спажывання, на ўнікальных адносінах чалавека з прыродай.
Пачаўся кірмаш у пятніцу шэсцем Казіміра ад плошчы Незалежнасці ў бок Саборнай плошчы, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё.

Святога Казіміра лічаць абаронцам рамеснікаў. Кірмаш раскінуўся на ўсім праспекце Гедыміна і прылеглых плошчах Лукішкі, Кудзіркі і вакол Кафедральнай плошчы.
Дзень Святога Казіміра адзначаецца таксама і ў Гродне 4 сакавіка, ён традыцыйна суправаджаўся кірмашом. Аднак апошнія некалькі гадоў гэтая падзея стала часткай святкавання Масленіцы.
Адзін з атрыбутаў свята — вярба-«пальмачка», якую рыхтуюць да Вербнай нядзелі католікі. «Пальмачкі» бываюць «гродзенскія» (плоскія, форма якіх сапраўды нагадвае форму пальмавай галінкі) і «віленскія» (круглыя, з больш багатай аздобай).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram