У суботу, 23 жніўня, у Варшаве адбудзецца гукавы перформанс Машы Мароз «Рунь».
Мастачка пакажа капсульную калекцыю жаночага адзення, заснаванага на этнічных касцюмах і рытуалах Палесся. Прэзентацыя праекта разгорнецца ў форме перформансу, які адсылае да касмаганічных міфаў.
Абапіраючыся на ўніверсальную форму карагода — кола адраджэння і гаення, — ён разважае пра рух жыцця па-за лінейным часам і паказвае стварэнне як вечнае разгортванне, касмічны рытм, які рэалізуецца ў «вечным цяпер».
Першабытны гукавы ландшафт выступу створаць хор «Спевы з-пад моста» і музыкантка Вікторыя Багдановіч.
Перформанс пройдзе ў 19.00 у прасторы «Kamień» (Wybrzeże Puckie 1, Варшава).

Праект «Рунь» — вынік шматгадовых этнасеміятычных даследаванняў беларускага архаізму, які дэканструюе міфапаэтычныя коды і сімвалы, пераасэнсоўваючы іх для сучаснага культурнага ландшафту.
Перформанс адбудзецца ў межах рэзідэнцыі мастачкі ў фундацыі «Краіна», якая будуе ў Варшаве супольнасць вакол моды, дызайну і мастацтва. Тут аўтарка працягвае даследаванне беларускай архаічнай культуры, факусуючыся на канцэптуальных кодах міфапаэтычнай карціны свету карэнных жыхароў Палесся – роднага для мастачкі рэгіёна.
З 24 па 26 жніўня з 15:00 – 18:00 – у Dom Mody Kraina (Pulawska 67) будзе працаваць экспазіцыя поп-апу, дзе можна будзе пазнаёміцца з працамі Masha Maroz Studio.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram